Да галадоўкі "Маладога фронту" далучыўся дэпутат райсавету
У Мастах таксама зьявіліся галадоўнікі. Сёньня да галадоўкі, распачатай салігорцамі, далучыўся дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарэмбюк.
Алесь Зарэмбюк падтрымлівае ўсе патрабаваньні галадоўнікаў. Раней у Мастах да гэтай акцыі далучыліся Юрась Шлапік і Алесь Копаць.
Чэр. 12, 2006 // 17:46 | Каментары (0)
15-я суткі 20 сяброў “Маладога фронту”
20 сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” працягваюць галадоўку пратэсту, пачатую 29 траўня ў Салігорску. Маладафронтаўцы патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі і вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітычных вязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” спынілі акцыю пратэсту на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі праз стан здароўя. Моладзь падтрымалі сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, Аляксандар Мілінкевіч, украінскія партнэры.
Акцыя пратэсту ахапіла 10 гарадоў Беларусі. Днямі маладафронтаўцы з рэгіёнаў прыехалі ў Менск, каб трымацца ўсім разам. Плянавалі зьняць прыватную кватэру, каб там разьмясьціцца на спальніках. Гаворыць Барыс Гарэцкі:
(Гарэцкі: ) “На жаль, мы маем цяпер невялікія праблемы з памяшканьнем, таму што людзі вельмі баяцца даваць памяшканьне пад галадоўку, баяцца, што АМАП будзе штурмам браць кватэру. Але, нягледзячы на гэта, галадоўнікі едуць у Менск. Ужо некалькі чалавек у Менску. Галадоўка працягваецца. Нашыя патрабаваньні застаюцца ў сіле. Мы будзем дамагацца, каб улады пайшлі на саступкі”.
Мікола Статкевіч неаднойчы трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць зьняволеньня. Ён паведаміў “Свабодзе”, што паважае ўчынак маладафонтаўцаў:
(Статкевіч: ) “Думаю, што будзе няправільна падказваць маладым людзям, якую форму барацьбы выбіраць. Яны змагаюцца за свабоду сваіх сяброў. Усе астатнія, калі ня могуць далучыцца да іх, то павінны іх падтрымаць. Гэта будзе мець плён, хаця б тое, што грамадзтва ведае і чакае гэтага працэсу. Гэта ўжо ціск грамадзтва, і ня толькі беларускага, але й міжнароднага”.
Сябры ўкраінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” прымалі некаторых удзельнікаў акцыі ва Ўкраіне, знаёмячы зь імі ўкраінскіх журналістаў. Некалькі сяброў арганізацыі былі ў Менску ў часе выбарчай кампаніі і адседзелі ад 10 да 15 сутак арышту. Гаворыць лідэр “Студэнцкага брацтва” Алег Яцэнка:
(Яцэнка: ) “Мы, маладыя ўкраінцы, падтрымліваем намаганьні маладафронтаўцаў, якія сёньня трымаюць галадоўку. Мы таксама летась галадалі ў Кіеве ад імя “Студэнцкага брацтва” за правы студэнтаў. У нас таксама хапае сваіх парушэньняў. Нашай галадоўкай мы нечага дабіліся, а нечага – не. Я мяркую, што ў выпадку з “Маладым фронтам” галадоўка – гэта перш за ўсё маральная перамога маладых людзей над тымі, хто парушыў іхныя правы”.
Сёньня маладафронтаўцы на сваім паседжаньні абмяркуюць сытуацыю. Паколькі ўжо ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту знаходзяцца ў Менску, будзе зацьверджаны плян далейшых дзеяньняў.
Радыё Свабода
Чэр. 12, 2006 // 13:33 | Каментары (0)
Два тыдні сябры “Маладога фронту” трымаюць галадоўку
Апазыцыянэры патрабуюць спыніць перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі, вернікаў-хрысьціянаў і вызваліць палітвязьняў. Ад пачатку акцыі рэгіянальныя пракуратуры выклікалі сяброў арганізацыі, каб апытаць у крымінальных справах супраць маладафронтаўцаў. У Горадні ўдзельнікам акцыі пратэсту пагражалі адлічэньнем з вучобы.
Сёньня галадоўку трымаюць 20 актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Менску і ў рэгіёнах. Некалькі маладафронтаўцаў прыехалі ў Менск, каб трымацца разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі. Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч знайшоў памяшканьне для галадоўнікаў. Яго паплечнікі падрыхтавалі ўсё неабходнае для правядзеньня агульнай акцыі, але пакуль ім замінаюць некаторыя абставіны. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:
(Дашкевіч:) “Cтан удзельнікаў акцыі, якія працягваюць галадоўку дагэтуль, задавальняючы. Мы ўжо падрыхтаваліся да таго, каб пераехаць на кватэру: закупілі спальнікі, ваду. Але, чалавек, які здаваў нам кватэру, калі даведаўся, што мы там будзем рабіць, адмовіў нам. Таму ёсьць у нас зараз праблемы з памяшканьнем. Але сябры нашай арганізацыі маюць рашучы настрой працягваць гэтую акцыю. Ужо ёсьць некаторыя вынікі. Так, у Горадні, дзе ў акцыі ўдзельнічалі шасьцёра маладафронтаўцаў, ужо “на вушах” стаяць усе школы, гарадзенскі ўнівэрсытэт”
У Горадні шасьцёра актывістаў “Маладога фронту” ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Старшыня гарадзенскай арганізацыі Яўген Скрабутан разам са сваімі паплечнікамі спынілі галадоўку па стану здароўя. Ён распавёў “Свабодзе”, што ўдзельнікам акцыі пагражаюць адлічэньнем з вучобы.
