Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №102
Падзеі
У Берасьці прыпыненая галадоўка ўладальнікаў маршрутных таксі. Удзельнікі галадоўкі ў Берасьці 17 жніўня прыпынілі акцыю пратэсту. Пра гэта паведаміла БелаПАН брэсцкая прадпрымальніца Любоў Лаўруковіч. Паводле яе слоў, гэта абумоўлена тым, што ў чацьвер удзельнікі галадоўкі здалі ў аблвыканкам усе неабходныя дакумэнты, якія 18 жніўня будуць накіраваны ў Мінск для разгляду
Ці сустрэўся Пуцін з Лукашэнкам? Сёньня ў Сочы завершыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС. Аляксандар Лукашэнка сумяшчаў удзел у саміце з адпачынкам на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора. Пра ягоныя двухбаковыя сустрэчы ў Сочы пакуль нічога не паведамляецца.
Стваральнікі БЗВ адзначаюць 15-годзьдзе арганізацыі. Cёньня ў сядзібе БНФ адбылася ўрачыстая канфэрэнцыя, прысьвечаная 15-ым угодкам утварэньня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ). Дэмакратычна настроеныя афіцэры й вядомыя грамадзкія дзеячы стварылі арганізацыю на другі дзень пасьля абвяшчэньня ГКЧП, 20 жніўня 1991 году. Яны паставілі задачу дасягнуць незалежнасьці краіны і стварэньня беларускага войска.
Cупрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску распачалі крымінальную справу паводле інцыдэнту, які адбыўся на сядзібе партыі БНФ. 16 жніўня сябра партыі Натальля Дземянцей убачыла прымацаваны да дзьвярэй управы прадмет, падобны да выбуховага. Дзьверы й вокны былі запэцканы смалой, а побач – раскіданы ўлёткі зь лягатыпам незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства). Сапёры, выкліканыя на месца здарэньня, канстатавалі: невядомыя прымацавалі муляж бомбы.
РНЕ адмаўляе сваё дачыненьне да “мінаваньня” ўправы БНФ. Незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя РНЕ (“Расейскае нацыянальнае адзінства”) адмаўляе сваё дачыненьне да ўчорашняга здарэньня ў сядзібе партыі БНФ у Менску. Пра гэта гаворыцца ў заяве, дасланай сёньня па электроннай пошце на адрас кампаніі БелаПАН.
Дырэктар заводу ігнаруе незалежны прафсаюз. Дырэктар Магілёўскага заводу штучнага валакна Алег Буракоў адмовіўся сустракацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. У адказе на ліст прафсаюзных актывістаў ён зазначыў: у адміністрацыі няма падстаў для супрацоўніцтва зь незалежным прафсаюзам.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь