TRTRIM:SCRIPT@@@

Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №106

Падзеі

У Берасьці загінуў літоўскі дыплямат Вітаўтас Пацюнас. У ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасьці загінуў літоўскі дыплямат, афіцэр бясьпекі, дарадца генэральнага консульства Літвы ў Горадні Вітаўтас Пацюнас. Берасьцейская абласная пракуратура праводзіць праверку па факце сьмерці дыплямата. Супрацоўнікі пракуратуры лічаць праўдападобным, што гэта быў няшчасны выпадак.

Наваполацкі суд адмовіўся прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці. Сёньня наваполацкія актывісты Валеры Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў атрымалі адказ зь мясцовага суду. Актывісты зьвярталіся туды са скаргай на дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму, які не дазволіў правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітвязьняў на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры.

АГП прапануе стварыць бібліятэку ў турме на Акрэсьціна. Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе стварыць бібліятэку ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна, дзе часта адбываюць пакараньні актывісты апазыцыі. У АГП заяўляюць, што гатовыя для пачатку перадаць туды каля тысячы кніг.

Факты

«У той вечар здавалася, што назад ніякага адыходу ня будзе». Роўна пятнаццаць год таму дэпутаты-дэмакраты Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня дамагліся пазачарговай сэсіі, якая мусіла прыдаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнай сілы. У той час дэпутаты знаходзіліся на летніх вакацыях, а іх трэба было сабраць у Авальнай залі, бо дэклярацыя набывала канстытуцыйную сілу толькі тады, калі за гэта прагаласуюць ня менш за дзьве траціны дэпутатаў. Зь некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў паразмаўляў наш карэспандэнт.

У Менску паменела індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёлета за першае паўгодзьдзе ў Менску зарэгістравалі каля тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў камітэт эканомікі Менскага гарвыканкаму. У той жа час ледзьве не ўтрая больш прадпрымальнікаў спынілі дзейнасьць.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org Выйшаў мультымэдыйны дыск “Open air revolution”. На дыску зьмешчаныя аўдыёзапісы, відэа і фота падзеяў часу прэзыдэнцкай кампаніі й «гарачага тыдня» 19–25 сакавіка. Ад 24 жніўня ахвотныя могуць бясплатна атрымаць мультымэдыйную кнігу праз сайт za-svabodu.org.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 23, 2006 // 12:34 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №105

Падзеі

Прысуд польскім актывістам: Пачобуту — 10 сутак, Яскевіча выпусьцілі. У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні закончыўся разгляд адміністрацыйнай справы двух актывістаў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якая рабіла сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў на вайсковых могілках. Гэта — артыкул 156 адміністрацыйнага кодэксу, што датычыць дробнага хуліганства. Андрэя Пачобута пакаралі арыштам, а адносна Мечыслава Яскевіча справа спынена.

У Вярхоўны суд накіравалі скаргу на Цэнтравыбаркам. Прадстаўнікі апазыцыі накіравалі ў Вярхоўны суд скаргу на неправамерныя дзеяньні Цэнтральнай выбарчай камісіі. У скарзе заяўнікі просяць Вярхоўны суд абавязаць ЦВК перагледзець вынікі сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў і прызначыць паўторныя выбары. Пад скаргай сабралі амаль 6 тысячаў подпісаў выбарцаў, а важаць усе паперы каля 8 кіляграмаў.

Апазыцыя рыхтуецца да мясцовых выбараў. Удзельнікі сёньняшняга пасяджэньня палітычнай рады аб’яднаных дэмсілаў назвалі сваёй галоўнай задачай на найбліжэйшы час абраньне дэмакратычна арыентаваных дэпутатаў у мясцовыя органы ўлады.

Факты

Тры чалавекі выпалі з вокнаў магілёўскай спецкамендатуры за ўчорашні дзень. Яны спрабавалі спусціцца па звязанай бялізне, каб набыць у краме прадукты харчавання. Нагадаем, умовы ўтрымання ў спецкамендатуры, дзе адбывае пакаранне малафронтавец Артур Фінькевіч, за выходныя набылі вельмі жорсткі характар. Маёр міліцыі, выконваючы абавязкі кіраўніка дадзенай установы Сяргей Кузькоў вельмі пільна сочыць за вязнямі: за апошнія дні нікога не пусцілі нават вынесці смецце. У выніку людзі пачалі спрабаваць патрапіць на волю праз вокны. Усе яны атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні і апынуліся ў лякарні.

Да месца разьмеркаваньня не даяжджае кожны пяты выпускнік-бюджэтнік. Ад канца 90-х гадоў студэнты-выпускнікі, якія навучаюцца коштам дзяржаўнага бюджэту, мусяць адпрацаваць год ці два паводле так званага разьмеркаваньня. У 2002 і 2003 гадах урад двойчы ўносіў папраўкі ў законы, якія рэгулююць пытаньні сфэры адукацыі. У выніку абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ня толькі засталося, але набыло новыя формы: у прыватнасьці, студэнты-бюджэтнікі, якія ня зьявяцца на месца разьмеркаваньня, абавязаныя кампэнсаваць дзяржаве кошт навучаньня.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 22, 2006 // 13:08 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №104

Падзеі

Вацлаў Гавал патрабуе вызваліць беларускіх палітзьняволеных. Міжнародная арганізацыя «Грамадзянская Беларусь» (са штабам у Празе) распаўсюдзіла зварот адносна лёсу сябраў арганізацыі «Партнэрства». Прыкметна, што Вацлаў Гавал і іншыя сябры арганізацыі зрабілі гэта ў гадавіну ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну.

