TRTRIM:SCRIPT@@@

Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №102

Падзеі

У Берасьці прыпыненая галадоўка ўладальнікаў маршрутных таксі. Удзельнікі галадоўкі ў Берасьці 17 жніўня прыпынілі акцыю пратэсту. Пра гэта паведаміла БелаПАН брэсцкая прадпрымальніца Любоў Лаўруковіч. Паводле яе слоў, гэта абумоўлена тым, што ў чацьвер удзельнікі галадоўкі здалі ў аблвыканкам усе неабходныя дакумэнты, якія 18 жніўня будуць накіраваны ў Мінск для разгляду

Ці сустрэўся Пуцін з Лукашэнкам? Сёньня ў Сочы завершыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС. Аляксандар Лукашэнка сумяшчаў удзел у саміце з адпачынкам на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора. Пра ягоныя двухбаковыя сустрэчы ў Сочы пакуль нічога не паведамляецца.

Стваральнікі БЗВ адзначаюць 15-годзьдзе арганізацыі. Cёньня ў сядзібе БНФ адбылася ўрачыстая канфэрэнцыя, прысьвечаная 15-ым угодкам утварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ). Дэмакратычна настроеныя афіцэры й вядомыя грамадзкія дзеячы стварылі арганізацыю на другі дзень пасьля абвяшчэньня ГКЧП, 20 жніўня 1991 году. Яны паставілі задачу дасягнуць незалежнасьці краіны і стварэньня беларускага войска.

Cупрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску распачалі крымінальную справу паводле інцыдэнту, які адбыўся на сядзібе партыі БНФ. 16 жніўня сябра партыі Натальля Дземянцей убачыла прымацаваны да дзьвярэй управы прадмет, падобны да выбуховага. Дзьверы й вокны былі запэцканы смалой, а побач – раскіданы ўлёткі зь лягатыпам незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства). Сапёры, выкліканыя на месца здарэньня, канстатавалі: невядомыя прымацавалі муляж бомбы.

РНЕ адмаўляе сваё дачыненьне да “мінаваньня” ўправы БНФ. Незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя РНЕ (“Расейскае нацыянальнае адзінства”) адмаўляе сваё дачыненьне да ўчорашняга здарэньня ў сядзібе партыі БНФ у Менску. Пра гэта гаворыцца ў заяве, дасланай сёньня па электроннай пошце на адрас кампаніі БелаПАН.

Дырэктар заводу ігнаруе незалежны прафсаюз. Дырэктар Магілёўскага заводу штучнага валакна Алег Буракоў адмовіўся сустракацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. У адказе на ліст прафсаюзных актывістаў ён зазначыў: у адміністрацыі няма падстаў для супрацоўніцтва зь незалежным прафсаюзам.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 17, 2006 // 12:41 | Каментары (0)


Затрыманні ў Дзень салідарнасці ў Віцебску

Сёння, як ужо сталася традыцыя, на Успенскай горцы ля крыжа сабралася моладзь каб запаліць свечкі ў знак салідарнасці. Аднак на гэты раз не ўсё абыйшлося добра — былі затрыманыя два студэнты-медыкі.

На месцы імпрэзы прысутнічалі тры міліцыянты і тры чалавекі ў цывільным. Людзі ў цывільным пілі піва, і пры гэтым адзін з іх здымаў на відэакамеру прысутных.

Моладзь без перашкод запаліла свечкі на знак салідарнасці. Калі згас апошні агенчык, і ўсе пашыбалвалі да хаты, следам рушылі і супрацоўнікі міліцыі. На вуліцы Леніна да групы моладзі пад'ехаў міліцэйскі аўтобус, з якога выйшлі супрацоўнікі міліцыі, і запатрабавалі ад двух хлопцаў прайсці з імі ў машыну. У астатніх пачалі правяраць дакументы і перапісаваць дадзеныя, спасылаюся на нейкае злачынства, якое быццам бы адбылося. Хвілін праз 15 былі адпушчаныя і затрыманыя юнакі.

Студэнты цяпер непакояцца, каб не было непрыемнасцяў па месцы вучобы, бо міліцыянты перапісалі іх дадзеныя.

[image]

[image]

[image]

Aug. 16, 2006 // 23:54 | Каментары (1)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №101

Падзеі

Удзельнікі галадоўкі ў Брэсце маюць намер 17 жніўня спыніць акцыю пратэсту. У гэты дзень у Мінск будуць накіраваныя дакументы, на падставе якіх кампетэнтныя інстанцыі зоймуцца вывучэннем сітуацыі. Галадоўка пачалася ў пачатку ліпеня. Уладальнікі маршрутных таксовак пратэставалі супраць спробаў спагнаць з іх падатак за аўтамабілі, якія былі ўвезеныя ў краіну яшчэ да прыняцця адпаведнага прэзідэнцкага ўказу. У выпадку, калі рашэнне будзе не на карысць галадоўнікаў, акцыя ў Брэсце распачнецца зноў.

