Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №092
Падзеі
У Брэсце да галадоўкі уладальнікаў маршрутных таксі далучыліся новыя ўдзельнікі. Сёння ў ёй удзельнічаць 11 чалавек. Яны заяўляюць, што ў іх акцыі «няма ніякай палітыкі», а толькі спроба абараніць свае правы. Нагадаем, шэраг уладальнікаў брэсцкіх маршрутных таксі атрымалі рахункі на сумы ад 20 да 80 мільёнаў рублёў. Яны з гэтым не згодныя, бо іх аўтамабілі прайшлі «растаможку» яшчэ да прыняцця ўказу прэзідэнта аб рэспубліканскім зборы.
Казуліна кормяць селядцом і не даюць вады. Начальнік следчага ізалятару забараніў палітыку набываць ваду ў турэмным кіёску, без якіх-небудзь тлумачэнняў прычынаў. Аляксандру Казуліну выдалі кавалак чорнага хлеба і селядца, а вады так і не далі. І гэта ў той час, калі тэмпература паветра складае каля 30 градусаў цяпла.
У Наваполацку забаранілі пікету ў абарону палітвязьняў. Сёньня група наваполацкіх актывістаў зьвярнулася зь пісьмовай скаргай на імя старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі. Нагодаю для скаргі стала адмова кіраўніцтва Наваполацкага гарвыканкаму дазволіць правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітычных вязьняў, якія актывісты зьбіраліся ладзіць штодня з 26 красавіка да 26 чэрвеня.
Напярэдадні саміту ў Санкт-Пецярбургу арыштоўваюць. Студэнты зь нямецкага гораду Білефэльд Хэнінг Валерыюс і Эйке Карфагэ заяўляюць, што праваахоўныя ворганы Санкт-Пецярбургу напярэдадні саміту вялікай васьмёркі (ён адбудзецца 15–17 ліпеня) выкарыстоўваюць прыёмы, уласьцівыя рэжыму Лукашэнкі. На мінулым тыдні разам зь іншымі эўрапейскімі антыглябалістамі Хэнінг Валерыюс і Эйке Карфагэ прыбылі ў паўночную расейскую сталіцу на роварах. Яны мелі на мэце ўзяць удзел у акцыях і дэманстрацыях праціўнікаў саміту. Учора рашэньнем гарадзкога суду Пецярбургу нямецкія студэнты былі пазбаўленыя волі на дзесяць сутак.
Цытаты
Пасол ЗША ў Беларусі Дж.Крол: Мы, амэрыканцы і эўрапейцы, лічым, што дэмакратычная супольнасьць у Беларусі — гэта падмурак стабільнасьці, росквіту і міру ў гэтым рэгіёне. Мы ня бачым пагрозы з боку Беларусі ў пляне палітычнай сытуацыі, але Беларусь — частка Эўропы, гэта сэрца Эўропы, але гэта ня толькі сэрца, гэта сумленьне Эўропы.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 12, 2006 // 19:19 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №091
Падзеі
Ананімы зноў кажуць пра хваробу лукашэнкі, КДБ называе іх ліст правакацыяй. Правакацыяй называюць распаўсюджаны напярэдадні ў некаторых СМІ ананімны ліст пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба і КДБ. Невядомыя, якімі прадставіліся «патрыётамі Беларусі» і «супрацоўнікамі дзяржбяспекі», паведамілі пра чарговы інсульт Лукашэнкі і барацьбу кланавых груповак у вышэйшых эшалонах улады. Паводле аўтараў ліста, першы інсульт з ім здарыўся яшчэ ў ноч з 19 на 20 сакавіка, другі — не так даўно, пасля няўдалых перамоваў з «Газпрамам». Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Валеры Надтачаеў назваў ананімны ліст сродкам інфармацыйнай вайны, якая вядзецца супраць існуючага рэжыму.