(Скрабутан:) “Пару дзён таму адну з удзельніц галадоўку, 10-клясьніцу Яўгенію Шасьцерыкову, выклікалі з маці да дырэктара школы. У яе пыталіся пра галадоўку, палохалі. Жэня выказала сваю пазыцыю, абгрунтавала дзеля чаго яна пачынала галадоўку. Ва ўнівэрсытэце таксама выклікалі Зьміцера Цесьлянка да дэкана. У іх была размова. Дэкан пытаўся пра іншых удзельнікаў галадоўкі: што да чаго. Патрабаваў спыніць. Хутчэй за ўсё, гарадзкі аддзел адукацыі атрымаў загад зьверху аб тым, каб ціснуць і перасьледваць удзельнікаў акцыі, а магчыма, нават ад нейкіх спэцслужбаў.”
Палітыкі і грамадзкія дзеячы занепакоеныя станам здароўя галадоўнікаў. Удзельнікі акцыі пакуль адмаўляюцца спыніць галадоўку. Яны разьлічваюць, што яна прымусіць улады пайсьці на саступкі.
12 чэрвеня маладафронтаўцы абмяркуюць сытуацыю на сваім паседжаньні і распрацуюць плян дзеяньняў на бліжэйчы час.
Радыё Свабода
Чэр. 11, 2006 // 19:32 | Каментары (0)
20 юнакоў і дзяўчат трымаюць галадоўку 13-я суткі
20 актывістаў моладзевых рухаў у 10 гарадох Беларусі працягваюць галадоўку, распачатую ад 29 траўня ў Салігорску. Галадоўнікі патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Напачатку акцыі ўдзельнікаў было больш за 4 дзесяткі чалавек. Пасьля таго, як непаўнагадовыя і тыя, каму аказвалі мэдычную дапамогу, спынілі галадоўку – колькасьць удзельнікаў акцыі скарацілася ўдвая. Акцыю моладзі падтрымалі Аляксандар Мілінкевіч, сябры “Эўрапейскай кааліцыі” і сябры ўкраінскіх моладзевых арганізацый.
Асноўная колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Некаторыя зь іх далучыліся да акцыі пазьней. Зьміцер Хведарук і Сяргей Гудзілін спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва “Маладога фронту”. Пасьля таго, як хлопцы страцілі прытомнасьць, ім выклікалі “хуткую дапамогу”. Мэдыкі папярэдзілі маладафронтаўцаў, што працягваць галадоўку вельмі небясьпечна для здароўя. Сяргей Скрабутан у Горадні спыніў галадоўку з-за таго, што мусіў зьехаць ва Ўкраіну, а Ігар Чыкарэвіч, які трымаў галадоўку ва ўкраінскім Луцку, з-за праблемаў са страўнікам. Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што маладафронтаўцы знайшлі памяшканьне ў Менску, дзе ўдзельнікі акцыі ад панядзелка (12 чэрвеня) будуць знаходзіцца ўсе разам.
(Дашкевіч: ) «Мы знайшлі кватэру, і ад панядзелка будзем ужо ўсе разам знаходзіцца ў адным памяшканьні. Самаадчуваньне ўдзельнікаў акцыі добрае. Учора некалькі чалавек з-за стану здароўя вымушаныя былі спыніць галадоўку. Мы іх папрасілі, бо да іх прыяжджала хуткая дапамога. Усе астатнія пакуль трымаюцца».
Сямёра ўдзельнікаў акцыі ўжо прыехалі ў Менск з рэгіёнаў. Некаторыя зь іх далучыліся да акцыі праз тыдзень. Мянчук Кастусь Усянок галадае трэція суткі. Ён далучыўся да акцыі галадоўкі яшчэ і з асабістых прычынаў. Кастусь патрабуе, каб улады прыцягнулі да адказнасьці байцоў спэцназу, якія зьдзекаваліся зь яго ў часе затрыманьня 22 сакавіка. Кастусь Усянок у сваёй заяве ў пракуратуру паведаміў, што яго абражалі, прымушалі есьці сваю майку, абрэзалі валасы на галаве, паранілі язык. У выніку Кастусь атрымаў адказ аб тым, што байцы дзейнічалі ў межах закону.
(Усянок: ) «Я галадаю трэція суткі. Да агульнага патрабаваньня вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед моладзі, у мяне ёсьць адно асабістае патрабаваньне як лёзунг: “Закон адзіны для ўсіх”. Нашых хлопцаў садзяць за краты ня ведаю за што, а міліцыянтаў, якія зьдзекуюцца з нас, ніяк не караюць. Пакуль не распачнуць крымінальную справу супраць міліцыянта, які зь мяне зьдзекаваўся, я не спыню галадоўку».
Маладафронтаўцы прывезьлі спальнікі ў кватэру, якую яны арэндавалі на час правядзеньня акцыі. Яны спадзяюцца, што ўдзельнікам акцыі разам будзе псыхалягічна лягчэй трымацца. Іх там змогуць наведваць сябры і журналісты. Апроч таго, можна будзе ў выпадку неабходнасьці выклікаць “хуткую дапамогу”.
Чэр. 10, 2006 // 19:28 | Каментары (0)