Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №082

Падзеі

У райцэнтры Лёзна, што на Віцебшчыне, на 30-мэтровай апоры лініі электраперадачаў, дзе напружаньне электрычнага току сягае 30 тысяч вольт, cёньня ўраньні зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Ён быў прымацаваны да вершаліны апоры ЛЭП, якая стаіць на гары, ля шашы, пры ўезьдзе ў Лёзна з боку Віцебску. Да сьцяга была прышпіленая запіска наступнага зьместу: “Сьветлай памяці слаўнага сына зямлі беларускай Уладзімера Рыгоравіча Плешчанкі. Пакуль на зямлі жывуць такія людзі, як ён, Беларусь жыла, жыве і будзе жыць вечна”.

Беларусь хоча купляць газ у Туркмэністане. Дэлегацыя “Белтрансгазу” сёньня знаходзілася ў Туркмэністане, дзе вяла перамовы аб магчымасьці паставак газу ў Беларусь з гэтай краіны. Пастаўкі туркмэнскага газу маглі б часткова кампэнсаваць падвышэньне цэнаў на расейскі газ, якое чакаецца з 1 студзеня 2007 году. Днямі кіраўніцтва «Газпрому» заявіла, што цэны на газ для Беларусі ў наступным годзе будуць падвышаныя зь сёлетніх 47 даляраў за тысячу кубамэтраў да 200 даляраў.

Цытаты

Зянон Пазьняк: Справа ў тым, што нацыянальнасьць і дэмакратыя – гэта сынонімы. Нацыянальная ідэя, нацыянальная дзяржава — гэта агульная справа. Яна можа ўзьнікнуць толькі як справа грамадзтва. Нацыі заўсёды ўтвараліся як агульная справа, як дэмакратычная. Так было ў ва ўсёй Эўропе. Потым маглі быць дыктатуры, розныя адступы. Але і дэмакратыя, і нацыянальная ідэя і нацыянальны палітычны рух — яны неад’емныя паняцьці.

Людзі

У Нямеччыне на 99-м годзе жыцця памёр кіраўнік беларускага антысавецкага Супраціву ў 1945 — 1959 гадах генерал Міхал Вітушка. Ён быў адзіным з кіраўнікоў нацыянальных рухаў Супраціву ў Савецкім Саюзе, які выжыў у партызанцы і не быў адшуканы савецкімі агентамі, якія доўгі час палявалі на яго на Захадзе. Міхал Вітушка нарадзіўся 5 лістапада 1907 году ў Нясвіжы. Скончыў славутую Віленскую беларускую гімназію і Варшаўскую палітэхніку. Быў актыўным удзельнікам беларускага незалежніцкага студэнцкага руху ў 1930-х. У гады Другой сусветнай вайны Вітушка ствараў беларускія вайсковыя фармацыі, браў удзел у нацыянальнай канспірацыі, быў адным з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1945 годзе Міхал Вітушка ўзначаліў Галоўны штаб беларускага партызанскага руху, з’яўляўся кіраўніком падпольнай арганізацыі «Чорны Кот». Арганізаваў выданне беларускага нелегальнага друку. У пачатку 50-х гадоў ён вывеў сваіх ацалелых партызанаў на Захад, а сам заставаўся на тэрыторыі Польшчы, кіраваў беларускім антысавецкім падполлем.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Jan. 28, 2680 // 11:51 | Каментары (0)