Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны выбараў. Віцебск №011

Падзеі

Валерыю Шчукіну далі 7 сутак “за нецэнзурную лаянку” і джынсы. Судзьдзя Першамайскага райсуду В. Ільлюшонак вынесла пастанову пра пакараньне вядомага праваабаронцы і журналіста “Народнай Волі”, грунтуючыся на заявах дзьвюх чыноўніц. Спн. Шубіна, старшыня выбарчай камісіі№ 52, заявіла пра тое, што Валеры Шчукін, аформлены на ейным участку назіральнікам, лаяўся нецэнзурнымі словамі на сябраў камісіі. Праўда, не знайшлося ніводнага сьведкі, якія маглі б пацьвердзіць тое, што ён брыдкасловіў. Спн. Гулідава, прадстаўніца адміністрацыі Цэнтру эстэтычнага разьвіцьця “Маладзік”, у памяшканьні якога месьціца выбарчы ўчастак, напісала ў другой заяве, што спадар Шчукін неахайна выглядае, і абражае гэтым эстэтычныя пачуцьці наведнікаў. Асабліва ёй не спадабаліся джынсы, але вялікай ролі на судзе гэта ўжо не адыграла.

Цытаты

Павал Левінаў,праваабаронца, прысутны на судзе В.Шчукіна: “ У яго быў зьнешні выгляд дакладна такі самы, як сёньня ў судзе: джынсы, кашуля, сьпінжак, зьверху—куртка, на нагах – абутак. На мой погляд, нармальны зьнешні выгляд. А вось на Гулідавай, немаладой ужо кабеце, былі шчыльныя скураныя нагавіцы, і ў такім выглядзе яна не бянтэжыцца хадзіць на працу ў дзіцячую ўстанову”.

Людзі

Адразу 3 пратаколы склалі міліцыянты на агітатара Сяргея Парсюкевіча. У ягонай машыне знайшлі каляндарыкі з партрэтам Мілінкевіча і налепкі “Я за свабоду”. Заўтра С.Парсюкевіча будуць судзіць за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі ў момант затрыманьня і за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. А 29-га сакавіка ён мусіць паўстаць перад раённай адміністрацыйнай камісіяй і распавесьці, што ён рабіў, або зьбіраўся рабіць з налепкамі.

===Факты=== Кожны дзень у Віцебску, Полацку й Наваполацку зьяўляюцца усё новыя надпісы “Дастаў!” і “Хочам новага!” Іх можна ўбачыць на платах, слупах і сьценах дамоў. Актывісты “Зубру” распаўсюджваюць улёткі й налепкт з такім самым лёзунгам. Прыглядайцеся ўважліва! “Зуброўцы” заклікаюць натхняцца і далучацца да кампаніі.

Абвесткі

Незалежная назіральнікі зафіксавалі масавыя парушэньні ў часе выбарчай кампаніі. Пра факты, зафіксаваныя на Віцебшчыне, а таксама ў іншых абласьцёх, можна прачытаць на http://www.elections2006.ws/

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 16, 2006 // 17:09 | Каментары (0)


Навіны выбараў. Віцебск №010

Падзеі

Кіраўніка аршанскай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча асудзілі на 7 сутак арышту. Ён пакараны за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу – такім чынам міліцыянты кваліфікавалі сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам, якая праходзіла 24-га сакавіка ў Цэнтральным парку. Судовая пастанова Васілю Леўчанкаву была вынесеная ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасьці: 14.03 у 18.00 суддзя Аршанскага гарсуду Сяргей Бурко абвясьціў перапынак распачатага судовага працэсу да наступнай раніцы. Аднак ўраньні судзьдзя паведаміў назіральнікам АБСЭ і мясцовым актывістам, якія прыйшлі падтрымаць Васіля Леўчанкава, што пастанова ўжо вынесеная.

Цытаты

Алег Граблеўскі, юрыст-праваабаронца з Воршы, пра суд над Леўчанкавым: “Такога ў маёй юрыдычнай практыцы яшчэ не было! Такога не было нават у 1937-м годзе! Судзьдзя сказаў так: “Ну, вы разумееце, якая сытуацыя ў краіне! Мне патэлефанавалі, і я быў вымушаны пісаць пастанову”.

