Y:Y:TRIM:SCRIPT@@@

Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №104

Падзеі

Вацлаў Гавал патрабуе вызваліць беларускіх палітзьняволеных. Міжнародная арганізацыя «Грамадзянская Беларусь» (са штабам у Празе) распаўсюдзіла зварот адносна лёсу сябраў арганізацыі «Партнэрства». Прыкметна, што Вацлаў Гавал і іншыя сябры арганізацыі зрабілі гэта ў гадавіну ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну.

Ярмошына лічыць скаргу каманды Мілінкевіча «палітычнай акцыяй». На думку старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, скарга, пададзеная ў Вярхоўны Суд прадстаўнікамі каманды Аляксандра Мілінкевіча датычна мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, «з'яўляецца палітычнай акцыяй і ня можа мець ніякіх юрыдычных наступстваў".

У Горадні пачалі судзіць Пачобута і Яскевіч. Сёньня ў Горадні пачаўся працэс па адміністрацыйнай справе супраць двух актывістаў непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча. Іх абвінавачваюць у тым, што яны перашкаджалі працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якую складалі рэдактар Ўладзімер Лобан й апэратар Андрэй Бяляткі.

Берасьце: міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў моладзевага лягеру. У аўтобусе знаходзілася каля 30 актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, якія ехалі ў кірунку украінскага гораду Шацк, у ваколіцах якога на гэтым тыдні павінен быў пачаць працу моладзевы лягер.

Сяргей Тарасаў звольнены з Інстытуту гісторыі. Кандыдата гістарычных навук археоляга Сяргея Тарасава звольнілі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі з фармулёўкай «за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў". Частка калегаў навукоўца тлумачыць звальненьне грамадзянскай і навуковай пазыцыяй спадара Тарасава. Гэтак лічыць і сам звольнены.

Факты

Яшчэ некалькім дзясяткам турфірмаў пагражае адабраньне ліцэнзіяў. Сёньня Міністэрства спорту і турызму спыніла прыём справаздачаў ад турыстычных фірмаў пра колькасьць замежнікаў, якіх удалося завабіць у Беларусь. Паводле папярэдніх зьвестак, ад пяці соцень юрыдычных і фізычных асобаў, што маюць ліцэнзіі, каля сотні турапэратараў нічым завабіць іншаземцаў ня здолелі – за што ўрэшце і будуць пазбаўленыя права займацца ранейшай дзейнасьцю.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 21, 2006 // 12:53 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №103

Падзеі

Улады спрабуюць зьліквідаваць структуры ПКБ. Партыя камуністаў (Беларуская), якую ачольвае Сяргей Калякін, аказалася пад пагрозай закрыцьця. З упраўленьня юстыцыі Менскага гарвыканкаму прыйшло паведамленьне пра ліквідацыю сталічных філіяў партыі. Адсутнасьць у Менску зарэгістраваных суполак дазваляе ў рамках закону зьліквідаваць усю партыю.

У рэгіёнах чыняць ціск на сяброў СПБ на чале з А.Борыс. Кіраўніцтва не прызнаванага афіцыйным Менскам кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі заяўляе аб тым, што ў розных рэгіёнах Беларусі пачаўся ціск на сяброў Галоўнай рады СПБ – на заўтра ў Горадні прызначана паседжаньне гэтага органу, які кіруе арганізацыяй паміж зьездамі.

Гарадзенцаў высяляюць з Новага Сьвету. У Горадні гэтымі днямі жыхароў прыватных дамоў побач з цэнтрам прымусам перасяляюць у спальны раён у шматпавярховы дом. Улады пачынаюць руйнаваць квартал прыватнай забудовы, які называецца Новым Cьветам. Учора адбылося паседжаньне грамадзкага прэс-клюбу, на якім некаторыя гарадзенскія гісторыкі спрабавалі прыцягнуць увагу людзей да разбурэньня гістарычнай забудовы.

Факты

Цана на газ для Беларусі падвысіцца ўтрая. Пасьля саміту ў Сочы лідэраў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС – расейскі “Газпром” дэманструе непахіснасьць сваёй пазыцыі адносна падвышэньня цэнаў на газ для Беларусі. “Газпром” нагадвае, што цана на газ для Беларусі падвысіцца ўтрая, а, магчыма, і – больш.

Камунальныя плацяжы істотна вырастуць. Першы віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Уладзімер Сямашка прагназуе рост платы за камунальныя паслугі. Выступаючы на паседжаньні нацыянальнага Савету па працоўных і сацыяльных пытаньнях, Сямашка сказаў, што паводле разьлікаў спэцыялістаў, калі цана на газ падвысіцца да 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, камунальныя плацяжы за двухпакаёвую кватэру, у якой пражывае сям'я з чатырох чалавек, вырастуць прыкладна на 35 даляраў.

Пінскі гарсавет адзіны ў Беларусі асудзіў у 91-м путч. Пінск быў адзіным горадам у Беларусі, а, магчыма, і ва ўсім тагачасным СССР, дзе гарадзкі савет у часе надзвычайнай сэсіі ўхваліў заяву, у якой путч 19 жніўня 1991 году асуджаўся і быў названы антыканстытуцыйным.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 18, 2006 // 12:51 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №102

Падзеі

У Берасьці прыпыненая галадоўка ўладальнікаў маршрутных таксі. Удзельнікі галадоўкі ў Берасьці 17 жніўня прыпынілі акцыю пратэсту. Пра гэта паведаміла БелаПАН брэсцкая прадпрымальніца Любоў Лаўруковіч. Паводле яе слоў, гэта абумоўлена тым, што ў чацьвер удзельнікі галадоўкі здалі ў аблвыканкам усе неабходныя дакумэнты, якія 18 жніўня будуць накіраваны ў Мінск для разгляду

Ці сустрэўся Пуцін з Лукашэнкам? Сёньня ў Сочы завершыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС. Аляксандар Лукашэнка сумяшчаў удзел у саміце з адпачынкам на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора. Пра ягоныя двухбаковыя сустрэчы ў Сочы пакуль нічога не паведамляецца.

Стваральнікі БЗВ адзначаюць 15-годзьдзе арганізацыі. Cёньня ў сядзібе БНФ адбылася ўрачыстая канфэрэнцыя, прысьвечаная 15-ым угодкам утварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ). Дэмакратычна настроеныя афіцэры й вядомыя грамадзкія дзеячы стварылі арганізацыю на другі дзень пасьля абвяшчэньня ГКЧП, 20 жніўня 1991 году. Яны паставілі задачу дасягнуць незалежнасьці краіны і стварэньня беларускага войска.

Cупрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску распачалі крымінальную справу паводле інцыдэнту, які адбыўся на сядзібе партыі БНФ. 16 жніўня сябра партыі Натальля Дземянцей убачыла прымацаваны да дзьвярэй управы прадмет, падобны да выбуховага. Дзьверы й вокны былі запэцканы смалой, а побач – раскіданы ўлёткі зь лягатыпам незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства). Сапёры, выкліканыя на месца здарэньня, канстатавалі: невядомыя прымацавалі муляж бомбы.

РНЕ адмаўляе сваё дачыненьне да “мінаваньня” ўправы БНФ. Незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя РНЕ (“Расейскае нацыянальнае адзінства”) адмаўляе сваё дачыненьне да ўчорашняга здарэньня ў сядзібе партыі БНФ у Менску. Пра гэта гаворыцца ў заяве, дасланай сёньня па электроннай пошце на адрас кампаніі БелаПАН.

Дырэктар заводу ігнаруе незалежны прафсаюз. Дырэктар Магілёўскага заводу штучнага валакна Алег Буракоў адмовіўся сустракацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. У адказе на ліст прафсаюзных актывістаў ён зазначыў: у адміністрацыі няма падстаў для супрацоўніцтва зь незалежным прафсаюзам.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 17, 2006 // 12:41 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №101

Падзеі

Удзельнікі галадоўкі ў Брэсце маюць намер 17 жніўня спыніць акцыю пратэсту. У гэты дзень у Мінск будуць накіраваныя дакументы, на падставе якіх кампетэнтныя інстанцыі зоймуцца вывучэннем сітуацыі. Галадоўка пачалася ў пачатку ліпеня. Уладальнікі маршрутных таксовак пратэставалі супраць спробаў спагнаць з іх падатак за аўтамабілі, якія былі ўвезеныя ў краіну яшчэ да прыняцця адпаведнага прэзідэнцкага ўказу. У выпадку, калі рашэнне будзе не на карысць галадоўнікаў, акцыя ў Брэсце распачнецца зноў.

Берасьце: стан здароўя Любові Разановіч крыху палепшыўся. Удзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі Любоў Разановіч па-ранейшаму праходзіць курс інтэнсіўнай тэрапіі ў Цэнтральным гарадзкім шпіталі Берасьця. Сёньня яна паведаміла, што адчувае сябе крыху лепш, хаця пасьля сухой галадоўкі марудна аднаўляюцца некаторыя функцыі арганізму.

Каля ўправы партыі БНФ у Мінску знайшлі муляж выбуховага прыстасавання. Каля гадзіны мінскія сапёры займаліся ліквідацыяй невядомага прыстасавання, якое нагадвала выбуховае. Яно было прымацаванае да дзвярэй Управы Партыі БНФ. Па факце выяўлення муляжу выбуховага прыстасавання распачатая крымінальная справа.

Больш за тры тыдні няма зьвестак пра перакладчыка Антона Тараса. У міліцыі заведзена крымінальная справа з факту зьнікненьня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Антона Тараса. Сваякі й калегі журналіста нагадваюць: у сакавіку Антон Тарас адсядзеў у турме як удзельнік падзеяў на Кастрычніцкай плошчы.

Сяргей Скрабец можа зьвярнуцца па амністыю. Былы кіраўнік дэпутацкай групы «Рэспубліка» у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец сёньня пачынае адлік другой паловы свайго зьняволеньня.

Факты

На Віцебскім камбінаце шаўковых тканінаў узнік скандал. Дырэктар прадпрыемства, якое не дае прыбытку, купіў сабе кватэру за 98 мільёнаў рублёў. Пры гэтым мінулы год камбінат завяршыў са стратамі ў 71 мільён рублёў. Дырэктар Уладзімір Несцярэнка кажа, што да ягонага пераезду ў Віцебск з Магілёва два гады таму прадпрыемства мела страты значна большыя — па 185 мільёна штомесяц. Кіраўніцтва канцэрну “Беллегпрам” падтрымала дырэктара камбінату.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Aug. 16, 2006 // 19:36 | Каментары (1)





@@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@ @@@SMARTY:TRIM:SCRIPT@@@