Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №096

Падзеі

Брэсцкія абласныя ўлады нарэшце звярнулі ўвагу на ўдзельнікаў галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксовак. Чыноўнікі прапанавалі канкрэтныя шляхі вырашэння праблемы. Цягам трох дзён «маршрутчыкі» будуць збіраць неабходны пакет дакументаў, які даставяць у Мінск. Днямі была шпіталізаваная Любоў Разановіч, якая галадала цэлы месяц і адзін тыдзень не піла ваду. Астатнія ўдзельнікі галадоўкі вырашылі яе працягваць да таго часу, пакуль з Мінску не прыйдзе станоўчы адказ.

Барысаўцаў, якія перакрылі чыгуначныя рэйкі, караць ня будуць. 6 жніўня тры дзясяткі барысаўцаў амаль гадзіну перакрывалі чыгуначныя рэйкі. Жыхары Залінейнага раёну абураліся бязьдзейнасьцю ўладаў датычна ўзьніклай праблемы: раён пасьля кожнай моцнай залевы церпіць ад паводкі. Адносна ўдзельнікаў акцыі пратаколаў не складалі. У транспартнай міліцыі пацьвердзілі, што справы супраць удзельнікаў стыхійнай акцыі пратэсту распачынаць ня будуць

Прафсаюзны пратэст у Магілеве. У Магілёве адбыўся мітынг супраць адмовы мясцовай улады рэгістраваць суполкі прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці. У акцыі пратэсту, якая праходзіла у далечыні ад людных месцаў – ля будынку гарадзкога цэнтру культуры і адпачынку Магілёўскага гарвыканкаму – удзельнічалі блізу 100 чалавек.

Да 10 сутак арышту асуджаны старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч. Суд Бярозаўскага раёну пакараў палітыка за выкарыстанне «незарэгістраванай сімволікі». Днямі сябры моладзевага дэмакратычнага руху арганізавалі на Брэстчыне паход «Рух добрай волі-2006». Ён адбываўся пад пільнай увагай праваахоўных органаў. Падчас адпачынку ўдзельнікаў акцыі ў Бярозаўскім раёне каля іх намётаў быў усталяваны бел-чырвона-белы сцяг, з такім жа сцягам моладзь каталася на кацеры.

Факты

У Мінскай вобласці распачатая крымінальная справа за продаж школы. У справе фігуруюць 97 тысячаў долараў. За машэнніцтва і падбухторванне да буйнога хабару затрыманыя рыэлтэр аднаго з мінскіх агенцтваў нерухомасці і беспрацоўны. Яны павінны былі перадаць хабар чыноўнікам Дзяржынскага райвыканкаму. У сваю чаргу, службовыя асобы павінны былі дазволіць адчужэнне будынку сярэдняй школы ў вёсцы Томкавічы.

З мінскіх уладальнікаў маршрутных таксовак патрабуюць грошы. За кожны аўтобус у месяц трэба заплаціць адну базавую велічыню. Новы падатак уведзены гарвыканкамам з сёлетняга ліпеня.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 09, 2006 // 18:37 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №095

Падзеі

Актывісты «Партнёрства» прызнаныя вязнямі сумлення. «Міжнародная амністыя» запатрабавала неадкладна вызваліць чатырох актывістаў «Партнёрства». Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя абвясціла Мікалая Астрэйку, Эніру Браніцкую, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку «вязнямі сумлення». Нагадаем, грамадскіх актывістаў асудзілі за стварэнне і кіраванне незарэгістраванай арганізацыяй. Астрэйка атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Дранчук — год, Браніцкая і Шалайка — па 6 месяцаў пазбаўлення волі. «Гэтыя чатыры маладыя чалавекі былі прыгавораныя за легітымную рэалізацыю правоў на свабоду аб’яднанняў», — заявіла прадстаўніца «Міжнароднай амністыі» Хезер МакГіл.

Брэсцкую галадоўніцу Любоў Разановіч шпіталізавалі. Жанчына знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Разановіч трымае галадоўку з 5 ліпеня. Апошнія 8 дзён яна не піла нават вады. Цяжкі стан выкліканы якраз доўгім галадаваннем і абязвожваннем арганізму. Цяпер жанчына знаходзіцца ў Цэнтральнай гарадской больніцы.

