Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №072

Падзеі

16-я суткі ідзе акцыя пратэсту «Маладога фронту». 16-я суткі працягваецца эстафэтная галадоўка актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. На сёньняшні дзень галадаюць 23 чалавекі. Яны арандавалі кватэру ў Менску, каб трымацца разам. Галадоўку апазыцыянэры абвясьцілі 29 траўня. Напачатку ў акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Потым непаўналетнія спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі з прычыны стану здароўя. Але да акцыі далучыліся новыя ўдзельнікі.

Студэнта судзілі за бел-чырвона-белы сьцяг на матчы Беларусь-Расея. Cёньня суд Цэнтральнага раёну Гомелю вынес папярэджаньне студэнту першага курсу Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Зьмітру Жалезьнічэнку. Навучэнцу інкрымінуецца выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі падчас таварыскай сустрэчы паміж моладзевымі зборнымі Беларусі й Расеі. Юнак абвінавачаны ў тым, што падтрымліваў беларускую каманду бел-чырвона-белым сьцягам. Быў абвешчаны даволі мяккі прысуд — папярэджаньне, якое, зрэшты, можа мець сур’ёзныя наступствы, калі паўторыцца нешта падобнае.

Сітуацыя на «Беларуськаліі" блізкая да катастрафічнай. Сёння была прыпыненая праца на ўсіх чатырох руднях. Такое рашэнне было прынятае на планёрцы кіраўніцтва аб'яднання, у сувязі з тым, што складскія памяшканні перапоўненыя. Аб'яднанне будзе стаяць да 25 чэрвеня, пасля чаго, магчыма, запусцяць вытворчасць на двух руднях.

Беларусь зачыняе мяжу з Расіяй. Часовыя пасты ўсталяваныя на ўсіх пунктах пропуску. Як растлумачылі ў Дзяржаўным мытным камітэце, з гэтага часу Беларусь будзе пільна сачыць за прытрымліваннем заканадаўства ў вобласці транзіту і перавозкі падакцызных тавараў. Часовыя пасты будуць дзейнічаць, пакуль не будзе распрацаваны механізм інфармавання расійскіх перавозчыкаў аб неабходнасці заказваць канвой для перамяшчэння па тэрыторыі Беларусі.

Генеральны дырэктар «Нафтану» без тлумачэння, як паведамілі ў амбасадзе Латвіі, «выразных прычынаў" адмовіўся прымаць на заводзе амбасадараў краінаў ЕС. Нагадаем, падчас паездкі па Віцебскай вобласці дыпламаты жадалі наведаць буйное нафтаперапрацоўчае прадпрыемства. Гэтая дзіўная адмова выклікала здзіўленне ў прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў, паколькі падчас свайго візіту яны маюць намер былі наладзіць больш трывалыя адносіны з беларускім вытворцам нафтапрадуктаў.

Людзі

А.Казулін зьвярнуўся з адкрытым лістом да генпракурора. Былы кандыдат на прэзыдэнта азнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы і з гэтай нагоды зьвярнуўся да генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча. Аляксандар Казулін мяркуе, што справу на яго завялі на загад “зьверху” й расьсьледаваная яна неаб'ектыўна. Палітык адзначыў ролю ў перасьледзе супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня міліцыі “Алмаз” і камандзіра брыгады ўнутраных войскаў Зьмітра Паўлічэнкі.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Jun. 13, 2006 // 18:49 | Каментары (0)


16-я суткі ідзе акцыя пратэсту "Маладога фронту"

16-я суткі працягваецца эстафэтная галадоўка актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. На сёньняшні дзень галадаюць 23 чалавекі. Яны арандавалі кватэру ў Менску, каб трымацца разам. Галадоўку апазыцыянэры абвясьцілі 29 траўня.

Напачатку ў акцыі ўдзельнічалі больш за чатыры дзясяткі чалавек. Потым непаўналетнія спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі з прычыны стану здароўя. Але да акцыі далучыліся новыя ўдзельнікі.

Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фрот”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў.

Удзельнікі акцыі пратэсту арандавалі прыватную кватэру, дзе будуць трымацца разам. Пакуль там знаходзіцца каля дзясятка чалавек. Апазыцыянэры плянуюць, што цягам сутак іх колькасьць узрасьце ўдвая. Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч галадае 13-я суткі. Ён далучыўся да акцыі, як толькі выйшаў на волю пасьля адбыцьця арышту ў турме на Акрэсьціна. Зьміцер мае праблемы са здароўем, але не пакідае акцыі.

