Галадоўнікі зьбіраюцца ставіць намёты
Моладзь, якая галадае ў Жодзіне, зьбіраецца на наступным тыдні паставіць у горадзе намёты. Гэта адбудзецца ў выпадку, калі ўлады ня выканаюць яе патрабаваньняў.
Сёньня, 2 чэрвеня, пайшоў ужо дзевяты дзень галадоўкі моладзі, якая патрабуе спыніць дзяржаўны тэрор і аднавіць адлічаных па палітычных матывах навучэнцаў. Ініцыятарамі акцыі сталі маладафронтаўцы Алесь Вінаградаў, Яўген Валкавец, непаўналетні Сяржук Мурашка, а таксама Зьміцер Чарткоў з “Маладой Грамады”. Праз два дні да іх далучыліся маладафронтаўцы Павал Каранюхін (непаўналетні) і Сяржук Марчык.
31 траўня галадоўку абвесьцілі яшчэ чацьвёра маладафронтаўцаў — Валер Мацкевіч, Ігар Шчэкарэвіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, а таксама прадстаўнік руху “Зубр” Міхась Кандрашоў. У гэты ж дзень да двух удзельнікаў акцыі — Сержука Марчыка і Яўгена Валкаўца — выклікалі “хуткую дапамогу”. У першага — астма, у другога хлопца была выяўленая тахікардыя. Аднак яны, нягледзячы на просьбы сяброў, не спынілі галадоўку. Штодня галадоўнікаў наведвае лекар.
Як паведаміў сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, ужо ёсьць “першыя вынікі” акцыі. Кірылу Шымановічу, якога выключылі ў Менску з юрыдычнага каледжу, паабяцалі даць магчымасьць працягваць вучобу. Навучэнак адзінай у Беларусі жаночай гімназіі ў Жодзіне Натальлю Максімаву і Вольгу Галубец таксама перадумалі выключаць. На ўчорашняй сустрэчы вядомых палітыкаў і інтэлігэнцыі з чыноўнікамі Міністэрства адукацыі апошнія паабяцалі, што, не адкладна пачнуць разьбірацца і па Сяржуку Мурашку, якога адлічылі з жодзінскага палітэхнічнага каледжу. Галадоўнікаў нядаўна наведалі Ўладзімер Колас, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Андрэй Дынько, Кася Камоцкая. Моладзь чакае таксама прыезду Лявона Вольскага.
— На наступным тыдні мы выставім намёты на цэнтральнай плошчы Жодзіна, — гаворыць З. Дашкевіч. — Нам няма чаго губляць, хай губляе антынародная ўлада! Настрой вельмі добры. У першую чаргу дзякуючы маральнай падтрымцы. Дзякуючы ёй па сутнасьці галадоўка і працягваецца.
Тым часам, да 11 галадоўнікаў гатовыя далучыцца новыя людзі.
Алена Варажбей, belngo.info
Катэгорыя: Галадоўка маладафронтаўцаў Словы:
малады фронт,
гакладоўка
![[rss]](images/rss.gif)
