Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №062

Падзеі

Палітвязень Мікола Статкевіч ня будзе пераведзены на больш мяккі рэжым. Паводле закону, калі няма парушэньняў дысцыпліны пасьля адбыцьця трэцяй часткі тэрміну, “хіміка” могуць перавесьці дамоў для працы па месцы жыхарства. Камісія пры Баранавіцкай камэндатуры і калектыў баранавіцкай “Рэмбыттэхнікі”, дзе працуе Мікола Статкевіч, падрыхтавалі адпаведныя хадайніцтвы ў суд, але дакумэнты туды ня трапілі.

В.Леванеўскі даслаў А.Казуліну правілы турэмнага распарадку. Валер Леванеўскі лічыць, што адміністрацыя сьледчых ізалятараў і турмаў Беларусі наўмысна абмяжоўвае доступ да гэтых правілаў, каб было лягчэй уціскаць вязьняў. Валер Леванеўскі, які нядаўна адбыў зьняволеньне, даслаў правілы Аляксандру Казуліну заказной поштай.

Юшчанка вызваліў з пасады пасла Ўкраіны ў Беларусі. Звычайна паслы працуюць у краіне прызначэньня некалькі гадоў. Валянцін Налівайчанка быў прызначаны паслом у Беларусь летась у сьнежні, выкананьне абавязкаў пачаў у лютым сёлета і выконваў іх толькі 5 месяцаў.

“Народная воля” ня будзе распаўсюджвацца ў рэклямных мэтах. “Народная воля” сёньня паведамляе, што вымушаная перапыніць бясплатнае распаўсюджваньне так званай рэклямнай часткі накладу. Газэту атрымае толькі той, хто зрабіў папярэднюю аплату на адзін месяц, два ці тры.

Людзі

Ужо 14 маладафронтаўцаў абвясьцілі галадоўку. Да галадоўкі пяцёх сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць перасьледу, далучыліся дзевяцёра іхных паплечнікаў у Менску. Маладафронтаўцы патрабуюць, каб улады спынілі крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі.

Факты

«Газпром» хоча прадаваць Беларусі расійскі прыродны газ па 200 даляраў за тысячу кубаметраў. Зараз Беларусь плаціць за газ 46,68 даляры (а з падаткамі 55 дяляраў). Раней паведамлялася, што “Газпром” з 2007 усталюе кошт 147 даляраў за тысячу кубаметраў. Але з расійскіх крыніцаў стала вядома, што ў адказ на рэзкі ліст беларускага прэм’ера Сідорскага расейскаму прэм’еру Фрадкову было вырашана падняць кошт да 200 даляраў.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас svaboda@rferl.org з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае збіраць інфармацыю пра пацярпелых і рэрэсаваных у часу сакавіцкіх падзеяў 2006 г. Не пакінем сяброў у бядзе! Нашы кантакты: salidarnasc@svaboda.info, +375–17–2334005

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы: news, Беларусь, навіны, новости

Каментары Адключаныя