Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



19-я суткі працягваецца галадоўка моладзевых актывістаў апазыцыі

10 чалавек удзельнічаюць у акцыі пратэсту, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў, а таксама замежныя партнэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч прасіў галадоўнікаў спыніць акцыю, але тыя зь ім не пагадзіліся.

У кватэры, дзе знаходзяцца галадоўнікі, ўвесь час шмат людзей. Большасьць зь іх – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Маці Вячаслава Сіўчыка, Галіна Сіўчык прынесла галадоўнікам пітную ваду.

(Сіўчык: ) «Мы прыйшлі падтрымаць нашу слаўную моладзь. Нам, канечне, вельмі цяжка і балюча на гэта глядзець, але ж проста яны вымушаны так рабіць, таму што ў нашай краіне нічога немагчыма нерадыкальна зьмяніць, дый радыкальна... Я не хачу ім казаць, што гэта бессэнсоўна, таму што ахвяра, канечне, бессэнсоўнай ня можа быць... Нам, канечне, шкада дзетак, але яны малайцы».

Маці Яўгена Афнагеля Соф'я Афнагель таксама наведала галадоўнікаў:

(Афнагель: ) «Трэба, каб больш была падтрымка, каб людзі ведалі, што яны ахвяруюць сваім здароўем, сваім жыцьцём. Вельмі цяжка глядзець на ўсё гэта, я не магу больш гаварыць...»

Стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Доктар прапанаваў яму спыніць галадоўку, матываваўшы гэта тым, што арганізм вельмі аслаблены і могуць пачацца незваротныя працэсы. Справа ў тым, што Зьміцер тройчы зь невялікімі перапынкамі адбываў пакараньне ў турме на Акрэсьціна, а гэта таксама адбілася на стане здароўя. Але Зьміцер з доктарам не пагадзіўся. “Свабодзе” ён паведаміў:

(Дашкевіч: ) «Мы лічым, што мы яшчэ можам больш прыцягнуць увагі грамадзтва да тых праблемаў, каторыя закранаем у сваіх патрабаваньнях. Зараз вельмі інтэнсіўна працуем у інфармацыйным накірунку, з замежжам. Спыняць гэтае мерапрыемства мы пакуль не зьбіраемся. Першапачаткова кіраўніцтва «Маладога фронта» ня мела намеру распачынаць гэтую галадоўку. Яе распачалі нашы непаўнагадовыя актывісты ў рэгіёнах».

Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, таксама прасіў свайго паплечніка спыніць акцыю.

(Севярынец: ) “Тое, што яны робяць, іхняя ахвярнасьць заўважаная і ацэненая грамадзтвам. Зьміцер Дашкевіч – гэта вельмі моцны чалавек, змагар, баец, і тое, што яны нягледзячы на ўсе ўгаворы зараз галадоўку працягваюць, гэта толькі ў маіх вачох, у вачох многіх людзей, з кім я размаўляю, падымае аўтарытэт галадоўцаў, аўтарытэт усёй беларускай моладзі. Людзі бачаць, што ёсьць тыя, хто вырве сваё сэрца і, падняўшы яго над сабой, павядзе за сабой астатніх.. Гэта вельмі шмат чаго варта ў сёньняшняй Беларусі, дзе палітычнае бязвольле і бязьвер'е сталі нормай жыцьця апазыцыі".

Галадоўнікі паведамілі, што будуць знаходзіцца ўсе разам у арандаванай кватэры пакуль не скончыцца акцыя пратэсту.

Яшчэ адзін галадоўнік – Алесь Зарэмбюк – галадае ў Мастах.

Радыё Свабода

Top

Катэгорыя: Галадоўка маладафронтаўцаў Словы: гакладоўка, акцыя, пратэсту, малады фронт

Каментары Адключаныя