Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №098

Падзеі

ЭЗ патрабуе неадкладна вызваліць сябраў «Партнэрства» і А.Казуліна. Як паведамілі сёньня ў Радзе Эўразьвязу, прэзыдэнцтва гэтай арганізацыі прыняло адмысловую дэклярацыю ў зьвязку з прысудам чатырох сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” – Мікалая Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука. Акрамя сябраў Эўразьвязу, да дэклярацыі таксама далучыліся Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Баўгарыя, Румынія, Турэччына, Харватыя, Македонія, Альбанія, Чарнагорыя, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія, Украіна і Малдова.

Дэпутат гарсавету А.Чыгір звольнены з працы. Управа адукацыі Бабруйскага гарвыканкаму не падоўжыла працоўнага кантракту з апазыцыйным дэпутатам Бабруйскага гарсавету Алесем Чыгіром. Фармальнай падставай для спыненьня працоўных адносінаў стала сканчэньне тэрміну дзеяньня кантракту. За трынаццацігадовую настаўніцкую кар’еру Алесь Чыгір ня меў парушэньняў працоўнай дысцыпліны. У агульнаадукацыйных бабруйскіх школах ён выкладаў гісторыю. У 2003 годзе, дзякуючы падтрымцы бацькоў вучняў, Алеся Чыгіра абралі дэпутатам Бабруйскага гарсавету.

У Пінску канфіскавалі 261 асобнік “Народнай волі”. У Пінску за распаўсюд газэты “Народная воля” сёньня быў затрыманы актывіст дэмакратычнага руху Аляксандр Рамановіч. Каля трох гадзін ён правёў у міліцэйскім пастарунку. Як паведаміў ”Свабодзе” спадар Рамановіч, на яго быў складзены пратакол і канфіскаваны 261 асобнік “Народнай волі”. Актывіст лічыць гэтыя дзеяньні пінскай міліцыі незаконнымі.

Наваполацкія актывісты зьвярнуліся ў суд. Сёньня наваполацкія актывісты Валеры Шаўчэнка ды Ігар Сухарукаў зьвярнуліся ў суд са скаргай на дзеяньні кіраўніцтва мясцовага гарвыканкаму. Нагодай таму стала адмова гарадзкіх уладаў дазволіць правядзеньне штодзённых пікетаў у абарону палітычных вязьняў, якія актывісты зьбіраліся ладзіць штодня з 26 красавіка да 26 чэрвеня на пляцоўцы каля гарадзкога палацу культуры.

Факты

Беларускія цукеркі “Тэатральныя” і “Чырвоны каптурок” страцілі права экспарту ў Расію. Расійскія вытворцы зарэгістравалі ў сябе адпаведны патэнт. Расіяне настойваюць, што папулярныя савецкія брэнды належаць ім, і пагражаюць вялікімі штрафамі. Нашыя ж вытворцы лічаць, што гэта — агульная спадчына. Канцэрн “Белдзяржхарчпрам” за першую палову гэтага году ўжо зазнаў вялікія выдаткі на забароне.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы: навіны, новости, news, Беларусь

Каментары Адключаныя