(Дашкевіч: ) “Актывісты яшчэ пад’яжджаюць сюды са ўсё Беларусі. Мы плянуем, што ў адной кватэры будуць знаходзіцца каля 15 чалавек і праводзіць акцыю разам. Астатнія займаюцца сваімі справамі — там, дзе жывуць. Пакуль яны ў стане фізычна рухацца, будуць галадаць, а потым будуць, напэўна, выходзіць з галадоўкі, бо не ва ўсіх атрымліваецца прыехаць у Менск. Для нас самае галоўнае — узьняць праблемы ў грамадзтве: рэпрэсіі супраць моладзі, палітзьняволеныя, закрыцьцё хрысьціянскіх цэркваў”.

Артур Фінькевіч, які займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі, непакоіцца за свайго сябра. Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Сёньня стан здароўя Зьмітра Дашкевіча пагоршыўся. Ён захварэў, у яго падвысілася тэмпэратура. Але ён не зьбіраецца спыняцца на гэтым. Ён ня спыніцца ні перад чым. Гэта мужны, адданы, шчыры чалавек, як і тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца побач зь ім, патрабуючы спыніць перасьлед маладафронтаўцаў і крымінальную справу супраць “Маладога фронту”.

У менскай кватэры сярод галадоўнікаў Алесь Паплыка. Ён галадае восьмыя суткі. Хлопец прыехаў з Магілёва, каб быць разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі.

(Паплыка: ) “Іншых мэтадаў няма — як яшчэ выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне? Мы будзем галадаць столькі, колькі патрэбна, каб дабіцца сваіх патрабаваньняў… Есьці ня хочацца. Нармалёва сябе адчуваю. Галава толькі крыху баліць… А так, усё нармалёва. Будзем трымацца”.

Афіцыйныя ўлады дагэтуль не далі адказу на звароты апазыцыянэраў. Паводле заканадаўства, заяву, накіраваную ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, могуць далучыць да крымінальнай справы. У іншым выпадку адказ мусяць даць заяўнікам цягам месяца. Ад пачатку галадоўкі некалькіх удзельнікаў акцыі выклікалі да сьледчых, каб тыя далі тлумачэньні ў крымінальнай справе супраць маладафронтаўцаў.

Jun. 13, 2006 // 18:53 | Каментары (0)


У Менску затрымалі некалькіх удзельнікаў галадоўкі пратэсту

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі дзевяць удзельнікаў моладзевай акцыі пратэсту. Ад 29 траўня сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” трымалі эстафэтную галадоўку, патрабуючы спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў і вызваліць палітвязьняў.

Затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёну на вуліцы Карла Маркса. Сярод затрыманых былі сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Віктар Янчурэвіч, Антаніна Вежнявец, Алесь Паплыка і яшчэ двое сяброў арганізацыі, прозьвішчы якіх пакуль невядомыя.

Моладзевых актывістаў затрымалі на вуліцы, калі тыя выйшлі падыхаць сьвежым паветрам. У момант затрыманьня мы зьвязаліся з Артурам Фінькевічам па мабільным тэлефоне. Ён пасьпеў сказаць некалькі словаў.

(Фінькевіч: ) “Мы папросту сабраліся паразмаўляць. Нам падкінулі ўлёткі. Тут стаялі нейкія скрыні з улёткамі. Незразумела, якога яны былі паходжаньня. Мы абсалютна ніякага дачыненьня да іх не маем. Зараз завезьлі нас у апорны пункт.”

Затрыманьне галадоўнікаў адбылося ў дзень, калі яны арандавалі кватэру, каб трымацца разам і мець магчымасьць кантактаваць са сваімі паплечнікамі і журналістамі.

***

Неўзабаве сямёх затрыманых адпусьцілі. У дзяжурнай частцы пакінулі сустаршыню арганізацыі Зьміцера Дашкевіча і Зьміцера Хведарука.

Артур Фінькевіч паведаміў “Свабодзе”, што на Дашкевіча і Хведарука склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Хлопцаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта нецэнзурна лаяліся ў часе затрыманьня. Зьміцер Хведарук галадаў 15-я суткі, а Зьміцер Дашкевіч – 13-я, бо далучыўся да галадоўкі пасьля таго, як выйшаў з турмы на Акрэсьціна.

Хлопцы ўжо адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі. Зьміцер Дашкевіч двойчы адседзеў пасьля яе заканчэньня.

Галадоўнікі незадоўга да затрыманьня. Сёння 4 актывісты Маладога Фронту засяліліся ў кватэру, у якой плянавалі разам працягваць галадоўку.

Радыё Свабода

Jun. 13, 2006 // 21:53 | Каментары (0)