17-я суткі доўжыцца эстафэтная галадоўка моладзі
Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. У акцыі ўдзельнічаюць 23 чалавекі. Некалькі галадоўнікаў знаходзяцца ў адной кватэры ў Менску, астатнія з розных прычынаў ня могуць прыехаць у сталіцу.
На паседжаньні “Маладога фронту” пастанавілі, што галадоўнікі ў рэгіёнах будуць трымацца, колькі здолеюць. Маладафронтаўцаў падтрымліваюць прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі й замежныя партнэры.
У кватэры, якую арандавалі маладафронтаўцы для правядзеньня акцыі пратэсту, знаходзіцца больш за дзясятак чалавек. Сярод іх галадоўнікі й тыя, хто іх падтрымлівае. У некаторых удзельнікаў акцыі пагоршыўся стан здароўя. Зьміцер Дашкевіч захварэў, у яго зьнік голас — але ён адмовіўся спыніць галадоўку.
Пасьля таго, як 13 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяцёх чалавек, галадоўнікі не рызыкуюць выходзіць на вуліцу разам. Нагадаем: затрыманых маладафронтаўцаў трымалі ў пастарунку міліцыі амаль тры гадзіны. Спачатку адпусьцілі сямёх чалавек, а на Зьмітра Дашкевіча й Зьмітра Хведарука пачалі складаць пратаколы — нібыта за дробнае хуліганства. Але праз гадзіну вырашылі хлопцаў адпусьціць.
Гаворыць Артур Фінькевіч:
(Фінькевіч: ) “Стан здароўя галадоўнікаў пагоршыўся. Зараз я іду набываць для іх пітную чыстую ваду, бо ім трэба як мага болей піць. Ляжаць, фактычна ня рухаючыся, вельмі складана. Людзі ўвесь час скардзяцца на тое, што ў іх кружыцца і баліць галава. У іх час ад часу падвышаецца і падае тэмпэратура. Нестабільны стан. У выкліку неабходнасьці будзем выклікаць “хуткую”. Будзем гэта рабіць адразу ж, як толькі спатрэбіцца”.
Непаўналетняя Антаніна Вежнявец ад 30 траўня 5 сутак трымала галадоўку. Потым, як і іншыя непаўналетнія сябры “Маладога фронту”, Антаніна перастала галадаць на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Але непаўналетнія ў акцыі пратэсту выконваюць арганізацыйныя функцыі.
(Вежнявец: ) “Сёньня мы тэлефануем у амбасады. Мы разьлічваем, што амбасадары наведаюць галадоўнікаў на кватэры й выкажуць ім падтрымку. Нам вельмі патрэбна, каб нас наведаў амбасадар Расеі. Ён убачыць, што людзі галадаюць. Спадзяемся, што расейскі амбасадар распавядзе пра нашыя патрабаваньні да беларускіх уладаў свайму ўраду. Асабліва гэта важна напярэдадні саміту “васьмёркі”. Мы спадзяемся, што нас будуць наведваць журналісты й палітыкі й наагул людзі, якія салідарныя з намі й гатовыя нас падтрымаць”.
Маладафонтаўцы вырашылі не спыняць акцыі. Яны спадзяюцца, што галадоўка падштурхне грамадзкасьць і прымусіць улады прыслухацца да іхных патрабаваньняў. Галадоўнікі разьлічваюць, што акцыя набудзе розгалас у грамадзтве.
Радыё Свабода
Чэр. 14, 2006 // 18:39 | Каментары (0)
У Менску затрымалі некалькіх удзельнікаў галадоўкі пратэсту
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяць удзельнікаў моладзевай акцыі пратэсту. Ад 29 траўня сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымалі эстафэтную галадоўку, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў і вызваліць палітвязьняў.
Затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёну на вуліцы Карла Маркса. Сярод затрыманых былі сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Віктар Янчурэвіч, Антаніна Вежнявец, Алесь Паплыка і яшчэ двое сяброў арганізацыі, прозьвішчы якіх пакуль невядомыя.
Моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы, калі тыя выйшлі падыхаць сьвежым паветрам. У момант затрыманьня мы зьвязаліся з Артурам Фінькевічам па мабільным тэлефоне. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў.
(Фінькевіч: ) “Мы папросту сабраліся паразмаўляць. Нам падкінулі ўлёткі. Тут стаялі нейкія скрыні з улёткамі. Незразумела, якога яны былі паходжаньня. Мы абсалютна ніякага дачыненьня да іх не маем. Зараз завезьлі нас у апорны пункт.”
Затрыманьне галадоўнікаў адбылося ў дзень, калі яны арандавалі кватэру, каб трымацца разам і мець магчымасьць кантактаваць са сваімі паплечнікамі і журналістамі.
***
Неўзабаве сямёх затрыманых адпусьцілі. У дзяжурнай частцы пакінулі сустаршыню арганізацыі Зьміцера Дашкевіча і Зьміцера Хведарука.
Артур Фінькевіч паведаміў “Свабодзе”, што на Дашкевіча і Хведарука склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Хлопцаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся ў часе затрыманьня. Зьміцер Хведарук галадаў 15-я суткі, а Зьміцер Дашкевіч – 13-я, бо далучыўся да галадоўкі пасьля таго, як выйшаў з турмы на Акрэсьціна.
Хлопцы ўжо адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі. Зьміцер Дашкевіч двойчы адседзеў пасьля яе заканчэньня.
Галадоўнікі незадоўга да затрыманьня. Сёння 4 актывісты Маладога Фронту засяліліся ў кватэру, у якой плянавалі разам працягваць галадоўку.
Радыё Свабода
Чэр. 13, 2006 // 21:53 | Каментары (0)
16-я суткі ідзе акцыя пратэсту "Маладога фронту"
16-я суткі працягваецца эстафэтная галадоўка актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. На сёньняшні дзень галадаюць 23 чалавекі. Яны арандавалі кватэру ў Менску, каб трымацца разам. Галадоўку апазыцыянэры абвясьцілі 29 траўня.
Напачатку ў акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Потым непаўналетнія спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі з прычыны стану здароўя. Але да акцыі далучыліся новыя ўдзельнікі.
Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фрот”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў.
Удзельнікі акцыі пратэсту арандавалі прыватную кватэру, дзе будуць трымацца разам. Пакуль там знаходзіцца каля дзясятка чалавек. Апазыцыянэры плянуюць, што цягам сутак іх колькасьць узрасьце ўдвая. Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч галадае 13-я суткі. Ён далучыўся да акцыі, як толькі выйшаў на волю пасьля адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна. Зьміцер мае праблемы са здароўем, але не пакідае акцыі.
(Дашкевіч: ) “Актывісты яшчэ пад’яжджаюць сюды са ўсё Беларусі. Мы плянуем, што ў адной кватэры будуць знаходзіцца каля 15 чалавек і праводзіць акцыю разам. Астатнія займаюцца сваімі справамі — там, дзе жывуць. Пакуль яны ў стане фізычна рухацца, будуць галадаць, а потым будуць, напэўна, выходзіць з галадоўкі, бо не ва ўсіх атрымліваецца прыехаць у Менск. Для нас самае галоўнае — узьняць праблемы ў грамадзтве: рэпрэсіі супраць моладзі, палітзьняволеныя, закрыцьцё хрысьціянскіх цэркваў”.
Артур Фінькевіч, які займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі, непакоіцца за свайго сябра. Гаворыць Артур Фінькевіч:
(Фінькевіч: ) “Сёньня стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Ён захварэў, у яго падвысілася тэмпэратура. Але ён не зьбіраецца спыняцца на гэтым. Ён ня спыніцца ні перад чым. Гэта мужны, адданы, шчыры чалавек, як і тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца побач зь ім, патрабуючы спыніць перасьлед маладафронтаўцаў і крымінальную справу супраць “Маладога фронту”.
У менскай кватэры сярод галадоўнікаў Алесь Паплыка. Ён галадае восьмыя суткі. Хлопец прыехаў з Магілёва, каб быць разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі.
