Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



15-я суткі 20 сяброў “Маладога фронту”

20 сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” працягваюць галадоўку пратэсту, пачатую 29 траўня ў Салігорску. Маладафронтаўцы патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі і вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітычных вязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” спынілі акцыю пратэсту на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі праз стан здароўя. Моладзь падтрымалі сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, Аляксандар Мілінкевіч, украінскія партнэры.

Акцыя пратэсту ахапіла 10 гарадоў Беларусі. Днямі маладафронтаўцы з рэгіёнаў прыехалі ў Менск, каб трымацца ўсім разам. Плянавалі зьняць прыватную кватэру, каб там разьмясьціцца на спальніках. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “На жаль, мы маем цяпер невялікія праблемы з памяшканьнем, таму што людзі вельмі баяцца даваць памяшканьне пад галадоўку, баяцца, што АМАП будзе штурмам браць кватэру. Але, нягледзячы на гэта, галадоўнікі едуць у Менск. Ужо некалькі чалавек у Менску. Галадоўка працягваецца. Нашыя патрабаваньні застаюцца ў сіле. Мы будзем дамагацца, каб улады пайшлі на саступкі”.

Мікола Статкевіч неаднойчы трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць зьняволеньня. Ён паведаміў “Свабодзе”, што паважае ўчынак маладафонтаўцаў:

(Статкевіч: ) “Думаю, што будзе няправільна падказваць маладым людзям, якую форму барацьбы выбіраць. Яны змагаюцца за свабоду сваіх сяброў. Усе астатнія, калі ня могуць далучыцца да іх, то павінны іх падтрымаць. Гэта будзе мець плён, хаця б тое, што грамадзтва ведае і чакае гэтага працэсу. Гэта ўжо ціск грамадзтва, і ня толькі беларускага, але й міжнароднага”.

Сябры ўкраінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” прымалі некаторых удзельнікаў акцыі ва Ўкраіне, знаёмячы зь імі ўкраінскіх журналістаў. Некалькі сяброў арганізацыі былі ў Менску ў часе выбарчай кампаніі і адседзелі ад 10 да 15 сутак арышту. Гаворыць лідэр “Студэнцкага брацтва” Алег Яцэнка:

(Яцэнка: ) “Мы, маладыя ўкраінцы, падтрымліваем намаганьні маладафронтаўцаў, якія сёньня трымаюць галадоўку. Мы таксама летась галадалі ў Кіеве ад імя “Студэнцкага брацтва” за правы студэнтаў. У нас таксама хапае сваіх парушэньняў. Нашай галадоўкай мы нечага дабіліся, а нечага – не. Я мяркую, што ў выпадку з “Маладым фронтам” галадоўка – гэта перш за ўсё маральная перамога маладых людзей над тымі, хто парушыў іхныя правы”.

Сёньня маладафронтаўцы на сваім паседжаньні абмяркуюць сытуацыю. Паколькі ўжо ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту знаходзяцца ў Менску, будзе зацьверджаны плян далейшых дзеяньняў.

Радыё Свабода

Jun. 12, 2006 // 13:33 | Каментары (0)


Да галадоўкі "Маладога фронту" далучыўся дэпутат райсавету

У Мастах таксама зьявіліся галадоўнікі. Сёньня да галадоўкі, распачатай салігорцамі, далучыўся дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк падтрымлівае ўсе патрабаваньні галадоўнікаў. Раней у Мастах да гэтай акцыі далучыліся Юрась Шлапік і Алесь Копаць.

Jun. 12, 2006 // 17:46 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №071

Падзеі

23 моладзевыя актывісты працягваюць галадоўку. Галадоўка распачалася 15 дзён таму. Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” на просьбу кіраўніцтва арганізацыі ў акцыі пратэсту ня ўдзельнічаюць. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, “Эўрапейскай кааліцыі”, а таксама замежныя моладзевыя партнэры маладафронтаўцаў.

Найлепшыя кнігі забірае сабе прэзыдэнцкая бібліятэка. Сёньня ў Доме літаратараў супрацоўнікі прэзыдэнцкай бібліятэкі пачалі забіраць найлепшыя кнігі з фонду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паводле кіраўніцтва творчай арганізацыі, даводзіцца саступіць частку свайго кнігазбору, бо судовыя выканаўцы патрабуюць на гэтым тыдні вызваліць памяшканьне.

Рада Эўразьвязу асудзіла перасьлед праваабаронцаў. Эўрапейскага зьвязу прыняла сёньня ў Люксэмбургу адмысловы дакумэнт, у якім асуджаецца перасьлед праваабаронцаў у розных краінах сьвету. Хаця непасрэдна ніводная з гэтых краінаў у дакумэнце ня згадваецца, неафіцыйна паведамляецца, што датычна суседзяў Эўразьвязу маецца на ўвазе перадусім Беларусь.

