Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №071
Падзеі
23 моладзевыя актывісты працягваюць галадоўку. Галадоўка распачалася 15 дзён таму. Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” на просьбу кіраўніцтва арганізацыі ў акцыі пратэсту ня ўдзельнічаюць. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, “Эўрапейскай кааліцыі”, а таксама замежныя моладзевыя партнэры маладафронтаўцаў.
Найлепшыя кнігі забірае сабе прэзыдэнцкая бібліятэка. Сёньня ў Доме літаратараў супрацоўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі пачалі забіраць найлепшыя кнігі з фонду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паводле кіраўніцтва творчай арганізацыі, даводзіцца саступіць частку свайго кнігазбору, бо судовыя выканаўцы патрабуюць на гэтым тыдні вызваліць памяшканьне.
Рада Эўразьвязу асудзіла перасьлед праваабаронцаў. Эўрапейскага зьвязу прыняла сёньня ў Люксэмбургу адмысловы дакумэнт, у якім асуджаецца перасьлед праваабаронцаў у розных краінах сьвету. Хаця непасрэдна ніводная з гэтых краінаў у дакумэнце ня згадваецца, неафіцыйна паведамляецца, што датычна суседзяў Эўразьвязу маецца на ўвазе перадусім Беларусь.
Людзі
Да галадоўкі «Маладога фронту» далучыўся дэпутат райсавету. У Мастах таксама зьявіліся галадоўнікі. Сёньня да галадоўкі, распачатай салігорцамі, далучыўся дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарэмбюк. Алесь Зарэмбюк падтрымлівае ўсе патрабаваньні галадоўнікаў. Раней у Мастах да гэтай акцыі далучыліся Юрась Шлапік і Алесь Копаць.
Цытаты
А.Мілінкевіч: «Мы плянуем давесьці ўладу да крызісу раней, чым 2011 год. Я абсалютна шчыра заўсёды кажу, што мы не гаворым пра выбары 2011, бо гэтыя даты ня маюць сёньня сэнсу на Беларусі. Ня будзе пры гэтай уладзе больш выбараў. Мы ведалі, што і прэзыдэнцкіх ня будзе – проста гэта для нас шанс на вялікую выдатную кампанію, тое самае мясцовыя выбары. Але мы плянуем давесьці ўладу да крызісу значна раней, чым 2011 год. І нават калі думаць пра 2011, на ім зноў нічога ня вырашыцца, калі ўлада будзе дзейнічаць гэтак сама – ня будзе выбараў".
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы:
навіны,
новости,
news,
Беларусь
![[rss]](images/rss.gif)
