Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №094
Падзеі
Некалькі дзесяткаў чалавек больш двух гадзінаў перакрывалі чыгунку ў Барысаве. Жыхары Барысава перакрылі чыгунку на станцыі. Яны патрабавалі сустрэчы з гарадскімі ўладамі. Забастоўку на рэйках зладзілі каля 30-ці жыхароў. Прычынай іх пратэсту сталі моцныя залевы. Ад надвор’я пацярпелі каля 50 жылых дамоў і падворкаў. На сустрэчу з гараджанамі прыехалі старшыня Барысаўскага гарвыканкаму і яго намеснік. Чыгунка была перакрытая каля дзвюх з паловай гадзінаў.
Сёньня ў Берасьці некаторыя ўдзельнікі галадоўкі заяўлялі пра магчымае спыненьне акцыі. Як паведаміў Віктар Чайкоўскі, узьнікла рэальная небясьпека жыцьцю Любовіч Разановіч. Ужо сем сутак жанчына трывае сухую галадоўку, і сіла пакідае яе. Акцыя пратэсту ў Берасьці пачалася 5 ліпеня. У ёй удзельнічае 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксі, іхныя сваякі, кіроўцы й двое прадпрымальнікаў-гандляроў. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай.
Адвакаты асуджаных актывістаў “Партнёрства” падрыхтавалі касацыйныя скаргі. Аспрэчваць прысуд будуць абаронцы Цімафея Дранчука і Мікалая Астрэйкі. Юрысты кажуць, што суд прыняў празмерна жорсткае рашэнне. Нагадаем, што актывістаў “Партнёрства” асудзілі да розных тэрмінаў зняволення. Мікалай Астрэйка атрымаў два гады зняволення, Цімафей Дранчук — год зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Інфармацыя аб прыбытках чыноўнікаў аб’яўлена службовай таямніцай. Беларускі ўрад сваёй пастановай зацьвердзіў інструкцыю пра парадак захаваньня і праверак дэклярацый аб прыбытках і маёмасьці дзяржаўных чыноўнікаў. Паводле гэтай інструкцыі інфармацыя аб прыбытках дзяржслужбоўцаў з’яўляецца службовай таямніцай і не падлягае апублікаваньню.
Факты
У Лібане застаецца каля паўсотні беларусаў. Паводле беларускага зьнешнепалітычнага ведамства, з зоны лібана-ізраільскага канфлікту эвакуаваны 442 грамадзяніна Беларусі й некалькі дзясяткаў небеларусаў – перадусім, дзяцей ад зьмешаных шлюбаў. МЗС Беларусі мае зьвесткі яшчэ пра паўсотню этнічных беларусаў, якія адмовіліся пакідаць рэгіён. Адначасова назіраецца тэндэнцыя вяртаньня зь Ізраілю некаторых былых грамадзян Беларусі, якія ў розныя часы зьехалі ў гэтую краіну.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы:
навіны,
новости,
news,
Беларусь