Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №088
Падзеі
Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў зьняволеньня. Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Горадні прысудзіў Мікалая Аўтуховіча да трох гадоў і шасьці месяцаў зьняволеньня у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці й з забаронай займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на пяць гадоў.
У Менску праходзіць суд над Аляксандрам Казуліным. А 12-ай гадзіне судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў з судовай залі ўсіх прысутных – фармальна за гоман. Судовы працэс над экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным пачаўся са спазьненьнем. У судовую залю пусьцілі толькі сваякоў, абаронцаў, дыпляматаў і некаторых журналістаў. Адміністрацыя суду патлумачыла гэта невялікім памерам судовай залі. Калі Аляксандра Казуліна прывялі ў судовую залю, прысутныя каля 3 хвілінаў віталі яго воплескамі, на што судзьдзя Аляксей Рыбакоў зрабіў заўвагу прысутным.
У Воршы павесілі расьцяжку “Свабоду Адяксандру Казуліну!” Невядомыя аршанскія прыхільнікі палітыка, якога сёньня судзяць у Менску, вырашылі падтрымаць яго. Расьцяжка зьявілася а пятай раніцы на парэнчах чыгуначнага моста над вуліцай Міру, у раёне заводу плаўленых сыроў.
Асобы
Андрэй Клімаў прапануе рэфэрэндум аб далучэньні Беларусі да Эўразьвязу. Андрэй Клімаў прапануе тэрмінова правесьці шэраг акцыяў — у тым ліку, пачаць збор подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму пра далучэньне Беларусі да Эўразьвязу й выхаду краіны з саюзнай дамовы з Расеяй, арганізаваць другі Кангрэс дэмсілаў, на якім сфармуляваць патрабаваньні да ўладаў наконт правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў і правядзеньня круглага стала ўлады й апазыцыі пры пасярэдніцтве міжнародных структураў. Андрэй Клімаў гэтаксама патрабуе вызваліць Аляксандра Казуліна.
Факты
Беларусь вымушае міжнародных перавозчыкаў плаціць за ўзброены канвой. У калёне й пад узброеным канвоем міліцыі мусяць цяпер рухацца па дарогах Беларусі міжнародныя аўтаперавозчыкі. Паводле ўсталяваных тарыфаў, за адзін кілямэтар такога суправаджэньня трэба заплаціць да 70 амэрыканскіх цэнтаў.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 06, 2006 // 19:13 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №087
Падзеі
Еўрапейскія амбасадары прыйдуць на суд над Казуліным. Амбасадары краінаў Еўрасаюза і прадстаўнікі мінскага офіса АБСЕ маюць намер прысутнічаць на судовым працэсе па справе экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, які павінен пачацца заўтра ў судзе Маскоўскага раёну Мінска. Аб гэтым паведаміў Тыльман Шміт-Нойербург — прэс-сакратар амбасады Нямеччыны, якая прадстаўляе старшыню ЕС у Беларусі.
Партыя БНФ і АГП з агаворкамі падпісалі Дэклярацыю “Свабоду Казуліну!” Ад Партыі БНФ Дэклярацыю грамадзкай камісіі “Свабоду Казуліну!” падпісаў старшыня Вінцук Вячорка, ад АГП — намесьніца старшыні Людміла Гразнова. Яны далучыліся да дэклярацыі на ўмовах, што гэтая грамадзкая камісія будзе называцца “Свабоду палітычным вязьням Беларусі”, і яе дзейнасьць будзе шырэйшая.
У верасні парламент Нямеччыны разгледзіць праект рэзалюцыі аб падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі. Раней планавалася, што праект рэзалюцыі будзе разгледжаны ў чэрвені. У дакуменце змешчаны заклік да ўрада падаць часовы дазвол на працаўладкаванне ў Нямеччыне беларусам, якія страцілі работу ў сувязі са сваёй дэмакратычнай дзейнасцю, а таксама стыпендыі беларускім студэнтам. Апроч гэтага, прапаноўваецца пашырыць кантакты з Беларуссю ў сферы навукі і культуры і прызначыць адмысловага ўпаўнаважанага па Беларусі.
Белтэлерадыёкампанія пачала замяшчаць некаторыя праграмы тэлеканалу НТВ. У ліпені ўступіла у сілу дамова паміж двума кампаніямі. Паводле дакументу, НТВ перадала Белтэлерадыёкампаніі права на выкарыстанне ўсіх выпускаў праграмаў, якія выходзяць у эфір на канале ў межах ліцэнзійнага тэрміну, за выключэннем тых праграмаў, на якіх правы не перадаюцца. Белтэлерадыёкампанія замяшчае некаторыя праграмы, фільмы і спартовыя перадачы расійскага каналу. Змены закрануць тыя праекты, якія не з'яўляюцца ўласным прадуктам НТВ.
Факты
У войска ізноў будуць прызываць афіцэраў -“двухгадавікоў”. Цяпер, згодна з новым прэзыдэнцкім указам будуць прызываць у войска афіцэраў запасу, якія ў свой час скончылі вайсковыя катэдры ва ўнівэрсітэтах. Прызываць будуць толькі на першасныя пасады па найбольш дэфіцытных спэцыяльнасьцях – напрыклад, эканамістаў, фізыкаў, юрыстаў, журналістаў. Узрост афіцэра-прызыўніка не павінен перавышаць 27 год.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 05, 2006 // 18:53 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №086
Падзеі
Аляксандр Казулін абвясціў аб недаверы да суду. Аб гэтым ён заявіў у сувязі з тым, што ўсё хадайніцтвы ў яго абарону былі адхіленыя. У прыватнасці, просьба дапусціць да абароны яго дачку. У той жа час, сваякі Аляксандра Казуліна працягваюць дабівацца яго вызвалення. Жонка былога кандыдата ў прэзідэнты прысутнічала на адным з пасяджэнняў Палітычнай рады аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Лідэры апазіцыйных партый паабяцалі, што будуць прымаць меры ў абарону Казуліна.