Людзі

Моладзевы лідар Віталь Броўка трапіў пад арышт паводле абвінавачаньня невядомых асобаў. Міліцыянты, якія яго затрымалі ў ноч на 15-га сакавіка на вул.Смаленскай, паказалі ў Кастрычніцкім райсудзе, што нейкія мужчына і жынчына, чыіх прозьвішчаў яны ня ведаюць і як выглядалі, ня памятаюць, паскардзіліся, на Броўку, нібыта ён лаяўся, брыдкасловіў і махаў рукамі. Самі міліцыянты таго ня чулі, але на падставе сьведчаньняў нявысьветленых асобаў Віталя Броўку пасадзілі на сем сутак. Ягоны сябра Дзяніс Дзянісаў пэўны, што за кватэрай – офісам маладых актывістаў міліцыянты сачылі напярэдадні чацьвёра сутак.

Факты

З усіх затрыманых віцебскіх апазыцыянэраў толькі Валерыю Шчукіну пакуль удалося застацца на волі. Вядомага праваабаронцу і журналіста “Народнай волі” прывезьлі ў Першмайскі раённы суд з выбарчага ўчастку №52, дзе ён быў назіральнікам. Пазнаёміўшыся ў судзе з міліцэйскім пратаколам, спадар Шчукін высьветліў, што яго вінавацяць у хуліганстве: нібыта ён брыдкасловіў у прысутнасьці выбарцаў і сябраў камісіі Свае віныён не прызнаў. Зрэшты, пакуль не знайшлося й сьведкаў, якія маглі б пацьвердзіць тое, што апазыцыянэр брыдкасловіў у часе назіраньня. Суд будзе працягнуты заўтра, а пакуль Шчукіна адпусьцілі дахаты.

Абвесткі

Не забывайцеся, што гэтыя матэрыялы падрыхтаваныя ня толькі для чытаньня, але і для распаўсюду! Раздрукуйце і раздавайце! Няхай праўду ведаюць як мага больш вашых землякоў!

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 15, 2006 // 22:52 | Каментары (0)


Навіны выбараў. Віцебск №009

Падзеі

Кіраўніка аршанскай ініцыятыўнай групы Казуліна асудзілі на 7 сутак арышту. У Аршанскі гарадзкі суд Васіля Берасьнева даставілі за арганізацыю 11-га сакавіка несанкцыянаванага мітынгу з удзелам кандыдата на прэзыдэнты А.Казуліна, — прынамсі, так міліцыянты патлумачылі сваякам ягонае ўчорашняе затрыманьне. Але пакараньне актывіст атрымаў зусім за іншае – за абразу супрацоўнікаў гарвыканкаму: нібыта сп. Берасьнеў “намерана сказіў прозьвішча намесьніка старшыні гарадзкой выбарчай камісіі А.Казлова”, што пацьвердзіў загадчык ідэалягічнага адзелу Л.Фурс. Іншых сьведкаў у суд не пусьцілі.

Цытаты

З юрыдычнага пункту погляду тое, што адбылося ў аршанскім судзе, выглядае як змова двух службовых асоб з мэтаю незаконна прыцягнуць да адказнасьці чалавека, які займаецца палітычнай дзейнасьцю ў Воршы напярэдадні выбараў. Алег Граблеўскі, юрыст-праваабаронца з Воршы.

Людзі

Жыхарка Віцебску Ганна Кастэнка пэўная, што стала сьведкай фальсыфікацыі вынікаў выбараў. У ейнай прысутнасьці юрысконсульт Кастрычніцкага райвыканкаму тэлефанавала на выбарчыя ўчасткі і запытвала пра агульную колькасьць выбарцаў, пра колькасьць прагаласаваўшых (хаця 13-га сакавіка нават датэрміновае галасаваньне яшчэ не пачыналася), а таксама пра колькасьць галасоў за нейкага “кандыдата Пятрова”. Спн.Кастэнка лічыць, што, хто б ні быў “кандыдат Пятроў”, відавочна парушаецца выбарчае заканадаўства, а таму па заўважаным ёй факце накіраваная скарга ў ЦВК, хаця раённая выбарчая камісія не пацьвердзіла, што маюць месца нейкія фальсыфікацыі.