Супраць кіраўніка ант рыгора кісяля распачатая крымінальная справа. Нагадаем, напрыканцы мінулага тыдня адбылося «маскі-шоў» у мінскім офісе кампаніі «Тэлефільм», партнера АНТ. Супрацоўнікі пракуратуры арыштавалі ў яе ўсё абсталяванне, але ніхто з кіраўніцтва кампаніі затрыманы не быў. Адразу пасля гэтага стала вядома пра распачатую крымінальную справу супраць Рыгора Кісяля. Аднак ні дакладная фармулёўка, ні артыкул дагэтуль пракуратурай не агучаныя.
Сваякі пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у Беларусі перадалі ў пасольствы краін «Вялікай васьмёркі" адкрыты ліст кіраўнікам дзяржаў. Махавік рэпрэсій у нашай краіне набірае абароты,- гаворыцца ў пасланні. Падчас прэзідэнцкіх выбараў больш за 1.200 чалавек, якія бралі ўдзел у іх на баку апазіцыйных кандыдатаў або выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацый іх вынікаў, апынуліся ў турмах, звольнены з працы, выключаны з універсітэтаў. Аўтары адкрытага ліста заклікаюць кіраўнікоў дзяржаў пераканаць прэзідэнта Расіі адмовіцца ад усебаковай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі
Да галадоўкі прадпрымальнікаў у Берасьці далучыліся яшчэ 3 чалавекі. У Берасьцейскі аблвыканкам сёньня трапілі заявы ад Эдуарда Багдасарана, Тацьцяны Бялко і Вадзіма Авечкіна. У сваіх заявах яны паведамляюць, што далучаюцца да акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і адмаўляюцца прымаць ежу. Эдуард Багдасаран працуе кіроўцам таксі на мікрааўтобусе, які належыць прадпрымальніцы Любові Разановіч.
Гарадзенскага актывіста АГП трымаюць у псыхіятрычным шпіталі. Ад пятніцыу псыхіятрычным шпіталі Горадні ўтрымліваецца сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 26-гадовы Павал Язерскі. Яго завезьлі ў шпіталь зь Ленінскага аддзяленьня міліцыі пасьля таго, як затрымалі за ўдзел у акцыі да чарговай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 11, 2006 // 19:11 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №090
Падзеі
У Брэсце працягваецца галадоўка пяці індывідуальных прадпрымальнікаў. Тых самых, што патрапілі пад прэзідэнцкі ўказ аб павелічэнні пошлінаў на аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах. Яны прайшлі ўсе судовыя інстанцыі, спрабуючы аспрэчыць шматмільённыя штрафы і даказваючы, што падобны закон не па якіх юрыдычных нормах зваротнай сілы мець не можа. Усё аказалася безвынікова — беларускія суды не адважыліся паправіць Лукашэнку.
Экс-суддзя Канстытуцыйнага суду стаў на бок абароны Казуліна. Паводле меркавання Міхаіла Пастухова, супрацьпраўных дзеянняў Аляксандр Казулін не здзяйсняў. У той жа час ён лічыць, што працэс над апазіцыйным палітыкам паказвае: у краіне адбываецца прававое бязмежжа.
Віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, затрыманы перад прыездам у абласны цэнтр Аляксандра Лукашэнкі, правёў двое сутак у ізалятары часовага утрымання. Ён быў затрыманы 7 ліпеня падчас распаўсюджвання незалежных выданняў. Месца, дзе традыцыйна знаходзіцца апазіцыянер, размешчанае насупраць Летняга амфітэатра. Затрыманне адбылося за некалькі гадзінаў да цырымоніі адкрыцця Віцебскай гарадской клінічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, у якой удзельнічаў прэзідэнт Беларусі.
Факты
У камітэт абароны рэпрэсаваных звярнуліся каля 370 студэнтаў. У грамадскі камітэт абароны рэпрэсаваных звярнуліся ўжо каля 370 студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ за палітычную дзейнасць або тых, хто знаходзіцца пад пагрозай выключэння. Паводле яе словаў, амаль кожны трэці — яшчэ не адлічаны з ВНУ, але адчувае ціск з боку дэканатаў: іх адпраўляюць на пераздачы і зацягваюць тэрміны сесіі.
