Галадоўнікі зьбіраюцца ставіць намёты
Моладзь, якая галадае ў Жодзіне, зьбіраецца на наступным тыдні паставіць у горадзе намёты. Гэта адбудзецца ў выпадку, калі ўлады ня выканаюць яе патрабаваньняў.
Сёньня, 2 чэрвеня, пайшоў ужо дзевяты дзень галадоўкі моладзі, якая патрабуе спыніць дзяржаўны тэрор і аднавіць адлічаных па палітычных матывах навучэнцаў. Ініцыятарамі акцыі сталі маладафронтаўцы Алесь Вінаградаў, Яўген Валкавец, непаўналетні Сяржук Мурашка, а таксама Зьміцер Чарткоў з “Маладой Грамады”. Праз два дні да іх далучыліся маладафронтаўцы Павал Каранюхін (непаўналетні) і Сяржук Марчык.
31 траўня галадоўку абвесьцілі яшчэ чацьвёра маладафронтаўцаў — Валер Мацкевіч, Ігар Шчэкарэвіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, а таксама прадстаўнік руху “Зубр” Міхась Кандрашоў. У гэты ж дзень да двух удзельнікаў акцыі — Сержука Марчыка і Яўгена Валкаўца — выклікалі “хуткую дапамогу”. У першага — астма, у другога хлопца была выяўленая тахікардыя. Аднак яны, нягледзячы на просьбы сяброў, не спынілі галадоўку. Штодня галадоўнікаў наведвае лекар.
Як паведаміў сустаршыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, ужо ёсьць “першыя вынікі” акцыі. Кірылу Шымановічу, якога выключылі ў Менску з юрыдычнага каледжу, паабяцалі даць магчымасьць працягваць вучобу. Навучэнак адзінай у Беларусі жаночай гімназіі ў Жодзіне Натальлю Максімаву і Вольгу Галубец таксама перадумалі выключаць. На ўчорашняй сустрэчы вядомых палітыкаў і інтэлігэнцыі з чыноўнікамі Міністэрства адукацыі апошнія паабяцалі, што, не адкладна пачнуць разьбірацца і па Сяржуку Мурашку, якога адлічылі з жодзінскага палітэхнічнага каледжу. Галадоўнікаў нядаўна наведалі Ўладзімер Колас, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька, Андрэй Дынько, Кася Камоцкая. Моладзь чакае таксама прыезду Лявона Вольскага.
— На наступным тыдні мы выставім намёты на цэнтральнай плошчы Жодзіна, — гаворыць З. Дашкевіч. — Нам няма чаго губляць, хай губляе антынародная ўлада! Настрой вельмі добры. У першую чаргу дзякуючы маральнай падтрымцы. Дзякуючы ёй па сутнасьці галадоўка і працягваецца.
Тым часам, да 11 галадоўнікаў гатовыя далучыцца новыя людзі.
Алена Варажбей, belngo.info
Jun. 02, 2006 // 13:07 | Каментары (0)
Да галадоўкі маладафронтаўцаў далучыліся актывісты з Жодзіна – галадаюць ужо 36 чалавек
Пяты дзень на ініцыятыву салігорскіх маладафронтаўцаў працягваецца галадоўка пратэсту з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед маладафронтаўцаў і вызваліць усіх палітвязьняў. У ёй бяруць удзел моладзевыя актывісты зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды й Кіева.
Такім чынам, у галадоўцы бяруць удзел ужо 36 чалавек.
Ільля й Іван Шыла, Максім Сяменчык, Сяргей Пацкевіч, Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў, Глеб Сандрас, Уладзімер Лемеш — у Салігорску.
Яўген Скрабутан, Зьміцер Цесьлянок, Яўгенія Шасьцерыкова, Андрэй і Ганна Фаміны, Вольга Смалянчук — у Горадні.
Сяржук Чайка — у Лідзе й Ігар Шчэкарэвіч — у Кіеве.
