Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Падзеі 21-22 сакавіка. Суд

Аляксея Гаўруцікава, актывіста штабу Мілінкевіча, міліцыянты затрымалі на падыходзе да Плошчы Свабоды, дзе а 19-й вечара распачалася акцыя пратэсту. Каля Летняга амфітэатру, як і ў мінулыя два дні, сабралася каля 100 прыхільнікаў апазыцыі.

Людзі сьпявалі песьні пад гітару, калі да іх пачалі падыходзіць міліцыянты з патрабаваньнем сядаць у міліцэйскія машыны. 15 чалавек у машыны зацягнулі гвалтам і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, нягледзячы на супраціў усіх астатніх, хто вырашыў заставацца на плошчы яшчэ некалькі гадзінаў.

[ "Артыкул поўнасьцю і фота" ]

Сак. 23, 2006 // 15:00 | Каментары (0)


У Віцебску прайшла акцыя супраць фальсіфікацыі выбараў

Сёння на пляцоўцы каля амфітэатра (празванай ужо Віцебскім Майданам) сабралося болей за 100 чалавек. Плошча Свабоды заставалася перакрытай тэхнікай.

Маёр Шаховіч угаворвае сабраўшыхся разыйсціся. Але маніфестанты змаглі давесці, што нічога не парушаюць.

[image]

Каб сагрэцца сабраўшыяся гуляюць у «ручаёк».

[image]

А цяпер у «жмуркі". Адной дзяўчынай быў нават злоўлены міліцыянт. Але «вадзіць» чамусьці не стаў.

[image]

Натоўп стаіць блізка да праезжай часткі. Усё болей і болей аўтамабілістаў стараюцца падтрымаць маніфестантаў клаксонамі.

[image]

Сак. 20, 2006 // 23:10 | Каментары (18)


Навіны выбараў. Віцебск №013

Падзеі

155 тысяч штрафу далі назіральніку з Гарадка Леаніду Гарвому. Скаргу на яго напісала старшыня выбарчай камісіі спн. Палянічка. Ёй не спадабалася, што назіральнік Гаравы фатаграфуе факты парушэньняў на выбарчым участку, запісвае камэнтары на дыктафон і час ад часу ходзіць па памяшканьні, не жадаючы стала сядзець на пастаўленым для яго крэсьле. Гарадоцкі раённы суд падтрымаў толькі апошнюю ейную прэтэнзію, пакараўшы Леаніда Гаравога за тое, што ён падыходзіў да стала з дакумэнтамі, пакуль за ім не было сябраў камісіі. А фатаграфаваць і запісваць нешта на дыктафон назіральнікі, як высьветлілася, маюць поўнае права. Можа, варта скарыстацца?

Цытаты

Асьцярожна! Па вас таксама могуць прыехаць! “Ва ўчастковую камісію могуць зьвярнуцца і суседзі выбарца, які, да прыкладу, з прычыны нездароўя ня можа прыйсьці галасаваць на ўчастак, каб ад імя гэтага чалавека папрасіць прыехаць да яго на дом”. Газэта “Віцьбічы” ад 18.03.2006 г.

Людзі

Маці і жонкі арыштаваных апазыцыянэраў склалі зварот да кіраўнікоў усіх дзяржаў і парлямэнтаў. Напярэдадні 19-га сакавіка яны напісалі : “Зьвяртаючыся да вас, мы заяўляем, што далейшыя загады і распараджэньні Лукашэнкі могуць прывесьці да непапраўнай трагедыі. Імкнучыся ўтрымаць уладу, ён хоча адабраць у нас самае дарагое – жыцьці нашых дзяцей і мужоў”. Пад гэтымі словамі падпісаліся і прадстаўніцы Віцебшчыны: Натальля Смолікава (жонка Кастуся Смолікава, асуджанага на 4 сутак), Яўгенія Берасьнева і Ганна Леўчанкава (жонкі Васіля Берасьнева і Васіля Леўчанкава, асуджаных на 7 сутак кіраўнікоў аршанскіх штабоў Казуліна і Мілінкевіча), Тацьцяна Севярынец, маці палітвязьня Паўла Севярынца, асуджанага на 2,5 гады “хіміі” ды інш.

