Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №073

Падзеі

17-я суткі доўжыцца эстафэтная галадоўка моладзі. Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. У акцыі ўдзельнічаюць 23 чалавекі. Некалькі галадоўнікаў знаходзяцца ў адной кватэры ў Менску, астатнія з розных прычынаў ня могуць прыехаць у сталіцу. На паседжаньні “Маладога фронту” пастанавілі, што галадоўнікі ў рэгіёнах будуць трымацца, колькі здолеюць. Маладафронтаўцаў падтрымліваюць прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі й замежныя партнэры.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяць удзельнікаў моладзевай акцыі пратэсту. Затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёну на вуліцы Карла Маркса. Сярод затрыманых былі сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Віктар Янчурэвіч, Антаніна Вежнявец, Алесь Паплыка і яшчэ двое сяброў арганізацыі, прозьвішчы якіх пакуль невядомыя. Моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы, калі тыя выйшлі падыхаць сьвежым паветрам.

Аршанца Мікалая Разумава судзяць за паклёп на прэзыдэнта. У Аршанскім гарадзкім судзе распачаўся разгляд крымінальнае справы супраць вядомага на ўсю Беларусь колішняга лідэра рабочага руху. На пачатку 1990-х гадоў пад кіраўніцтвам Мікалая Разумава працаўнікі аршанскіх прадпрыемстваў выйшлі на рэйкі, патрабуючы глябальных рэформаў у дзяржаве. Мікалай Разумаў публічна выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара.

У 2007 годзе з Польшчы пачне вяшчаньне тэлеканал для Беларусі – цяпер вырашаюцца арганізацыйныя пытаньні, зьвязаныя з пачаткам вяшчаньня на Беларусь. Праект стварэньня тэлеканалу для Беларусі на базе польскага грамадзкага тэлебачаньня, цяпер толькі распрацоўваецца, таму падрабязнасьцяў аб праграме ці часе вяшчаньня, на дадзены момант практычна няма.

Актывіст дэмакратычнага руху Вячаслаў Сіўчык, які знаходзіцца на Ўкраіне, распаўсюдзіў зварот да прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Ён заклікае эмігрантаў звяртацца да лідэраў сямі вядучых краінаў свету з заявамі аб тым, што яны мусяць праігнараваць саміт G8 у Санкт-Пяцярбургу, пакуль Расія публічна не адмовіцца ад планаў правядзення рэферэндуму ў справе прыняцця Канстытуцыйнага акту так званай «саюзнай дзяржаве».

Людзі

Памёр грамадзкі актывіст, былы вязень ГУЛАГу І.Дудка. Сумная вестка прыйшла сёньня з Баранавічаў — памёр былы вязень сталінскіх лягераў Іван Гаўрылавіч Дудка. Іван Гаўрылавіч Дудка меў 83 гады. У 1946-м за непрыхільнае стаўленьне да савецкай улады быў асуджаны на 25 гадоў сталінскіх лягераў. Адбываў тэрмін на поўначы Рэспублікі Комі, дзе ў той час за кратамі трымалі й Ларысу Геніюш.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Jun. 14, 2006 // 18:36 | Каментары (0)


17-я суткі доўжыцца эстафэтная галадоўка моладзі

Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. У акцыі ўдзельнічаюць 23 чалавекі. Некалькі галадоўнікаў знаходзяцца ў адной кватэры ў Менску, астатнія з розных прычынаў ня могуць прыехаць у сталіцу.

На паседжаньні “Маладога фронту” пастанавілі, што галадоўнікі ў рэгіёнах будуць трымацца, колькі здолеюць. Маладафронтаўцаў падтрымліваюць прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі й замежныя партнэры.

У кватэры, якую арандавалі маладафронтаўцы для правядзеньня акцыі пратэсту, знаходзіцца больш за дзясятак чалавек. Сярод іх галадоўнікі й тыя, хто іх падтрымлівае. У некаторых удзельнікаў акцыі пагоршыўся стан здароўя. Зьміцер Дашкевіч захварэў, у яго зьнік голас — але ён адмовіўся спыніць галадоўку.

Пасьля таго, як 13 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяцёх чалавек, галадоўнікі не рызыкуюць выходзіць на вуліцу разам. Нагадаем: затрыманых маладафронтаўцаў трымалі ў пастарунку міліцыі амаль тры гадзіны. Спачатку адпусьцілі сямёх чалавек, а на Зьмітра Дашкевіча й Зьмітра Хведарука пачалі складаць пратаколы — нібыта за дробнае хуліганства. Але праз гадзіну вырашылі хлопцаў адпусьціць.

Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Стан здароўя галадоўнікаў пагоршыўся. Зараз я іду набываць для іх пітную чыстую ваду, бо ім трэба як мага болей піць. Ляжаць, фактычна ня рухаючыся, вельмі складана. Людзі ўвесь час скардзяцца на тое, што ў іх кружыцца і баліць галава. У іх час ад часу падвышаецца і падае тэмпэратура. Нестабільны стан. У выкліку неабходнасьці будзем выклікаць “хуткую”. Будзем гэта рабіць адразу ж, як толькі спатрэбіцца”.

Непаўналетняя Антаніна Вежнявец ад 30 траўня 5 сутак трымала галадоўку. Потым, як і іншыя непаўналетнія сябры “Маладога фронту”, Антаніна перастала галадаць на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Але непаўналетнія ў акцыі пратэсту выконваюць арганізацыйныя функцыі.

(Вежнявец: ) “Сёньня мы тэлефануем у амбасады. Мы разьлічваем, што амбасадары наведаюць галадоўнікаў на кватэры й выкажуць ім падтрымку. Нам вельмі патрэбна, каб нас наведаў амбасадар Расеі. Ён убачыць, што людзі галадаюць. Спадзяемся, што расейскі амбасадар распавядзе пра нашыя патрабаваньні да беларускіх уладаў свайму ўраду. Асабліва гэта важна напярэдадні саміту “васьмёркі”. Мы спадзяемся, што нас будуць наведваць журналісты й палітыкі й наагул людзі, якія салідарныя з намі й гатовыя нас падтрымаць”.

Маладафонтаўцы вырашылі не спыняць акцыі. Яны спадзяюцца, што галадоўка падштурхне грамадзкасьць і прымусіць улады прыслухацца да іхных патрабаваньняў. Галадоўнікі разьлічваюць, што акцыя набудзе розгалас у грамадзтве.

Радыё Свабода

Jun. 14, 2006 // 18:39 | Каментары (0)


У Менску адбыўся флэш-моб у падтрымку галадоўнікаў

Каля 30 чалавек сабраліся на прыступках каля гандлёвага дому на Нямізе. Яны трымалі ў руках талеркі, на якіх было напісана «Галадоўка». Маладыя людзі тлумачылі мінакам, што гэта акцыя падтрымкі галадоўнікаў, якія патрабуюць спыніць перасьлед моладзі а таксама вызваліць палітвязьняў.

Мінакі даволі добразычліва ставіліся да флэш-мобу, але супрацоўнікі міліцыі не пасьпелі на гэтую акцыю, тая цягнулася літаральна 10 хвілінаў. Аднак журналісты заўважылі, што большасьць спэцназаўцаў былі ў самім гандлёвым доме. Такім чынам, акцыя скончылася без затрыманьняў.

Jun. 14, 2006 // 21:22 | Каментары (0)