(Паплыка: ) “Іншых мэтадаў няма — як яшчэ выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне? Мы будзем галадаць столькі, колькі патрэбна, каб дабіцца сваіх патрабаваньняў… Есьці ня хочацца. Нармалёва сябе адчуваю. Галава толькі крыху баліць… А так, усё нармалёва. Будзем трымацца”.
Афіцыйныя ўлады дагэтуль не далі адказу на звароты апазыцыянэраў. Паводле заканадаўства, заяву, накіраваную ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, могуць далучыць да крымінальнай справы. У іншым выпадку адказ мусяць даць заяўнікам цягам месяца. Ад пачатку галадоўкі некалькіх удзельнікаў акцыі выклікалі да сьледчых, каб тыя далі тлумачэньні ў крымінальнай справе супраць маладафронтаўцаў.
Чэр. 13, 2006 // 18:53 | Каментары (0)
23 моладзевыя актывісты працягваюць галадоўку
Галадоўка распачалася 15 дзён таму. Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” на просьбу кіраўніцтва арганізацыі ў акцыі пратэсту ня ўдзельнічаюць. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, “Эўрапейскай кааліцыі”, а таксама замежныя моладзевыя партнэры маладафронтаўцаў.
Амаль усе ўдзельнікі акцыі пратэсту знаходзяцца ў Менску. Плянавалася, што ад 12 чэрвеня галадоўнікі будуць разам у адной кватэры, але ўзьніклі складанасьці з арэндай памяшканьня. Арэндадаўцы не пагаджаюцца здаваць кватэру, калі даведваюцца, што там будзе праходзіць акцыя пратэсту.
Артур Фінькевіч займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі ў акцыі. Ён спыніў галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Больш за тры месяцы Артур правёў у камэры СІЗА, а хутка паедзе на “хімію” адбываць пакараньне за палітычныя графіці. Гаворыць Артур Фінькевіч:
(Фінькевіч: ) “Сёньня нарэшце амаль усе галадоўнікі сабраліся ў Менску. Плянуем позна ўвечары сабрацца ў адной кватэры, каб — магчыма, заўтра, магчыма, днямі — мы запрасілі б туды журналістаў і там працягвалі сваю галадоўку. Былі ўжо неаднаразова праблемы ў галадоўнікаў і з праваахоўчымі органамі, і са здароўем праблемы. Ужо выклікалі хуткую дапамогу. Але людзі трымаюцца, людзі вырашылі трымацца да апошняга. Пакуль вырашылі не спыняць нашай акцыі”.
Артур Фінькевіч атрымаў сёньня позву ў аддзел выкананьня пакараньняў Заводзкага раёну Менску. 15 чэрвеня яму паведамяць, у якім месцы будзе адбываць пакараньне.
Некаторых удзельнікаў акцыі выклікалі ў пракуратуру даць паказаньні ў крымінальнай справе супраць актывістаў “Маладога фронту”. У Горадні галадоўнікаў выклікалі ў школу і ўнівэрсытэт. Ім пагражалі адлічэньнямі, калі яны ня спыняць акцыі пратэсту. Але з галадоўкі выйшлі толькі непаўналетнія сябры арганізацыі й тыя, хто меў праблемы са здароўем.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што акцыя маладафронтаўцаў будзе плённая.
(Лябедзька: ) “Казаць, што гэта прынясе нейкія дывідэнды ці нейкія зьмены ў заканадаўстве дзяржавы — не. Але, разам з тым, безумоўна, гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі моцнае пратэстнае насельніцтва. Гэта пазытыўна ўплывае на актыўную частку грамадзтва. Для 25—30% людзей галадоўка, якая праходзіць у краіне, гэта фактар, які нешта значыць. Астатняя частка грамадзтва альбо пасіўна, альбо нэгатыўна рэагуе на галадоўку”.
Калі вырашыцца пытаньне з памяшканьнем, то 13 чэрвеня ўдзельнікаў акцыі змогуць наведаць іхныя сябры й прадстаўнікі грамадзкасьці.
Чэр. 12, 2006 // 18:47 | Каментары (0)