Факты

З Віцебскага медычнага ўніверсітэту паступілі зьвесткі, пра тое, што некалькі дзесяткаў студэнтаў, актывістаў БРСМу, увайшлі ў “групу супраціву”, якая мусіць паехаць 19-га сакавіка ў Менск, каб абараняць Лукашэнку. Маладых людзей нават здымалі з заняткаў на адмысловыя трэніроўкі. Кажуць, што ў гэтую групу ўваходзіць і сын былога рэктара Аляксандра Косінца, які нядаўна атрымаў падвышэньне – зрабіўся віцэ-прэм”ерам і пераехаў у Менск.

Абвесткі

Каб выказаць сваю грамадзкую пазыцыю, неабавязкова ехаць у Менск! Прыходзьце ўвечары 19-га сакавіка на Плошчу Свабоды ў Віцебску. Месца і час на глядзіце нашым сайце заўтра ў 10.00

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 18, 2006 // 01:30 | Каментары (0)


Навіны выбараў. Віцебск №012

Падзеі

На Віцебшчыне за сёньняшні дзень затрымалі трох прыхільнікаў Мілінкевіча. У 11 раніцы міліцыянты затрымалі сябра ініцыятыўнай групы кандыдата, старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава. Праз колькі часу ў Чыгуначным раённым судзе вынесьлі пастанову: пакараць сп.Смолікава чатырма суткамі арышту “за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”. Па абедзе ў райцэнтры Гарадок, проста на выбарчым участку, быў затрыманы тамтэйшы назіральнік, дэпутат райсавету і журналіст газэты “Віцебскі кур”ер” Леанід Гаравы. Заўтра яго будуць судзіць за тое, што ён нібыта замінаў працы выбарчай камісіі. У 22.40 супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскага штабу Мілінкевіча. Сп.Жаляпава папрасілі праехаць ва ўправу ДАІ, і з таго часу ягоны мабільны тэлефон не адказвае.

Цытаты

Старшыня раённай выбарчай камісіі з Глыбокага крытыкуе мясцовую актывістку Юлію Буку: “ Ты на сэмінары ў Польшчу ездзіла, там радзіму сваю прадала! А потым тут кампутар купіла!”

Людзі

Рабочыя віцебскага домабудаўнічага камбіната вырашылі выкрыць свайго дырэктара, і распаўсюдзілі копію загада пра падрыхтоўку да выбараў. У загадзе наўпрост гаворыцца пра тое, што можна лічыць безумоўнымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства: пра неабходнасьць пасылаць рабочых на датэрміновае галасаваньне ў працоўны час, пра прымусовае датэрміновае галасаваньне насельнікаў інтэрнатаў і, нарэшце, пра абавязковую агітацыю за “дзейнага прэзыдэнта А. Лукашэнку”. Копія загаду разьмешчана ў Інтэрнэце:

Факты

Сябры адной з выбарчых камісій прапаноўвалі жыхарам вуліцы Цітова адвезьці іх на датэрміновае галасаваньне, а потым прывезьці назад. Пра гэта распавёў жыхар дому №142, да якога ў кватэру завіталі дзьве жанчыны –агітатаркі з гімназіі №4. Яна сказалі, што завязуць на ўчастак ўсіх ахвотных, бо там надта малы працэнт яўкі. Па тэлефоне сябры камісіі пацвердзілі, што вазілі выбарцаў—але толькі старых і нямоглых, якія чамусьці выказалі жаданьне прагаласаваць менавіта 16-га сакавіка, і менавіта на выбарчым участку, а не 19-га ў сябе дома, калі да іх прыедуць сябры камісіі са скрыняй. Пра дзіўную мясцовую ініцыятыву складзеная скарга ў Цэнтарвыбаркам.

Абвесткі На Віцебскім чыгуначным вакзале паведамляюць, што на цягнікі да Менску на 19-га сакавіка білетаў няма. Гэта інфармацыя для роздуму тым, хто хоча зьехаць. А тыя, хто вырашыў застацца, могуць праверыць, ці не падманвае даведачная служба: прыйсьці на вакзал у 6.47, і паглядзець, ці ня пойдзе цягнік “Віцебск-Менск” пустым.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Сак. 17, 2006 // 20:28 | Каментары (0)