Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



У галадоўцы актывістаў “Маладога фронту” ўдзельнічае 21 чалавек

Да гэтай акцыі пратэсту далучыліся новыя моладзевыя актывісты ў Салігорску, Горадні й Кіеве. Дзевяцёра менскіх галадоўнікаў сёньня правялі нараду й прынялі зварот да гарадзкой пракуратуры: неадкладна вызваліць маладых палітычных вязьняў і спыніць крымінальны перасьлед з палітычных матываў.

Да галадоўкі актывістаў “Маладога фронту” цягам апошніх сутак далучылася пяцёра чалавек. У Горадні гэта трэцякурсьнік мэдунівэрсытэту Андрусь Фамін і 10-клясьніца Вольга Смалянчук. У Салігорску 24-гадовы сябра Партыі БНФ Павал Батуеў і актывістка Хрысьціна Самойлава. У Кіеве маладафронтавец Ігар Шчакарэвіч. Але найбольшая колькасьць удзельнікаў галадоўкі ў Менску — дзевяць чалавек. Многія зь іх цяпер паралельна з галадоўкай здаюць іспыты ў школах і ўнівэрсытэтах. Таму сёньня яны сабраліся на нараду, каб скаардынаваць свае дзеяньні. Гаворыць маладафронтавец Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Наша галадоўка бестэрміновая. Нашае патрабаваньне — спыненьне крымінальных справаў супраць “Маладога фронту”. Да азнаямленьня маладафронтаўцаў зь іхнымі крымінальнымі справамі мы будзем галадаваць, гэта 100 адсоткаў”.

(Карэспандэнт: ) “А такім, даволі радыкальным крокам, можна прыцягнуць увагу грамадзкасьці да тых крымінальных справаў, да палітзьняволеных маладых актывістаў?”

(Хведарук: ) “Я ўпэўнены, што так. Бо, дзякуй Богу, беларуская моладзь цяпер можа вырашыць справу нават сваіх старэйшых сяброў. Бо цяпер толькі моладзь бярэ на сябе адказнасьць за падзеі ў Беларусі. Я ўпэўнены, што менавіта гэтая галадоўка мусіць зьвярнуць увагу на такую вялікую праблему рэпрэсіяў у Беларусі”.

Менскія маладафронтаўцы галадаюць ужо другі дзень, і я запытаўся ў іх — як пачуваюцца. Гаворыць Антаніна Вежнявец:

(Вежнявец: ) “Насамрэч гэта ўжо ня першая галадоўка. Таму другі дзень не асабліва цяжка. І думаю, што калі мы будзем галадаць тыдзень і больш, то цяперашні стан ня страшны. Наадварот, ёсьць самападтрымка, што гэта дзеля справы. І, спадзяюся, гэта дасьць нейкія вынікі”.

Менскія маладафронтаўцы рыхтуюцца да бестэрміновай галадоўкі. Сёньня яны прынялі зварот да гарадзкой пракуратуры з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча й Сяргея Ляшкевіча, а такама спыніць крымінальны перасьлед іншых моладзевых актывістаў. Гаворыць галадоўнік Павал Давідовіч:

(Давідовіч: ) “Будзем трымацца да апошняга. Будзем галадаваць, пакуль улады ня спыняць свайго ціску”.

У менскіх галадоўнікаў пакуль няма магчымасьці праводзіць сваю акцыю ў адным месцы. Няма адпаведнага памяшканьня. Цяпер яны занятыя пошукам кватэры, каб далей трымаць галадоўку разам.

Разам у гэтай галадоўцы пратэсту ўдзельнічае 21 чалавек. Зьміцер Хведарук, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Уладзімер Дубовік, Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі, Тацяна Анікеенка, Алена Ігнацьева, Аляксандра Яначка — у Менску. Браты Іван і Ільля Шылы, Максім Сяменчык, Сяржук Пацкевіч, Хрысьціна Самойлава, Павал Батуеў — у Салігорску. Яўгенія Шасьцерыкова, Вольга Смалянчук, Яўген Скрабутан, Зьміцер Цясьлюк, Андрусь Фамін у Горадні. І Ігар Шчакарэвіч — у Кіеве. Сярод галадоўнікаў шмат непаўналетніх.

Радыё Свабода

May. 31, 2006 // 17:40 | Каментары (0)


Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №063

Падзеі

Першыя выключаныя беларускія студэнты прыехалі ў Польшчу. У Варшаву прыехалі першыя студэнты зь Беларусі, якія былі адлічаныя са сваіх ВНУ за палітычную і грамадзкую дзейнасьць ды працягнуць навучаньне ў Польшчы ў адпаведнасьці з урадавай праграмай стыпэндыяў імя Кастуся Каліноўскага. У польскай сталіцы створаная адмысловая Рада для дапамогі беларускім студэнтам.

У Берасьці пачалася 24-гадзінная акцыя пратэсту. Апоўдні 31 траўня на галоўнай плошчы Берасьця пачалася акцыя ў падтрымку маладафронтаўцаў, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы. Пратэст плянуецца працягнуць цягам 24 гадзінаў. У акцыі бяруць удзел прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў гораду, якія плянуюць бліжэйшыя суткі (да 12-й гадзіны 1 чэрвеня) знаходзіцца на плошчы Леніна, зьмяняючы адзін аднаго.

Людзі

Трэція суткі ў Салігорску працягваецца галадоўка маладафронтаўцаў. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”патрабуюць вызваліць усіх палітзьняволеных моладзевых актывістаў і спыніць крымінальныя справы супраць тых, хто яшчэ знаходзіцца на волі. У галадоўцы бяруць удзел непаўналетнія маладафронтаўцы Іван ды Ільля Шылы й Хрысьціна Самойлава, а таксама Максім Сяменчык і Сяржук Пацкевіч. 30 траўня да іх далучыўся актывіст Партыі БНФ Павал Батуеў.

100 дзён таму былі затрыманыя актывісты “Партнэрства”. Сёньня родныя й блізкія актывістаў “Партнэрства” накіравалі зварот да грамадзкасьці й міжнародных праваабарончых арганізацыяў. І сёньня ж старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час справа “Партнэрства” будзе накіраваная ў суд. У звароце да грамадзкасьці й праваабарончых арганізацыяў выказваецца пратэст супраць замаху на годнасьць, правы й здароўе, што несумяшчальна з Дэклярацыяй ААН аб абароне ўсіх асобаў ад катаваньняў ды іншых жорсткіх караў альбо відаў пакараньня.

Факты

Кожнае пятае прадпрыемства ў Беларусі зьяўляецца стратным. Сёньня віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў адказваў на пытаньні дэпутатаў Нацыянальнага сходу. На тле названых ім шматлікіх эканамічных посьпехаў, віцэ-прэм’ер адзначыў, што паводле афіцыйнай статыстыкі, кожнае пятае прадпрыемства ў Беларусі застаецца стратным

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае збіраць інфармацыю пра пацярпелых і рэрэсаваных у часу сакавіцкіх падзеяў 2006 г. Не пакінем сяброў у бядзе! Нашы кантакты: [email protected], +375–17–2334005

Спампаваць версію для друку (PDF)

May. 31, 2006 // 18:26 | Каментары (0)