Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №074

Падзеі

13 актывістаў спынілі галадоўку, 10 працягваюць галадаць. 18-я суткі працягваецца эстафэтная галадоўка актывістаў моладзевых апазыцыйных рухаў. На сёньняшні дзень галадаюць 10 чалавек. На просьбу кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» 13 чалавек спынілі галадоўку.

У Мінску прайшоў флэш-моб у падтрымку галадаючых актывістаў моладзевага руху. Затрыманых не было. Увечары 14 чэрвеня каля 30 чалавек цягам дзесяці хвілінаў сядзелі на прыступках каля гандлёвага дому «На Нямізе». Яны трымалі ў руках пластыкавыя талеркі з надпісам «Галадоўка». Галадоўшчыкі патрабуюць вызвалення палітвязняў, спынення крымінальных справаў у дачыненні актывістаў «Маладога фронту», а таксама спынення пераследу вернікаў хрысціянскіх канфесіяў, якія выказвалі салідарнасць з галадоўнікамі.

Акцыю-перфоманс правялі ўчора ў Салігорску каля прахадной вытворчага аб’яднання «Беларуськалій» актывісты «Маладога фронту». Маладыя людзі прынеслі каля 10 кілаграмаў солі і расцягнулі расцяжку «купі соль — выратуй «Беларуськалій». Удзельнікі акцыі прастаялі каля прахадной каля 15 хвілінаў і былі затрыманыя міліцыяй. У Салігорскім раённым аддзеле ўнутраных справаў у адносінах аднаго з іх — Аляксея Валабоева — быў складзены пратакол за «дробнае хуліганства». Ноч ён правёў у пастарунку. Сёння хлопец быў аштрафаваны. Міліцыя канфіскавала фотаапарат і 10 кілаграмаў солі.

“Беларуськалій” па-ранейшаму не працуе. Няпэўнай застаецца сытуацыя з аднаўленьнем працы руднікоў на вытворчым аб’яднаньні “Беларуськалій”. Спыніць здабычу калійных угнаеньняў з-за затаварваньня складоў пастанавілі ў мінулую суботу, аднак напярэдадні шахтарам паабяцалі, што да чацьвярга запрацуюць прынамсі тры з чатырох капальняў. Аднак, як высьветліў наш карэспандэнт, ад панядзелка на працу выклікаецца толькі рамонтная брыгада. Здабыча солі не вядзецца.

Людзі

Сяргея Скрабца ўпершыню наведалі ў турме родныя. Былога кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца, які асуджаны на два з паловаю гады зьняволеньня, днямі ўпершыню наведалі ягоныя родныя: маці Ніна Рыгораўна, жонка Аляксандра і дачка Натальля. Ім дазволілі чатыры дні пажыць у маленькім, на пяць нумароў, інтэрнаце пры папраўчай калёніі “Віцьба-3”. Наш карэспандэнт Уладзімер Глод размаўляў з маці Сяргея Скрабца, калі яна вярнулася ў Менск.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Віцебская абласная рада ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» сумесна з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі ладзіць літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя Васілю Быкаву. Свята адбудзецца 18 чэрвеня 2006г., у «Мазурына» з 12 гадзін дня на летняй эстрадзе. Перад прысутнымі выступяць вядомыя пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Уладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Валянцін Блакіт, Франц Сіўко, Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч і іншыя госці. Адбудзецца сустрэча з беларускімі бардамі Віктарам Шалкевічам, Зміцерам Бартосікам і віцебскімі бардамі

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы: навіны, новости, news, Беларусь

Каментары Адключаныя