Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №064

Падзеі

На галоўнай плошчы Берасьця працягваецца пратэст. Акцыя, у якой бяруць удзел прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў Берасьця, ладзіцца ў падтрымку сяброў “Маладога фронту”, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы. Самі ўдзельнікі назвалі акцыю «Вартай маўчаньня». Падчас мерапрыемства маладыя людзі моўчкі стаяць на плошчы Леніна, чытаюць Біблію й іншыя кнігі. Раніцай 1 чэрвеня міліцыянты затрымалі яшчэ пяцёх чалавек — Андрэя Шарэнду, Юрася Бакура, Натальлю Харытанюк, Натальлю Касьцюковіч, Юрася Кліменку — і ў раённым аддзеле міліцыі склалі на іх пратаколы нібыта “за правядзеньне несанкцыянаванага набажэнства”.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы паставілі задачы на бліжэйшы год: адстаўка Лукашэнкі і свабодныя дэмакратычныя выбары. Палітычная рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў прыняла стратэгію дзейнасці 2006–2007. У ёй дадзена ацэнка дзейнасці кааліцыі падчас выбарчай кампаніі 2005–2006 гг, выразна акрэсленыя мэты, задачы, кірункі працы на бліжэйшы год. Пастаўленыя задачы мусяць быць рэалізаваныя ў межах палітычнай кампаніі “За свабоду”

*Запуск інтэрнет-парталу кампаніі “За свабоду” запланаваны на 1 ліпеня. Партал svaboda.info абяцае стаць перш за ўсё моцнай інфармацыйнай базай. Усялякія звесткі пра кампанію “За свабоду”, пра дэмакратычную кааліцыю і працэс аб’яднання, Кангрэс дэмакратычных сілаў; арыгінальныя дакументы стратэгіі, плану працы, платформы аб’яднаных дэмакратычных сілаў; парады рэпрэсаваным, падтрымка палітвязняў; “чорны спіс”; фотаархіў палітычнай, сімволіка.

Людзі

*У галадоўцы пратэсту “Маладога фронту” бяруць удзел ужо 26 чалавек. Чацьверты дзень працягваецца галадоўка, абвешчаная салігорскімі маладафронтаўцамі. Да яе далучыліся моладзевыя актывісты зь Менску, Горадні, Ліды й Кіева. Моладзь патрабуе спыніць крымінальны перасьлед лідэраў руху й вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Пасьля 15-сутачнага арышту ў турме на Акрэсьціна Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч далучыліся да галадоўнікаў.

Цытаты

*Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч пра дыялог з Лукашэнкам: “Гэта немагчыма, бо сам Лукашэнка ня хоча гэтага дыялёгу. А калі б і хацеў, дык толькі дзеля таго, каб паказаць гэта – маўляў, вось, са мной размаўляюць, але напэўна не дзеля таго, каб пайсьці на нейкія саступкі. Лукашэнка павінен на пачатку паказаць добрую волю ў справе зьменаў сваёй палітычнай сыстэмы такім чынам, каб зь ім можна было пайсьці на нейкі кантакт. Пакуль гэтага няма, мы чакаем”.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Спампаваць версію для друку (PDF)

Jun. 01, 2006 // 18:24 | Каментары (0)


У галадоўцы пратэсту “Маладога фронту” бяруць удзел ужо 26 чалавек

Чацьверты дзень працягваецца галадоўка, абвешчаная салігорскімі маладафронтаўцамі. Да яе далучыліся моладзевыя актывісты зь Менску, Горадні, Ліды й Кіева. Моладзь патрабуе спыніць крымінальны перасьлед лідэраў руху й вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Пасьля 15-сутачнага арышту ў турме на Акрэсьціна Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч далучыліся да галадоўнікаў.

Разам у гэтай галадоўцы пратэсту ўдзельнічаюць 26 чалавек.

Зьміцер Хведарук, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Уладзімер Дубовік, Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Тацяна Анікеенка, Алена Ігнацьева, Аляксандра Яначка, Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч — у Менску.

Браты Іван і Ільля Шылы, Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч, Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў, Уладзімер Лемеш — у Салігорску.

Яўгенія Шасьцерыкова, Вольга Смалянчук, Яўген Скрабутан, Зьміцер Цясьлюк, Андрусь і Ганна Фаміны ў Горадні, Сяргей Чайка — у Лідзе й Ігар Шчакарэвіч — у Кіеве.

Сярод галадоўнікаў шмат непаўналетніх. Многія ўдзельнікі галадоўкі сёньня, у Дзень абароны дзяцей, будуць здаваць іспыты й залікі ў навучальных установах.

Радыё Свабода

Jun. 01, 2006 // 18:34 | Каментары (0)