Зьміцер Хведарук, Палажанка Наста, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксандра Яначка, Аляксей Янушэўскі, Тацяна Анікеенка, Уладзімер Дубовік, Алена Ігнацьева, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Кірыл Шымановіч і Дзяніс Карноў — у Менску.
Наста Шымко, Сяржук Давідзенка, Барыс Бабкоў, Зьміцер Чарткоў, Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец, Павал Карэнюхін — з Жодзіна.
Радыё Свабода
Jun. 02, 2006 // 13:14 | Каментары (0)
Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №065
Падзеі
Галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі АБСЭ, ініцыятара клічуць у пракуратуру. Салігорскіх галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі АБСЭ. Сёньня ж, 2 чэрвеня, адзін з ініцыятараў галадоўкі атрымаў позву ў пракуратуру.
Эўразьвяз патрабуе спыніць перасьлед БХК. Эўрапейскі Зьвяз выступіў у абарону Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) і запатрабаваў ад уладаў неадкладна спыніць перасьлед гэтай арганізацыі, які, паводле Брусэлю, мае палітычны характар.
Мэр польскага Беластоку адмовіўся паехаць у суседнюю Горадню, дзе ў гэтыя выходныя адбудзецца Фэстываль нацыянальных культур, арганізаваны беларускімі ўладамі. Паводле прэсавага прадстаўніка мэра Беластоку Рышарда Тура Томаша Цьвікоўскага, калі браць пад увагу пазыцыю польскага ўраду што да сытуацыі ў Беларусі, дык “удзел мэра ў гэтым мерапрыемстве быў бы адыходам ад польскай замежнай палітыкі”, таму кіраўнік гораду адмовіўся ехаць у Горадню.
Студэнты ЗША склалі пэтыцыю супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Студэнты амэрыканскай юрыдычнай школы Seton Hall University School of Law склалі пэтыцыю супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Ініцыятарам пэтыцыі стаў выпускнік беларускага юрфака Яўген Вайткевіч.
Людзі
У моладзевай галадоўцы пратэсту бяруць удзел ужо 36 чалавек. Пяты дзень працягваецца моладзевая галадоўка пратэсту з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед сяброў “Маладога фронту” і вызваліць усіх палітычных зьняволеных. У акцыі пратэсту бяруць удзел моладзевыя актывісты зь Менску, Салігорску, Горадні, Жодзіна, Ліды і ўкраінскага Луцку. Моладзевыя актывісты кажуць, што колькасьць удзельнікаў акцыі будзе павялічвацца.
Палітзьняволены Цімафей Дранчук ведае сына толькі па фотаздымках. У лістападзе 1959 года Генэральная Асамблея ААН прыняла Дэклярацыю аб правах дзіцяці. Прынцып нумар 6 гэтай Дэклярацыі прадугледжвае, што дзіцёнак павінен, калі гэта магчыма, расьці пад апекай і пад адказнасьцю сваіх бацькоў. Ніколі ня бачыў свайго бацьку двухмесячны Платон Дранчук – сын актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Цімафея Дранчука, які ўжо чацьвёрты месяц утрымліваецца ў турме КДБ “Амэрыканка”.
Цытаты
Первый заместитель министра обороны генерал-лейтенант Сергей Гурулев: У Беларуси нет такой близости с НАТО, какая должна быть. Но я думаю, пройдет время, мы придем к тому, что это не совсем правильно. Мы должны развивать отношения.
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Jun. 02, 2006 // 17:59 | Каментары (0)
Затрыманы трое ўдзельнікаў галадоўкі ў Салігорску
Іван Шыла, Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч знаходзяцца ў пастарунку гарадзкой міліцыі. Затрыманьне адбылося каля 21 гадзіны, калі трое маладых людзей перавозілі кампутар Максіма Сяменчыка з кватэры, дзе ладзіцца акцыя, да яго дадому.
Радыё Свабода
Jun. 02, 2006 // 22:43 | Каментары (0)