Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №066

Падзеі

Крымінальная справа ў адносінах лідэраў арганізацыі «Партнерства» перададзена ў суд Цэнтральнага раёну сталіцы. Адвакаты сцвярджаюць, што матэрыялы справы не даказваюць віны падабаронных. Нагадаем, Мікалай Астрэйка, Эніра Браніцкая, Аляксандр Шалайка і і Цімафей Дранчук абвінавачваюцца ў арганізацыі і кіраванні незарэгістраваным аб’яднаннем. З лютага яны знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ. Сваёй віны грамадскія актывісты не прызналі.

Паплечнікі А.Казуліна аднавілі пікеты ў ягоную абарону. У менскім парку Дружбы народаў аднавіліся пікеты на знак салідарнасьці з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Пікетоўцы патрабуюць вызваленьня палітыка, якога ад 25 сакавіка трымаюць у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Аляксандра Казуліна абвінавачваюць у хуліганстве й арганізацыі вулічнай акцыі, падчас якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі.

Беларускія ўлады блякуюць замежную дапамогу рэпрэсаваным. Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў з Польшчы і іншых краінаў Эўрапейскага зьвязу заяўляюць, што беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб заблякаваць дапамогу для ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Людзі

Непаўналетнія ў Салігорску пачынаюць выходзіць з галадоўкі. 13-гадовы Ільля Шыла спыніў галадаваць сёньня, 5 чэрвеня. Брат маладафронтаўца 15-гадовы Іван Шыла заявіў, што выйдзе з галадоўкі не пазьней за 7 чэрвеня. Сёньня дзевяціклясьнік Іван Шыла здаў другі за час галадоўкі дзяржаўны іспыт.

Да галадоўкі пратэсту далучыліся яшчэ чатыры чалавекі. Яшчэ чатыры чалавекі з трох гарадоў Беларусі далучыліся да моладзевай галадоўкі. Маладафронтаўцы Валер Мацкевіч з Бабруйску, Наста Азарка зь Нясьвіжу, няпоўнагадовая актывістка Віка Кутырла з Жодзіна й актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірына Качарова з Магілёва. У галадоўцы цяпер бяруць удзел каля 40 чалавек з розных гарадоў Беларусі.

5 чэрвеня прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч трапіў у турэмны шпіталь гарадзенскага СІЗА. Ужо амаль два месяцы ён трымае галадоўку, з іх 14 дзён — сухую. Ён пратэстуе супраць несправядлівага суду і патрабуе свайго вызвалення. Днямі да Аўтуховіча звярнуліся жыхары Ваўкавыска, якія заклікаюць яго спыніць галадоўку. Пад зваротам паставілі подпісы 164 чалавекі. Нагадаем, прадпрымальніку пагражае «хімія» альбо 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. За кратамі Мікалай Аўтуховіч праводзіць ужо другую галадоўку. Першы раз ён галадаў 74 дні.

В.Сіўчыка пакаралі 10 суткамі арышту завочна. Вядомы палітык асуджаны за ўдзел у сакавіцкіх падзеях на Кастрычніцкай плошчы. Паводле пастановы суду, якую атрымалі сваякі Вячаслава Сіўчыка, суд над ім адбыўся яшчэ 19 траўня. У судзе заявілі, што справу разгледзелі без удзелу Вячаслава Сіўчыка, паколькі ў суд ён не зьявіўся, хаця быў папярэджаны. Вячаслаў Сіўчык ужо некалькі тыдняў знаходзіцца ў Кіеве.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы: навіны, новости, news, Беларусь

Каментары Адключаныя