Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №100

Падзеі

“Міжнародная амністыя” пачала акцыю ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Арганізацыя прапанавала падтрымаць асуджаных актывістаў “Партнёрства”. Праваабаронцы прапанавалі дасылаць лісты Мікалая Астрэйку і Цімафею Дранчуку ў турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Таксама арганізацыя дае адрасы адміністрацыі прэзідэнта, генеральнага пракурора, міністра ўнутраных справаў Беларусі. Мяркуецца, што ўдзельнікі акцыі ў сваіх зваротах нагадаюць чыноўнікам пра абавязкі ў сферы правоў чалавека.

Кіраўнік Беларусі абмяркуе ў Сочы газавае пытаньне. Сёньня ў Сочы пачынае працу нефармальны саміт ЭўрАзЭС. У ім бярэ ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. На сустрэчы будуць абмеркаваны пытаньні фармаваньня мытнай прасторы й агульнага энэргетычнага рынку. Менавіта супрацоўніцтва ў паліўна-энэргетычнай сфэры зьяўляецца найбольш актуальным для беларускага кіраўніцтва, бо чакаецца павышэньне цэнаў на расейскі газ. У зьвязку з гэтым Аляксандар Лукашэнка нават скарыстаўся кароткачасовым адпачынкам.

Аўтуховіча і Лявонава адпраўляюць у калонію. Адвакаты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава падалі касацыйную скаргу на іх прысуд. Аднак адміністрацыя гарадзенскага следчага ізалятара намераная адправіць вязняў у калонію, не чакаючы прысуду абласнога суда.

Павал Севярынец адбыў палову тэрміну пакараньня. Роўна год таму асуджаны да абмежаваньня волі Павал Севярынец прыехаў у вёску Малое Сітна Полацкага раёну. Яна была вызначаная ўладамі як месца палітычнай ссылкі маладога палітыка. Такім чынам, Павал адпрацаваў на “хіміі” палову тэрміну і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Апошнім часам Павал працуе стропальшчыкам на лесаўчастку.

Факты

у Беларусі рыхтуецца дэнамінацыя рубля. Урад Беларусі і Нацыянальны банк пачалі падрыхтоўку да дэнамінацыі рубля. Змены павінны адбыцца ўвосень, паведамляе Інтэрнэт-сайт “Белорусский партизан”. Найбольш верагодны варыянт — змяншэнне кошту рубля на два нулі. Праўда, разглядаецца і варыянт трохнулёвай дэнамінацыі. Змяншэнне правядуць, каб зрабіць невідавочным скачок інфляцыі пасля павышэння коштаў на газ. Інфляцыя можа павысіцца на 25—30 адсоткаў. Гэта значыць, што да канца году 1 долар будзе роўны 3 тысячам рублёў.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 15, 2006 // 19:45 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №099

Падзеі

Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ заявіла, што бліжэйшым часам магчымы рэферэндум пра аб’яднанне з Расіяй. Партыя заклікала не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. У заяве, прынятай на сойме партыі гаворыцца пра небяспеку гэтай выбарчай кампаніі. Менавіта на ёй можа быць абвешчаны інкарпаратыўны рэферэндум. Кансерватыўна-хрысціянская партыя заклікала ў дзень галасавання ісці не на выбарчыя ўчасткі, а на вуліцы і плошчы для пратэсту. Рэжым не хавае, што рыхтуе рэферэндум па стварэнні так званай «саюзнай дзяржавы», па прыняцці так званага «канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы». То бок фактычна — па ліквідацыі суверэннага статусу Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмсілаў рыхтуецца да выбараў. Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў. Адно з галоўных пытаньняў, якія на ім абмяркоўваліся, – падрыхтоўка да мясцовых выбараў. Нацыянальны камітэт яшчэ раз пацьвердзіў сваю гатовасьць дапамагчы дэмакратычным кандыдатам на мясцовых выбарах. Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзькі, мяркуецца распрацаваць сем рэгіянальных праграм разьвіцьця.

Берасьце: cтан здароўя Любові Разановіч лепшае. Удзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі Любоў Разановіч у Цэнтральным гарадзкім шпіталі Берасьця ўжо шосты дзень праходзіць курс інтэнсіўнай тэрапіі. У інтэрвію нашаму Радыё сёньня яна паведаміла, што стан здароўя зь цяжкага ўзьняўся да ўзроўню сярэдняй ступені цяжкасьці. Аднак пасьля сухой галадоўкі марудна аднаўляюцца некаторыя функцыі арганізму. Штодня спадарыня Разановіч ляжыць пад кропельніцай.

Казулін будзе перапісваць 150 старонак тэксту ад рукі. Палітвязню Аляксандру Казуліну прапанавалі перапісаць судовы пратакол ад рукі. Суд Маскоўскага раёну адмовіўся даць яму і яго адвакатам ксеракопіі пратаколаў. Пратаколы паседжанняў займаюць каля 150 старонак машынапіснага тэксту. Экс-кандыдат на прэзідэнта і яго абаронцы хадайнічалі пра атрыманне іх копіяў і копіяў відэазапісаў, далучаных да справы. Суддзя Тамара Ўнукевіч у сваім адказе не патлумачыла прычынаў адмовы.

МЗС Славаччыны патрабуе вызваліць актывістаў «Партнэрства». Міністэрства замежных спраў Славаччыны сёньня выступіла з адмысловай заявай з нагоды прысуду актывістам «Партнэрства», у якой патрабуе вызваліць усіх асуджаных актывістаў. Нагадаем, што на гэтым тыдні з такімі заявамі ўжо выступілі ЗША і Эўразьвяз.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Крс. 26, 4380 // 11:55 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №098

Падзеі

ЭЗ патрабуе неадкладна вызваліць сябраў «Партнэрства» і А.Казуліна. Як паведамілі сёньня ў Радзе Эўразьвязу, прэзыдэнцтва гэтай арганізацыі прыняло адмысловую дэклярацыю ў зьвязку з прысудам чатырох сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” – Мікалая Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука. Акрамя сябраў Эўразьвязу, да дэклярацыі таксама далучыліся Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Баўгарыя, Румынія, Турэччына, Харватыя, Македонія, Альбанія, Чарнагорыя, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія, Украіна і Малдова.