Берасьце: стан здароўя Любові Разановіч крыху палепшыўся. Удзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі Любоў Разановіч па-ранейшаму праходзіць курс інтэнсіўнай тэрапіі ў Цэнтральным гарадзкім шпіталі Берасьця. Сёньня яна паведаміла, што адчувае сябе крыху лепш, хаця пасьля сухой галадоўкі марудна аднаўляюцца некаторыя функцыі арганізму.

Каля ўправы партыі БНФ у Мінску знайшлі муляж выбуховага прыстасавання. Каля гадзіны мінскія сапёры займаліся ліквідацыяй невядомага прыстасавання, якое нагадвала выбуховае. Яно было прымацаванае да дзвярэй Управы Партыі БНФ. Па факце выяўлення муляжу выбуховага прыстасавання распачатая крымінальная справа.

Больш за тры тыдні няма зьвестак пра перакладчыка Антона Тараса. У міліцыі заведзена крымінальная справа з факту зьнікненьня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Антона Тараса. Сваякі й калегі журналіста нагадваюць: у сакавіку Антон Тарас адсядзеў у турме як удзельнік падзеяў на Кастрычніцкай плошчы.

Сяргей Скрабец можа зьвярнуцца па амністыю. Былы кіраўнік дэпутацкай групы «Рэспубліка» у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец сёньня пачынае адлік другой паловы свайго зьняволеньня.

Факты

На Віцебскім камбінаце шаўковых тканінаў узнік скандал. Дырэктар прадпрыемства, якое не дае прыбытку, купіў сабе кватэру за 98 мільёнаў рублёў. Пры гэтым мінулы год камбінат завяршыў са стратамі ў 71 мільён рублёў. Дырэктар Уладзімір Несцярэнка кажа, што да ягонага пераезду ў Віцебск з Магілёва два гады таму прадпрыемства мела страты значна большыя — па 185 мільёна штомесяц. Кіраўніцтва канцэрну “Беллегпрам” падтрымала дырэктара камбінату.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 16, 2006 // 19:36 | Каментары (1)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №100

Падзеі

“Міжнародная амністыя” пачала акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Арганізацыя прапанавала падтрымаць асуджаных актывістаў “Партнёрства”. Праваабаронцы прапанавалі дасылаць лісты Мікалая Астрэйку і Цімафею Дранчуку ў турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Таксама арганізацыя дае адрасы адміністрацыі прэзідэнта, генеральнага пракурора, міністра ўнутраных справаў Беларусі. Мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі ў сваіх зваротах нагадаюць чыноўнікам пра абавязкі ў сферы правоў чалавека.

Кіраўнік Беларусі абмяркуе ў Сочы газавае пытаньне. Сёньня ў Сочы пачынае працу нефармальны саміт ЭўрАзЭС. У ім бярэ ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. На сустрэчы будуць абмеркаваны пытаньні фармаваньня мытнай прасторы й агульнага энэргетычнага рынку. Менавіта супрацоўніцтва ў паліўна-энэргетычнай сфэры зьяўляецца найбольш актуальным для беларускага кіраўніцтва, бо чакаецца павышэньне цэнаў на расейскі газ. У зьвязку з гэтым Аляксандар Лукашэнка нават скарыстаўся кароткачасовым адпачынкам.

Аўтуховіча і Лявонава адпраўляюць у калонію. Адвакаты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава падалі касацыйную скаргу на іх прысуд. Аднак адміністрацыя гарадзенскага следчага ізалятара намераная адправіць вязняў у калонію, не чакаючы прысуду абласнога суда.

Павал Севярынец адбыў палову тэрміну пакараньня. Роўна год таму асуджаны да абмежаваньня волі Павал Севярынец прыехаў у вёску Малое Сітна Полацкага раёну. Яна была вызначаная ўладамі як месца палітычнай ссылкі маладога палітыка. Такім чынам, Павал адпрацаваў на “хіміі” палову тэрміну і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Апошнім часам Павал працуе стропальшчыкам на лесаўчастку.

Факты

у Беларусі рыхтуецца дэнамінацыя рубля. Урад Беларусі і Нацыянальны банк пачалі падрыхтоўку да дэнамінацыі рубля. Змены павінны адбыцца ўвосень, паведамляе Інтэрнэт-сайт “Белорусский партизан”. Найбольш верагодны варыянт — змяншэнне кошту рубля на два нулі. Праўда, разглядаецца і варыянт трохнулёвай дэнамінацыі. Змяншэнне правядуць, каб зрабіць невідавочным скачок інфляцыі пасля павышэння коштаў на газ. Інфляцыя можа павысіцца на 25—30 адсоткаў. Гэта значыць, што да канца году 1 долар будзе роўны 3 тысячам рублёў.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 15, 2006 // 19:45 | Каментары (0)





@@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@ @@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@