24 чалавекі 11-я суткі трымаюць галадоўку
24 чалавекі ў дзесяці гарадах Беларусі галадаюць на знак пратэсту супраць перасьледу моладзевых актывістаў апазыцыі й закрыцьця хрысьціянскіх суполак. Галадоўнікам выказалі падтрымку Аляксандар Мілінкевіч, Каардынацыйная рада эўрапейскай кааліцыі, сябры ўкраінскіх арганізацыяў “Нацыянальны альянс” і “Студэнцкае брацтва”.
Большасьць удзельнікаў акцыі – актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. За апошнія суткі шасьцёра чалавек спынілі галадоўку, але пяцёра да яе далучыліся.
13 чалавек працягваюць акцыю ў Менску. Па два-тры актывісты галадаюць у розных рэгіёнах. Сустаршыня маладафронтаўцаў Зьміцер Дашкевіч таксама трымае галадоўку. Ён паведаміў “Свабодзе”, што заняты пошукам кватэры ў Менску, дзе б маглі сабрацца разам усе ўдзельнікі акцыі пратэсту.
(Дашкевіч: ) “Галоўная для нас цяпер праблема — знайсьці кватэру, бо пад такую акцыю вельмі цяжка знайсьці памяшканьне. Ёсьць яшчэ праблема са сродкамі, але я спадзяюся, што цягам бліжэйшых дзён мы гэтае пытаньне вырашым. Тады акцыя будзе працягвацца больш арганізавана”.
Барыс Гарэцкі, згодна з рашэньнем кіраўніцтва арганізацыі, не трымае галадоўкі.
(Гарэцкі: ) “У нашу падтрымку сёньня выказалася “Эўрапейская кааліцыя”. Паседжаньне Каардынацыйнай рады адбылося ў Баранавічах, дзе адбывае пакараньне “на хіміі” яе лідэр Мікалай Статкевіч. Рада заклікала спыніць перасьлед маладафронтаўцаў і выпусьціць усіх палітзьняволеных, а таксама зарэгістраваць “Малады фронт”. Апроч “Эўрапейскай кааліцыі” нас падтрымліваюць замежныя партнэры, сябры ўкраінскіх арганізацыяў “Нацыянальны альянс” і “Студэнцкае брацтва”і Аляксандар Мілінкевіч, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Мы разьлічваем, што наша галадоўка прыцягне ўвагу грамадзкасьці”.
Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас лічыць, што галадоўка моладзевых актывістаў не паўплывае на беларускую грамадзкасьць.
(Колас: ) “Улады не прыслухоўваюцца да патрабаваньняў грамадзтва. Больш за тое, яны ня хочуць ведаць волю грамадзтва, якая выяўляецца праз выбары, праз рэфэрэндум. Яны фальсыфікуюць волевыяўленьне і падганяюць пад той вынік, які ім самім патрэбны. Я думаю, што гэтая галадоўка можа зрабіць уражаньне на замежную дэмакратычную супольнасьць, як на больш цывілізаваную, больш гуманную. Наша грамадзтва, на вялікі жаль, пакуль не ўзьнялася да такога ўзроўню цывілізаванасьці, бо мы жывем у эпоху дыктатуры”.
Уладзімер Колас ухваліў рашэньне спыніць галадоўку непаўналетнім. Ён лічыць, што й здароўю 18-гадовых акцыя сур’ёзна пагражае. Юнакі й дзяўчаты трымаюць галадоўку без нагляду мэдыкаў і адмаўляюцца
Чэр. 08, 2006 // 17:59 | Каментары (0)
Галадоўка працягваецца 11-ты дзень
Адзінаццаты дзень працягваецца галадоўка распачатая салігорскімі маладафронтаўцамі 29 траўня з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед актывістаў Маладога Фронту й вызваліць усіх палітзьняволеных.
Па стане здароўя некалькі чалавек учора прыпынілі галадоўку. На дадзены момант у галадоўцы ўдзельнічаюць:
Дзяніс Карноў (Салігорск), Настасься Азарка (Нясьвіж), Алесь Копаць, Юрась Шлапік (Масты), Сяржук Чайка (Ліда), Яўген Скрабутан (Гародня), Сяржук Гудзілін (Жодзіна), Валеры Мацкевіч (Бабруйск), Ігар Шчэкарэвіч (Луцк), Алесь Пікула, Алесь Сватко, Мікола Агароднік (Баранавічы), Сяржук Нягацін, Ірына Качарова, Сяржук Гіркін, Валеры Шапалаў, Алесь Капытка (Магілёў), Кастусь Усянок, Сяржук Дашкевіч, Аляксандар Карневіч, Ірына Завадзкая, Вольга Сакалова, Зьміцер Хверарук, Зьміцер Дашкевіч (Менск).
