Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №075
Падзеі
10 чалавек удзельнічаюць у акцыі пратэсту, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. 19-я суткі працягваецца галадоўка. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў, а таксама замежныя партнэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч прасіў галадоўнікаў спыніць акцыю, але тыя зь ім не пагадзіліся.
У Маскве чацвёра скінхедаў збілі грамадзяніна Беларусі Кастуся Беляўца. Скінхеды напалі на 15-летняга Кастуся, жорстка збілі, зламалі сківіцу і забралі тэлефон, выкрыкваючы пры гэтым «Слава Расіі!". Пацярпелы шпіталіваны. Айчым Кастуся Беляўца напісаў заяву ў міліцыю. Андрэй Азараў таксама паведаміў, што тэлефон беларускай амбасады ў Маскве ўвесь час заняты, і ён не можа звярнуцца туды па дапамогу.
Адвакаты Казуліна просяць сьледчых дапытаць Лукашэнку. Адвакаты Аляксандра Казуліна заявілі хадайніцтвы аб дапаўненьні сьледзтва, якое яны лічаць недастатковым і неаб’ектыўным. У ліку хадайніцтваў, якія падалі адвакаты былога кандыдата на прэзыдэнта, ёсьць і просьба дапытаць кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку.
Вывучэньне справы актывістаў «Партнэрства» працягнутае яшчэ на месяц. Вывучэньне ў судзе справы актывістаў “Партнэрства” працягнулі яшчэ на месяц. Пра гэта паведамілі ў канцылярыі Цэнтральнага суду Менска, у якім будзе слухацца справа. Вывучаць справу яшчэ месяц дазволіў старшыня суду.
Факты
Санкцыі ЭЗ адносна беларускіх чыноўнікаў падтрымалі яшчэ 10 краін. Да фінансавых санкцый Эўразьвязу адносна 36 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, сярод якіх кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, далучыліся яшчэ 10 краінаў – Альбанія, Баўгарыя, Босьнія і Герцагавіна, Ісляндыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Румынія, Нарвэгія, Сэрбія і Харватыя. Яны выказалі гатоўнасьць узгадніць сваю палітыку з рашэньнем краін Эўразьвязу.
Цытаты
Абвесткі====
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Віцебская абласная рада ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» сумесна з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі ладзіць літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Васілю Быкаву. Свята адбудзецца 18 чэрвеня 2006г., у «Мазурына» з 12 гадзін дня на летняй эстрадзе.
Спампаваць версію для друку (PDF)
Jan. 28, 9760 // 11:50 | Каментары (0)
19-я суткі працягваецца галадоўка моладзевых актывістаў апазыцыі
10 чалавек удзельнічаюць у акцыі пратэсту, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў, а таксама замежныя партнэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч прасіў галадоўнікаў спыніць акцыю, але тыя зь ім не пагадзіліся.
У кватэры, дзе знаходзяцца галадоўнікі, ўвесь час шмат людзей. Большасьць зь іх – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Маці Вячаслава Сіўчыка, Галіна Сіўчык прынесла галадоўнікам пітную ваду.
(Сіўчык: ) «Мы прыйшлі падтрымаць нашу слаўную моладзь. Нам, канечне, вельмі цяжка і балюча на гэта глядзець, але ж проста яны вымушаны так рабіць, таму што ў нашай краіне нічога немагчыма нерадыкальна зьмяніць, дый радыкальна... Я не хачу ім казаць, што гэта бессэнсоўна, таму што ахвяра, канечне, бессэнсоўнай ня можа быць... Нам, канечне, шкада дзетак, але яны малайцы».
Маці Яўгена Афнагеля Соф'я Афнагель таксама наведала галадоўнікаў:
(Афнагель: ) «Трэба, каб больш была падтрымка, каб людзі ведалі, што яны ахвяруюць сваім здароўем, сваім жыцьцём. Вельмі цяжка глядзець на ўсё гэта, я не магу больш гаварыць...»
Стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Доктар прапанаваў яму спыніць галадоўку, матываваўшы гэта тым, што арганізм вельмі аслаблены і могуць пачацца незваротныя працэсы. Справа ў тым, што Зьміцер тройчы зь невялікімі перапынкамі адбываў пакараньне ў турме на Акрэсьціна, а гэта таксама адбілася на стане здароўя. Але Зьміцер з доктарам не пагадзіўся. “Свабодзе” ён паведаміў:
(Дашкевіч: ) «Мы лічым, што мы яшчэ можам больш прыцягнуць увагі грамадзтва да тых праблемаў, каторыя закранаем у сваіх патрабаваньнях. Зараз вельмі інтэнсіўна працуем у інфармацыйным накірунку, з замежжам. Спыняць гэтае мерапрыемства мы пакуль не зьбіраемся. Першапачаткова кіраўніцтва «Маладога фронта» ня мела намеру распачынаць гэтую галадоўку. Яе распачалі нашы непаўнагадовыя актывісты ў рэгіёнах».
Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, таксама прасіў свайго паплечніка спыніць акцыю.
(Севярынец: ) “Тое, што яны робяць, іхняя ахвярнасьць заўважаная і ацэненая грамадзтвам. Зьміцер Дашкевіч – гэта вельмі моцны чалавек, змагар, баец, і тое, што яны нягледзячы на ўсе ўгаворы зараз галадоўку працягваюць, гэта толькі ў маіх вачох, у вачох многіх людзей, з кім я размаўляю, падымае аўтарытэт галадоўцаў, аўтарытэт усёй беларускай моладзі. Людзі бачаць, што ёсьць тыя, хто вырве сваё сэрца і, падняўшы яго над сабой, павядзе за сабой астатніх.. Гэта вельмі шмат чаго варта ў сёньняшняй Беларусі, дзе палітычнае бязвольле і бязьвер'е сталі нормай жыцьця апазыцыі".
Галадоўнікі паведамілі, што будуць знаходзіцца ўсе разам у арандаванай кватэры пакуль не скончыцца акцыя пратэсту.
Яшчэ адзін галадоўнік – Алесь Зарэмбюк – галадае ў Мастах.
Радыё Свабода
Jan. 28, 9940 // 11:50 | Каментары (0)