Брэсцкія галадоўнікі адмовіліся спыняць акцыю. Але яны баяцца за жыццё сваёй калегі. Любоў Разановіч не хоча класціся ў больніцу. У жанчыны, якая трымае сухую галадоўку, пачаліся праблемы з ныркамі. Некалькі гадоў таму ў яе была цяжкая аперацыя. Падчас галадоўкі яна штодня траціць прытомнасць, у яе кружыцца ў галаве. Калегі прапаноўвалі ёй спыніць галадоўку, бо жанчына мае дваіх дзяцей. Але іх намаганні былі марнымі. Нагадаем, што галадоўка ў Брэсце пачалася 5 ліпеня. Цяпер у ёй удзельнічаюць 15 чалавек.

Факты

На птушкафабрыцы “Асобіна” Буда-Кашалёўскага раёну за ноч загінулі 100 тысячаў курэй. Ветэрынары адмаўляюць версію птушынага грыпу. Спецыялісты з Беларускага дзяржаўнага ветэрынарнага цэнтру не знайшлі ў курэй ніякіх інфекцыяў, што маглі б выклікаць масавы паморак. Першапачатковай версіяй яны называюць атручванне камбікормам. Лекары кажуць, што пагрозы чалавечаму здароўю і жыццю няма.

Расея можа абмежаваць продаж беларускіх камбайнаў. Расейскі саюз вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталяваньня для аграпрамысловага комплексу «Саюзаграмаш” зьвярнуўся ў міністэрства эканамічнага разьвіцьця сваёй краіны зь ініцыятывай увядзеньня кампэнсацыйнага мыта на беларускія кормаўборачныя камбайны.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 08, 2006 // 18:51 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №094

Падзеі

Некалькі дзесяткаў чалавек больш двух гадзінаў перакрывалі чыгунку ў Барысаве. Жыхары Барысава перакрылі чыгунку на станцыі. Яны патрабавалі сустрэчы з гарадскімі ўладамі. Забастоўку на рэйках зладзілі каля 30-ці жыхароў. Прычынай іх пратэсту сталі моцныя залевы. Ад надвор’я пацярпелі каля 50 жылых дамоў і падворкаў. На сустрэчу з гараджанамі прыехалі старшыня Барысаўскага гарвыканкаму і яго намеснік. Чыгунка была перакрытая каля дзвюх з паловай гадзінаў.

Сёньня ў Берасьці некаторыя ўдзельнікі галадоўкі заяўлялі пра магчымае спыненьне акцыі. Як паведаміў Віктар Чайкоўскі, узьнікла рэальная небясьпека жыцьцю Любовіч Разановіч. Ужо сем сутак жанчына трывае сухую галадоўку, і сіла пакідае яе. Акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай.

Адвакаты асуджаных актывістаў “Партнёрства” падрыхтавалі касацыйныя скаргі. Аспрэчваць прысуд будуць абаронцы Цімафея Дранчука і Мікалая Астрэйкі. Юрысты кажуць, што суд прыняў празмерна жорсткае рашэнне. Нагадаем, што актывістаў “Партнёрства” асудзілі да розных тэрмінаў зняволення. Мікалай Астрэйка атрымаў два гады зняволення, Цімафей Дранчук — год зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Інфармацыя аб прыбытках чыноўнікаў аб’яўлена службовай таямніцай. Беларускі ўрад сваёй пастановай зацьвердзіў інструкцыю пра парадак захаваньня і праверак дэклярацый аб прыбытках і маёмасьці дзяржаўных чыноўнікаў. Паводле гэтай інструкцыі інфармацыя аб прыбытках дзяржслужбоўцаў з’яўляецца службовай таямніцай і не падлягае апублікаваньню.