Па віцебскіх падзеях 19 і 20 чэрвеня, якімі заявіў аб сабе незарэгістраваны рух «Бунт», заведзена крымінальная справа. Аб гэтым перадае выданне «Беларускі партызан». Пакуль «падазраваных» двое — мінчанка Таццяна Ялавая і актывіст АГП, віцяблянін Дзяніс Дзянісаў. Як мяркуе следства, яны падрыхтавалі і арганізавалі правядзенне на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Віцебска групавой несанкцыянаванай акцыі, накіраванай на (цытата) " парушэнне грамадскага парадку і зрыву культурна-забаўляльных мерапрыемстваў".
Пікеты “Свабоду Казуліну!” ў Менску. Сёньня ў Менску на плошчы Бангалор пачаліся дазволеныя ўладамі пікеты ў падтрымку былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна ды іншых палітзьняволеных. Пікеты працягнуцца да 30 ліпеня.
Свабодны прафсаюз “Белшыны” скардзіцца на перасьлед. На Беларускім шынным камбінаце ў Бабруйску расьце напружаньне між сябрамі незарэгістраванага Свабоднага прафсаюзу й адміністрацыяй прадпрыемства. Як сьцьвярджаюць прафсаюзныя актывісты, адміністрацыя выкарыстоўвае супраць іх сродкі эканамічнага й юрыдычнага ўціску.
Дэпутаты ПА АБСЭ абмяркуюць беларускае пытаньне. Дэпутаты ўжо запісаліся для ўдзелу ў дыскусіі. Пра гэта нашаму радыё сёньня паведаміў па тэлефоне з Брусэлю, дзе 3 ліпеня пачалася чарговая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Як мы ўжо паведамлялі, дыскусію адносна сытуацыі ў Беларусі 5 ліпеня арганізуе кіраўніца спэцыяльнай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ута Цапф.
Цытаты
А. Мілінкевіч: “Шмат студэнтаў змогуць вучыцца ў Польшчы. Гэта вельмі важна, што ёсьць такая магчымасьць, і палякі тут зьяўляюцца піянэрамі. Вялікая колькасьць студэнтаў зможа працягваць тут навучаньне. Я вельмі задаволены, бо, калі мы клічам людзей на барацьбу і ня маем магчымасьці іх абараніць, то гэта проста немаральна”.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Хутка з'явіцца новы сайт з віцебскімі навінамі Народныя навіны Віцебска
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 04, 2006 // 18:42 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №085
Падзеі
Маладафронтаўца асудзілі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Жлобінскі суд асудзіў Эдуарда Зелянкова да штрафу ў памеры 930 тысячаў рублёў. Нагадаем, пракуратура патрабавала для 22-гадовага актывіста моладзевага руху год зняволення з адтэрміноўкай на тры гады за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Хлопца затрымалі ў той час, калі ён маляваў графіці з надпісам «Малады Фронт» і сваімі кантактнымі тэлефонамі.
У Мінску створаная грамадская камісія «Свабода Казуліну!». У яе склад увайшлі вядомыя беларускія палітыкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы, юрысты і сацыёлагі. Сябры грамадскай камісіі будуць сачыць за ходам судовага працэсу па справе лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
Міністры замежных спраў G-8 гаварылі аб Беларусі. Удзельнікі сустрэчы міністраў замежных спраў краін «Вялікай васьмёркі" шчыра абмяняліся думкамі, у прыватнасці, у адносінах да сітуацыі ў Беларусі. Абмеркаванне падобных пытанняў нельга назваць непрыемным, бо яно праходзіць за сталом, дзе сабраліся прадстаўнікі, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці, дэмакратычныя прынцыпы і вяршэнства закону.
Швайцарыя ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Швайцарыя далучылася да санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускіх службовых асоб, вінаватых у фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і парушэньні правоў чалавека. Тым часам Мін'юст Беларусі выступіў з заявай, у якой патрабуе ад Эўразьвязу скасаваць візавыя абмежаваньні адносна беларускіх чыноўнікаў.
Літоўскія кампаніі лёгкай прамысловасьці хацелі б болей супрацоўнічаць зь беларускімі калегамі, аднак зь цяжкасьцю дамаўляюцца пра пашырэньне эканамічных кантактаў. Адна з буйнейшых газэтаў Літвы “Lietuvos žinios” распавядае пра досьвед прадпрымальнікаў, якія кажуць, што ў Беларусі цяжка працаваць “з-за палітычнай напружанасьці і непаразуменьняў”.
Факты
У салігорскіх шахцёраў больш як удвая зьнізілся заробкі. Крызіс на адным з буйнейшых у Беларусі вытворчым аб’яднаньні — салігорскім “Беларуськаліі” — стаў прычынай рэзкага зьніжэньня заробкаў ня толькі шахцёраў, але й працаўнікоў іншых сфэраў. Імпартэры мінэральных угнаеньняў па-ранейшаму адмаўляюцца падпісваць кантракты зь Беларускай калійнай кампаніяй на ўмовах беларускага боку, які заявіў пра істотнае падвышэньне коштаў на калійную соль.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Чэр. 30, 2006 // 19:11 | Каментары (0)