Цытаты
Аляксандр Мілінкевіч зьвярнуўся да кіраўнікоў краінаў G8. Сёньня лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч праз дыпляматычныя місіі накіраваў ліст да прэзыдэнтаў краінаў, якія зьбяруцца ў Расеі на саміт “вялікай васьмёркі”. “Усё больш інфармацыі, якая паступае з розных крыніцаў, сьведчыць пра магчымасьць правядзеньня ў найбліжэйшыя месяцы рэфэрэндуму ў рамках праекту саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Ня выключана, што верагодны рэфэрэндум закране пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі альбо прыняцьця канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы”.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
витебские новости
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 10, 2006 // 18:40 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №089
Падзеі
Казулін назваў працэс «фактам палітычнага і судовага пераследу». У Мінску другі дзень працягваецца судовы працэс над Аляксандрам Казуліным. У чарговы раз палітык даў адвод суддзі і дзяржаўнаму абвінаваўцу і назваў працэс «фактам палітычнага і судовага пераследу». На сённяшнім пасяджэнні планавалася дапытаць пацярпелых і сведкаў. Аднак з 15 пацярпелых у суд прыйшоў толькі адзін. Абарона Казуліна заявіла, што ў такой сітуацыі пачынаць судовы працэс немагчыма. Аднак суддзя Аляксей Рыбакоў пастанавіў працягваць слуханне справы.
Невядомыя напалі на пікет у падтрымку Казуліна ў Менску. Адзін зь пікетоўцаў, спадар Рамаровіч, быў зьбіты, і ў яго забралі мабільны тэлефон. Невядомыя нападнікі пашкодзілі інфармацыйныя матэрыялы пра Аляксандра Казуліна. Паводле ўдзельнікаў пікету, яны пасьпелі выклікаць міліцыю — і міліцыянты затрымалі двух нападнікаў на пікет.
У Берасьці пачалі галадоўку ўладальніку маршрутных таксі. У Берасьце пяцёра прадпрымальнікаў, уладальнікаў маршрутных таксі, распачалі галадоўку. Любоў Рэзановіч, Генадзь Канапліцкі, Алена Авечкіна, Аляксандар Дарадкевіч і Любоў Лаўруковіч патрабуюць адмяніць так званы рэспубліканскі збор. Супрацоўнікі падаткавай інспэкцыі налічылі прадпрымальнікам штраф каля 200 мільёнаў рублёў (гэта каля 100 000 даляраў). Галадоўнікі настойваюць, што мясцовыя чыноўнікі няправільна трактуюць указ Аляксандра Лукашэнкі ад 25 красавіка 2004 году. Да галадоўкі гатовыя далучыцца яшчэ некалькі ўладальнікаў маршрутных таксі ў Берасьце.
Арыштаваны дырэктар гімназіі, дзе вучыцца ўнучка Лукашэнкі. З-за падазрэньня ў атрыманьні хабару затрыманы Алег Бадалаў — дырэктар прэстыжнай менскай гімназіі №16, дзе вучыцца ўнучка Аляксандра Лукашэнкі. У пракуратуры Маскоўскага раёну Менску, ужо заведзеная крымінальная справа. Наш карэспандэнт наведаў гімназію №16 у менскім мікрараёне “Вясьнянка”.
Цытаты
Аляксандр Мілінкевіч зьвярнуўся да кіраўнікоў краінаў G8. Сёньня лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч праз дыпляматычныя місіі накіраваў ліст да прэзыдэнтаў краінаў, якія зьбяруцца ў Расеі на саміт “вялікай васьмёркі”. “Усё больш інфармацыі, якая паступае з розных крыніцаў, сьведчыць пра магчымасьць правядзеньня ў найбліжэйшыя месяцы рэфэрэндуму ў рамках праекту саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Ня выключана, што верагодны рэфэрэндум закране пытаньні ўвядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі альбо прыняцьця канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы”.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Ліп. 07, 2006 // 19:09 | Каментары (0)