Чэр. 08, 2006 // 13:45 | Каментары (0)
Галадоўку па-ранейшаму трымаюць 25 чалавек
Актывісты моладзевых рухаў працягваюць галадоўку пратэсту. Частка галадоўнікаў спыніла акцыю — у асноўным гэта непаўналетнія сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Але да акцыі далучыліся некалькі новых удзельнікаў у рэгіёнах. Моладзь патрабуе спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога фронту”, вызваліць палітвязьняў, аднавіць на вучобе апазыцыянэраў, а таксама спыніць перасьлед вернікаў-хрысьціянаў.
У Менску і ў рэгіёнах няпоўнагадовыя ўдзельнікі акцыі спынілі галадоўку. У Жодзіне чатыры чалавекі выйшлі з акцыі пратэсту. Яны патлумачылі, што лічаць бессэнсоўным удзельнічаць у акцыі, якая не была добра падрыхтаваная інфармацыйна і таму не набыла вялікага розгаласу ў грамадзтве. У Жодзіне шостыя суткі трымае галадоўку 18-гадовы Сяржук Гудзілін. 11 чэрвеня яму споўніцца 19 гадоў. Сяржук заявіў, што будзе працягваць галадоўку, і нават у свой дзень народзінаў ня кіне галадаць.
(Гудзілін: ) “Алесь Чырыйка спыніў галадоўку, бо ён працуе. Чатыры дні, што ён галадаў, быў на працы. Ён фізычна ня здолеў працягваць галадоўку, бо ў яго вельмі адказная праца. Я адзін працягваю галадоўку ў Жодзіне на знак салідарнасьці з тымі, хто яе пачынаў у Салігорску. Я ведаю, што Дзяніс Карноў там працягвае галадоўку. Сёньня ўжо шостыя суткі, як я галадаю. Але пакуль рухаюся па горадзе, бо трэба выконваць свае функцыянальныя абавязкі. Спрабую праходзіць камісію ў ваенкамат, бо мяне, хутчэй за ўсё, забяруць у войска”.
Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук галадае 10-я суткі ў Менску. Разам зь ім у акцыі пратэсту ўдзельнічаюць 12 маладафронтаўцаў.
(Хведарук: ) “Стан здароўя больш-менш нармалёвы. Ёсьць толькі цяжкасьці з рухам, бо неяк цяжка стала хадзіць. Галадоўку я спыняць не зьбіраюся, бо, на вялікі жаль, улада не зьбіраецца пакуль выконваць патрабаваньняў галадоўнікаў: не спыніла крымінальныя справы, зачыненыя цэрквы, не вызвалілі палітвязьняў. Буду галадаць да апошняга. У Менску разам са мной трымаюць галадоўку больш за дзясятак маіх паплечнікаў. Мы спадзяемся, што цягам тыдня да акцыі далучацца больш за 50 чалавек”.
Да галадоўкі далучыліся некалькі чалавек ў Бабруйску, Магілёве, Нясьвіжы, Горадні, Лідзе, Мастах, Баранавічах, Менску. Ад 30 траўня чатыры чалавекі трымаюць галадоўку на знак салідарнасьці з актывістамі беларускай апазыцыі ва ўкраінскім Луцку. Падтрымку ўдзельнікам акцыі выказаў Аляксандар Мілінкевіч, а таксама сябры ўкраінскіх моладзевых арганізацыяў — “Нацыянальны альянс” і “Студэнцкае брацтва”.
Афіцыйныя ўлады пакуль не далі адказу маладафронтаўцам на іхныя патрабаваньні. Згодна з заканадаўствам, пракуратура мусіць даць адказ цягам месяца альбо далучыць зварот да матэрыялаў крымінальнай справы.
Радыё Свабода
Чэр. 07, 2006 // 18:01 | Каментары (0)
НА ДЗЯСЯТЫ ДЗЕНЬ У ГАЛАДОЎЦЫ ЎДЗЕЛЬНІЧАЮЦЬ 25 ЧАЛАВЕК
У сераду да маладафронтаўскай галадоўкі далучыліся тры актывісты ў Мастах, чатыры ў Менску і два ў Баранавічах.
Такім чынам галадоўка з патрабаваньнямі спыніць крымінальны перасьлед лідэраў Маладога Фронту й вызваліць усіх палітзьняволеных працягваецца ў Салігорску, Менску, Магілёве, Жодзіна, Лідзе, Гародне, Нясьвіжы, Бабруйску, Баранавічах, Мастах й Луцку.
Зьміцер Хведарук: «Ні ў якім разе мы не збіраемся прыпыняць галадоўку. У нас ёсьць канкрэтныя патрабаваньні да ўладаў, і пакуль яны не будуць выкананыя, маладафронтаўцы будуць працягваць акцыю, тым больш, што кожны дзень да галадоўкі далучаюцца новыя людзі".
Прэс-служба Маладога Фронту
Чэр. 07, 2006 // 15:36 | Каментары (0)