Ярмошына лічыць скаргу каманды Мілінкевіча «палітычнай акцыяй». На думку старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, скарга, пададзеная ў Вярхоўны Суд прадстаўнікамі каманды Аляксандра Мілінкевіча датычна мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, «з'яўляецца палітычнай акцыяй і ня можа мець ніякіх юрыдычных наступстваў".

У Горадні пачалі судзіць Пачобута і Яскевіч. Сёньня ў Горадні пачаўся працэс па адміністрацыйнай справе супраць двух актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча. Іх абвінавачваюць у тым, што яны перашкаджалі працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якую складалі рэдактар Ўладзімер Лобан й апэратар Андрэй Бяляткі.

Берасьце: міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў моладзевага лягеру. У аўтобусе знаходзілася каля 30 актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, якія ехалі ў кірунку украінскага гораду Шацк, у ваколіцах якога на гэтым тыдні павінен быў пачаць працу моладзевы лягер.

Сяргей Тарасаў звольнены з Інстытуту гісторыі. Кандыдата гістарычных навук археоляга Сяргея Тарасава звольнілі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі з фармулёўкай «за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў". Частка калегаў навукоўца тлумачыць звальненьне грамадзянскай і навуковай пазыцыяй спадара Тарасава. Гэтак лічыць і сам звольнены.

Факты

Яшчэ некалькім дзясяткам турфірмаў пагражае адабраньне ліцэнзіяў. Сёньня Міністэрства спорту і турызму спыніла прыём справаздачаў ад турыстычных фірмаў пра колькасьць замежнікаў, якіх удалося завабіць у Беларусь. Паводле папярэдніх зьвестак, ад пяці соцень юрыдычных і фізычных асобаў, што маюць ліцэнзіі, каля сотні турапэратараў нічым завабіць іншаземцаў ня здолелі – за што ўрэшце і будуць пазбаўленыя права займацца ранейшай дзейнасьцю.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 21, 2006 // 12:53 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №103

Падзеі

Улады спрабуюць зьліквідаваць структуры ПКБ. Партыя камуністаў (Беларуская), якую ачольвае Сяргей Калякін, аказалася пад пагрозай закрыцьця. З упраўленьня юстыцыі Менскага гарвыканкаму прыйшло паведамленьне пра ліквідацыю сталічных філіяў партыі. Адсутнасьць у Менску зарэгістраваных суполак дазваляе ў рамках закону зьліквідаваць усю партыю.

У рэгіёнах чыняць ціск на сяброў СПБ на чале з А.Борыс. Кіраўніцтва не прызнаванага афіцыйным Менскам кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі заяўляе аб тым, што ў розных рэгіёнах Беларусі пачаўся ціск на сяброў Галоўнай рады СПБ – на заўтра ў Горадні прызначана паседжаньне гэтага органу, які кіруе арганізацыяй паміж зьездамі.

Гарадзенцаў высяляюць з Новага Сьвету. У Горадні гэтымі днямі жыхароў прыватных дамоў побач з цэнтрам прымусам перасяляюць у спальны раён у шматпавярховы дом. Улады пачынаюць руйнаваць квартал прыватнай забудовы, які называецца Новым Cьветам. Учора адбылося паседжаньне грамадзкага прэс-клюбу, на якім некаторыя гарадзенскія гісторыкі спрабавалі прыцягнуць увагу людзей да разбурэньня гістарычнай забудовы.

Факты

Цана на газ для Беларусі падвысіцца ўтрая. Пасьля саміту ў Сочы лідэраў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС – расейскі “Газпром” дэманструе непахіснасьць сваёй пазыцыі адносна падвышэньня цэнаў на газ для Беларусі. “Газпром” нагадвае, што цана на газ для Беларусі падвысіцца ўтрая, а, магчыма, і – больш.

Камунальныя плацяжы істотна вырастуць. Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Уладзімер Сямашка прагназуе рост платы за камунальныя паслугі. Выступаючы на паседжаньні нацыянальнага Савету па працоўных і сацыяльных пытаньнях, Сямашка сказаў, што паводле разьлікаў спэцыялістаў, калі цана на газ падвысіцца да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, камунальныя плацяжы за двухпакаёвую кватэру, у якой пражывае сям'я з чатырох чалавек, вырастуць прыкладна на 35 даляраў.

Пінскі гарсавет адзіны ў Беларусі асудзіў у 91-м путч. Пінск быў адзіным горадам у Беларусі, а, магчыма, і ва ўсім тагачасным СССР, дзе гарадзкі савет у часе надзвычайнай сэсіі ўхваліў заяву, у якой путч 19 жніўня 1991 году асуджаўся і быў названы антыканстытуцыйным.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 18, 2006 // 12:51 | Каментары (0)





@@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@ @@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@