Дэпутат гарсавету А.Чыгір звольнены з працы. Управа адукацыі Бабруйскага гарвыканкаму не падоўжыла працоўнага кантракту з апазыцыйным дэпутатам Бабруйскага гарсавету Алесем Чыгіром. Фармальнай падставай для спыненьня працоўных адносінаў стала сканчэньне тэрміну дзеяньня кантракту. За трынаццацігадовую настаўніцкую кар’еру Алесь Чыгір ня меў парушэньняў працоўнай дысцыпліны. У агульнаадукацыйных бабруйскіх школах ён выкладаў гісторыю. У 2003 годзе, дзякуючы падтрымцы бацькоў вучняў, Алеся Чыгіра абралі дэпутатам Бабруйскага гарсавету.

У Пінску канфіскавалі 261 асобнік “Народнай волі”. У Пінску за распаўсюд газэты “Народная воля” сёньня быў затрыманы актывіст дэмакратычнага руху Аляксандр Рамановіч. Каля трох гадзін ён правёў у міліцэйскім пастарунку. Як паведаміў ”Свабодзе” спадар Рамановіч, на яго быў складзены пратакол і канфіскаваны 261 асобнік “Народнай волі”. Актывіст лічыць гэтыя дзеяньні пінскай міліцыі незаконнымі.

Наваполацкія актывісты зьвярнуліся ў суд. Сёньня наваполацкія актывісты Валеры Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў зьвярнуліся ў суд са скаргай на дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму. Нагодай таму стала адмова гарадзкіх уладаў дазволіць правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітычных вязьняў, якія актывісты зьбіраліся ладзіць штодня з 26 красавіка да 26 чэрвеня на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры.

Факты

Беларускія цукеркі “Тэатральныя” і “Чырвоны каптурок” страцілі права экспарту ў Расію. Расійскія вытворцы зарэгістравалі ў сябе адпаведны патэнт. Расіяне настойваюць, што папулярныя савецкія брэнды належаць ім, і пагражаюць вялікімі штрафамі. Нашыя ж вытворцы лічаць, што гэта — агульная спадчына. Канцэрн “Белдзяржхарчпрам” за першую палову гэтага году ўжо зазнаў вялікія выдаткі на забароне.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 11, 2006 // 18:53 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №097

Падзеі

Любоў Разановіч выходзіць з галадоўкі. Сёньня – другія суткі, як у Цэнтральным гарадзкім шпіталі Берасьця праходзіць курс інтэнсіўнай тэрапіі ўдзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі Любоў Разановіч. Пасьля сухой галадоўкі пакуль не аднаўляюцца некаторыя функцыі арганізму. У сваю чаргу, загадчык тэрапэўтычнага аддзяленьня гарадзкога шпіталю ў Берасьці Ўладзімер Сварцэвіч вызначае стан здароўя Любові Разановіч – як сярэдняй цяжкасьці.

Пракуратура Менску дала адказ на заяву Аляксандра Казуліна. У заяве, дасланай у пракуратуру Менску, зьняволены экс-кандыдат на прэзыдэнта Беларусі інфармаваў пра незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьняў у часе выбарчай кампаніі й патрабаваў зрабіць захады да пракурорскага рэагаваньня. Пракурор Менску Мікалай Кулік у адказе спадару Казуліну адмовіўся заводзіць з гэтых фактаў крымінальныя справы.

У Залінейным раёне Барысава, нядаўна падтоплены залевамі, пачалі класці асфальт. Праўда, у некаторых месцах робяць гэта спехам — нават шчэбень не падсыпаюць. Барысаўчане кажуць, што гэта робіцца напаказ для прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, які наведвае горад. Нагадаем, у нядзелю група жыхароў Барысава перакрыла чыгунку, патрабуючы вырашыць праблему з падтапленнем двароў. Цяпер да многіх з іх наведваюцца міліцыянеры з Мінску.

У Баранавічах пачаліся суды за правядзенне ў ліпені несанкцыянаванай акцыі, прысвечанай Дню салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і сем’ямі зніклых палітыкаў. Тады, 16 ліпеня, маладыя людзі выйшлі да помніка Леніну ў Баранавічах з партрэтамі Зміцера Завадскага, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Пяць хвілін доўжылася гэтая акцыя, таму што адразу на плошчу прыехалі міліцыянты, забралі пратэстуючых і даставілі іх у аддзел унутраных справаў, дзе на іх былі складзены пратаколы. І вось 8, 9 і 10 жніўня адбыліся суды над тымі, хто выходзіў на плошчу.

Факты

Два ўраджэнцы Беларусі загінулі ў падбітым ліванцамі ізраільскім танку. У Ліване загінулі два ўраджэнцы Беларусі. Абодва з’ехалі з нашай краіны 10 гадоў таму. Давіду Шамідаву было 25 гадоў, Ігару Каваліку – 26. У танк, дзе яны знаходзіліся, патрапіла супрацьтанкавая ракета. Ігара Каваліка выклікалі на вайсковыя зборы літаральна за некалькі дзён да здарэння. Давід не дажыў адзін дзень да здзяйснення сваёй мары. Сёння яму затэлефанавалі дадому і паведамілі, што ён прыняты на архітэктурны факультэт школы мастацтваў.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 10, 2006 // 19:20 | Каментары (0)