Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Партыя БНФ заклікала спыніць моладзевую галадоўку і зберагчы сілы

Зварот Управы Сойму Партыі БНФ

Партыя БНФ выказвае падтрымку й салідарнасьць актывістам “Маладога Фронту”, сябрам БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў, якія ўжо некалькі дзён трымаюць палітычную галадоўку ў розных гарадох Беларусі.

Партыя БНФ далучаецца да патрабаваньняў, выстаўленых галадоўнікамі да ўладаў краіны: спыніць крымінальны перасьлед за сяброўства ў не прызнаных рэжымам арганізацыях і аднавіць у навучальных установах выгнаных за палітычныя погляды.

Ганебна і абуральна, калі маладыя грамадзяне Беларусі вымушаныя выкарыстоўваць крайнія формы пратэсту й ставіць пад пагрозу сваё здароўе й жыцьцё, каб дамагчыся рэалізацыі сваіх законных правоў на самаарганізацыю, свабоду асацыяцыяў, свабоду думкі.

Свабода – адна з найвялікшых каштоўнасьцяў для нашае нацыі, для кожнага чалавека, але асабліва яна патрэбная маладым. Мы захапляемся мужнасьцю й салідарнасьцю ўдзельнікаў галадоўкі.

Разам з тым мы заклікаем маладых беларускіх патрыётаў спыніць галадоўку. Яе годных мэтаў магчыма дасягнуць, толькі вярнуўшы свабоду ўсёй краіне. Мы ўпэўненыя, што гэта рэальна на працягу бліжэйшага часу – пры ўмове як ахвярнасьці, так і цяжкой штодзённай працы ўсіх нас. Хлопцы, вы патрэбныя Бацькаўшчыне жывымі й здаровымі, моцнымі ня толькі духоўна, але й фізычна.

Жыве Беларусь!

Жыве беларуская моладзь!

Top

Катэгорыя: Галадоўка маладафронтаўцаў Словы: галадоўка, малады фронт

Каментары Адключаныя