Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №106

Падзеі

У Берасьці загінуў літоўскі дыплямат Вітаўтас Пацюнас. У ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасьці загінуў літоўскі дыплямат, афіцэр бясьпекі, дарадца генэральнага консульства Літвы ў Горадні Вітаўтас Пацюнас. Берасьцейская абласная пракуратура праводзіць праверку па факце сьмерці дыплямата. Супрацоўнікі пракуратуры лічаць праўдападобным, што гэта быў няшчасны выпадак.

Наваполацкі суд адмовіўся прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці. Сёньня наваполацкія актывісты Валеры Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў атрымалі адказ зь мясцовага суду. Актывісты зьвярталіся туды са скаргай на дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму, які не дазволіў правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітвязьняў на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры.

АГП прапануе стварыць бібліятэку ў турме на Акрэсьціна. Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе стварыць бібліятэку ў менскай турме на вуліцы Акрэсьціна, дзе часта адбываюць пакараньні актывісты апазыцыі. У АГП заяўляюць, што гатовыя для пачатку перадаць туды каля тысячы кніг.

Факты

«У той вечар здавалася, што назад ніякага адыходу ня будзе». Роўна пятнаццаць год таму дэпутаты-дэмакраты Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня дамагліся пазачарговай сэсіі, якая мусіла прыдаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі статус канстытуцыйнай сілы. У той час дэпутаты знаходзіліся на летніх вакацыях, а іх трэба было сабраць у Авальнай залі, бо дэклярацыя набывала канстытуцыйную сілу толькі тады, калі за гэта прагаласуюць ня менш за дзьве траціны дэпутатаў. Зь некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў паразмаўляў наш карэспандэнт.

У Менску паменела індывідуальных прадпрымальнікаў. Сёлета за першае паўгодзьдзе ў Менску зарэгістравалі каля тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміў камітэт эканомікі Менскага гарвыканкаму. У той жа час ледзьве не ўтрая больш прадпрымальнікаў спынілі дзейнасьць.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org Выйшаў мультымэдыйны дыск “Open air revolution”. На дыску зьмешчаныя аўдыёзапісы, відэа і фота падзеяў часу прэзыдэнцкай кампаніі й «гарачага тыдня» 19–25 сакавіка. Ад 24 жніўня ахвотныя могуць бясплатна атрымаць мультымэдыйную кнігу праз сайт za-svabodu.org.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы: навіны, новости, news, Беларусь

Каментары Адключаныя