Факты

Газэта “Віцебскі рабочы” пачала штонумар друкаваць матэрыялы пра кандыдатаў. Прычым зьмест гэтых матэрыялаў адпавядае назвам: “Осторожно: Козулин!”,”Программа Милинкевича : курс в никуда”.Назвы і зьмест артыкулаў, прысьвечаных А.Лукашэнку, ёсьць проста люстэркавым адлюстраваньнем: “Только б жизн сделать лучше” і “Хорошее – на виду”. І толькі пра С.Гайдукевіча пакуль не надрукавана нічога ўвогуле.

Абвесткі

Працуе “гарачая лінія” для тых, каго прымушаюць галасаваць датэрмінова. Студэнтаў віцебскіх ВНУ, насельнікаў інтэрнатаў і працоўных прадпрыемстваў, якіх кіраўніцтва будзе гвалтам гнаць на выбарчыя ўчасткі, арганізатары просяць тэлефанаваць 8–029–259 82 62 або пераслыць інфармацыю на vibori2006@list.ru

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 14, 2006 // 22:00 | Каментары (0)


Навіны выбараў. Віцебск №008

Падзеі

Рэктар Полацкага дзяржунівэрсытэту загадаў вынесьці вымову і пазбавіць прэміі за сакавік выкладчыка катэдры інфармацыйных тэхналёгіяў Аляксея Кавалёва, які распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы Мілінкевіча. Падчас распаўсюду А. Кавалёва затрымала ўнівэрсытэцкая ахова падчас распаўсюду, і фармальна выкладчык пакараны “за парушэньне працоўнай дысцыпліны”. Вымова таксама вынесена загадчыку катэдры Аркадзю Оськіну — за тое, што “не забясьпечыў захаваньня працоўнай дысцыпліны сярод падначаленых.”

Цытаты

“У Лукашэнкі вобраз дабрадзея, то бок чалавека, які ўсё ведае, усё ўмее, усё можа і ўсімі апякуецца. Мілінкевіч, безумоўна, іграе ролю апазыцыянэра, хоць ён часта пазьбягае гэтага слова. Што тычыцца Казуліна, то ў яго абсалютна пэрсанальная выбарчая кампанія. Ён іграе самага сябе. У яго атрымаўся такі вельмі забаўны кактэйль з прафэсара і марскога пехацінца, дзе марпех відавочна пераважае над прафэсарам. У гэтым сэнсе ён мне вельмі нагадвае Лукашэнку ў 1994 годзе". Сьвятлана Навумава, палітоляг

Людзі

Моладзевы лідар Павал Севярынец, які “за арганізацыю вулічных беспарадкаў” адбывае “хімію” на лесапавале ў Полацкім раёне, пасьля працы агітуе за Мілінкевіча. Ён мае пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата, і хаця адміністрацыя калёніі забараніла яму займацца агітацыяй, “палітхімік” пасьля працы разносіць па хатах улёткі й наладжвае зь вяскоўцамі гутаркі на палітычныя тэмы. Паводле сп. Севярынца, нават у лясной вёсцы Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне, назіраецца палітычнае напружаньне ў людзей і прыкметнае хваляваньне ўладаў.

Факты

Колькасьць самазабойстваў на Віцебшчыне на 40% вышэйшая, чымсьці па ўсёй Беларусі: 44,1 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. 72% самазабойцаў былі працаздольнага ўзросту, а мужчын ва ўзросьце да 24-х гадоў спаміж іх было ў 20 разоў болей чымсьці дзяўчат. Чым не сацыялягічная загадка для БРСМу? (паводле газэты “Віцебскі кур”ер”)

Абвесткі

LiveJournal дапаможа знайсьці жытло ў Менску на 19-га сакавіка. Праз інтэрнэт (community.livejournal.com/kvartira19) можна прапанаваць месца на начоўку прыезжым або папрасіць дапамогі ў жыхароў Менску, ахвотных здаць жытло на час прэзыдэнцкіх выбараў.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 13, 2006 // 23:30 | Каментары (0)