Факты

У Лібане застаецца каля паўсотні беларусаў. Паводле беларускага зьнешнепалітычнага ведамства, з зоны лібана-ізраільскага канфлікту эвакуаваны 442 грамадзяніна Беларусі й некалькі дзясяткаў небеларусаў – перадусім, дзяцей ад зьмешаных шлюбаў. МЗС Беларусі мае зьвесткі яшчэ пра паўсотню этнічных беларусаў, якія адмовіліся пакідаць рэгіён. Адначасова назіраецца тэндэнцыя вяртаньня зь Ізраілю некаторых былых грамадзян Беларусі, якія ў розныя часы зьехалі ў гэтую краіну.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Жнв. 07, 2006 // 19:32 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №093

Падзеі

Аляксандр Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў калоніі. Нагадаем, Аляксандр Казулін быў арыштаваны 25 сакавіка падчас жорсткага разгону спецназам апазіцыйнай дэманстрацыі. Суд над палітыкам пачаўся 6 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы. За гэты час суддзя не задаволіў ніводнага хадайніцтва Казуліна і яго абароны. 12 ліпеня экс-кандыдата ў прэзідэнты наогул выдалілі з залы суду і пазбавілі апошняга слова. На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі толькі адвакаты і адзін прадстаўнік дыпламатычнай місіі, астатнія былі выдаленыя з залы суда.

Ідзе другі тыдзень галадоўкі берасьцейскіх прадпрымальнікаў. У галадоўцы, якую пачалі 5 ліпеня чатыры прадпрымальнікі-ўладальнікі маршрутных таксі, на сёньняшні дзень удзельнічаюць 11 чалавек. Ніякай рэакцыі на гэтую акцыю пратэсту з боку берасьцейскіх уладаў пакуль няма. Усе раней заплянаваныя сустрэчы з прадастаўнікамі мясцовай вэртыкалі скасаваныя. Удзельнікі галадоўкі скардзяцца, што іхняе здароўе пагаршаецца — гэта зьвязана і з надзвычайнай сьпёкай апошніх дзён. Аднак спыняць сваёй акцыі не зьбіраюцца, пакуль не адменяць рашэньня падатковых органаў спагнаць з прадпрымальнікаў так званы рэспубліканскі збор

Малады Фронт» атрымаў афіцыйны адказ на патрабаванні ўдзельнікаў галадоўкі, якая адбывалася ў траўні-чэрвені сёлета. Адказ прыйшоў з Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму. Маладафронтаўцам патлумачылі, што іх галадоўка была несанкцыянаваная, таму што яе арганізатары не паведамілі ўладам пра месца і час, калі яны павінны былі галадаваць. Таму выкананне патрабаванняў акцыі немагчымае, гаворыцца з дакуменце, падпісаным намеснікам старшыні Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Уладыкам.

Міністэрства адукацыі Нідэрландаў прадстаўляе праграму для навучання ў краіне 100 беларускіх студэнтаў. Аб гэтым паведаміў сябра студэнцкай групы «Місія для Беларусі" Олівер ван Лоа. Лоа зазначыў, што сябры групы звярнуліся ў міністэрства з ініцыятывай аб прадастаўленні ва ўніверсітэтах Нідэрландаў месцаў для студэнтаў з Беларусі, якія не могуць працягваць навучанне па палітычных прычынах. У красавіку кіраўніцтва міністэрства ў афіцыйнай заяве пацвердзіла, што адшукае такую магчымасць. Беларусы атрымаюць стыпендыю ад ураду Нідэрландаў, якая пакрые таксама страхоўку і інтэрнат. На праект плануецца выдаткаваць каля 1 мільёна еўра.

Апошнюю маёмасьць “Белай Русі”. Колісь адна з самых магутных у краіне камэрцыйных структураў “Белая Русь”, падпарадкаваная Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, пазбаўляецца апошняй маёмасьці. Як расказалі былыя супрацоўнікі кампаніі, днямі пачнецца распродаж аўтамабіляў і аргтэхнікі, што ацалелі пасьля арыштаў і штрафных санкцыяў. Нагадаем, што канец “Белай Русі” быў пакладзены затрыманьнямі ў 2004 годзе яе кіраўнікоў, уключна з кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org витебские новости

Спампаваць версію для друку (PDF)

Ліп. 13, 2006 // 22:15 | Каментары (0)