Людзі

Да галадоўкі «Маладога фронту» далучыўся дэпутат райсавету. У Мастах таксама зьявіліся галадоўнікі. Сёньня да галадоўкі, распачатай салігорцамі, далучыўся дэпутат Мастоўскага райсавету Алесь Зарэмбюк. Алесь Зарэмбюк падтрымлівае ўсе патрабаваньні галадоўнікаў. Раней у Мастах да гэтай акцыі далучыліся Юрась Шлапік і Алесь Копаць.

Цытаты

А.Мілінкевіч: «Мы плянуем давесьці ўладу да крызісу раней, чым 2011 год. Я абсалютна шчыра заўсёды кажу, што мы не гаворым пра выбары 2011, бо гэтыя даты ня маюць сёньня сэнсу на Беларусі. Ня будзе пры гэтай уладзе больш выбараў. Мы ведалі, што і прэзыдэнцкіх ня будзе – проста гэта для нас шанс на вялікую выдатную кампанію, тое самае мясцовыя выбары. Але мы плянуем давесьці ўладу да крызісу значна раней, чым 2011 год. І нават калі думаць пра 2011, на ім зноў нічога ня вырашыцца, калі ўлада будзе дзейнічаць гэтак сама – ня будзе выбараў".

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Jun. 12, 2006 // 18:40 | Каментары (0)


23 моладзевыя актывісты працягваюць галадоўку

Галадоўка распачалася 15 дзён таму. Галадоўнікі, у асноўным сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, патрабуюць спыніць крымінальныя справы супраць актывістаў сваёй арганізацыі, выключэньні з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях, перасьлед вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітвязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” на просьбу кіраўніцтва арганізацыі ў акцыі пратэсту ня ўдзельнічаюць. Галадоўнікаў падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, “Эўрапейскай кааліцыі”, а таксама замежныя моладзевыя партнэры маладафронтаўцаў.

Амаль усе ўдзельнікі акцыі пратэсту знаходзяцца ў Менску. Плянавалася, што ад 12 чэрвеня галадоўнікі будуць разам у адной кватэры, але ўзьніклі складанасьці з арэндай памяшканьня. Арэндадаўцы не пагаджаюцца здаваць кватэру, калі даведваюцца, што там будзе праходзіць акцыя пратэсту.

Артур Фінькевіч займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі ў акцыі. Ён спыніў галадоўку на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Больш за тры месяцы Артур правёў у камэры СІЗА, а хутка паедзе на “хімію” адбываць пакараньне за палітычныя графіці. Гаворыць Артур Фінькевіч:

(Фінькевіч: ) “Сёньня нарэшце амаль усе галадоўнікі сабраліся ў Менску. Плянуем позна ўвечары сабрацца ў адной кватэры, каб — магчыма, заўтра, магчыма, днямі — мы запрасілі б туды журналістаў і там працягвалі сваю галадоўку. Былі ўжо неаднаразова праблемы ў галадоўнікаў і з праваахоўчымі органамі, і са здароўем праблемы. Ужо выклікалі хуткую дапамогу. Але людзі трымаюцца, людзі вырашылі трымацца да апошняга. Пакуль вырашылі не спыняць нашай акцыі”.

Артур Фінькевіч атрымаў сёньня позву ў аддзел выкананьня пакараньняў Заводзкага раёну Менску. 15 чэрвеня яму паведамяць, у якім месцы будзе адбываць пакараньне.

Некаторых удзельнікаў акцыі выклікалі ў пракуратуру даць паказаньні ў крымінальнай справе супраць актывістаў “Маладога фронту”. У Горадні галадоўнікаў выклікалі ў школу і ўнівэрсытэт. Ім пагражалі адлічэньнямі, калі яны ня спыняць акцыі пратэсту. Але з галадоўкі выйшлі толькі непаўналетнія сябры арганізацыі й тыя, хто меў праблемы са здароўем.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што акцыя маладафронтаўцаў будзе плённая.

(Лябедзька: ) “Казаць, што гэта прынясе нейкія дывідэнды ці нейкія зьмены ў заканадаўстве дзяржавы — не. Але, разам з тым, безумоўна, гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі моцнае пратэстнае насельніцтва. Гэта пазытыўна ўплывае на актыўную частку грамадзтва. Для 25—30% людзей галадоўка, якая праходзіць у краіне, гэта фактар, які нешта значыць. Астатняя частка грамадзтва альбо пасіўна, альбо нэгатыўна рэагуе на галадоўку”.

Калі вырашыцца пытаньне з памяшканьнем, то 13 чэрвеня ўдзельнікаў акцыі змогуць наведаць іхныя сябры й прадстаўнікі грамадзкасьці.

Jun. 12, 2006 // 18:47 | Каментары (0)