Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №062

Падзеі

Палітвязень Мікола Статкевіч ня будзе пераведзены на больш мяккі рэжым. Паводле закону, калі няма парушэньняў дысцыпліны пасьля адбыцьця трэцяй часткі тэрміну, “хіміка” могуць перавесьці дамоў для працы па месцы жыхарства. Камісія пры Баранавіцкай камэндатуры і калектыў баранавіцкай “Рэмбыттэхнікі”, дзе працуе Мікола Статкевіч, падрыхтавалі адпаведныя хадайніцтвы ў суд, але дакумэнты туды ня трапілі.

В.Леванеўскі даслаў А.Казуліну правілы турэмнага распарадку. Валер Леванеўскі лічыць, што адміністрацыя сьледчых ізалятараў і турмаў Беларусі наўмысна абмяжоўвае доступ да гэтых правілаў, каб было лягчэй уціскаць вязьняў. Валер Леванеўскі, які нядаўна адбыў зьняволеньне, даслаў правілы Аляксандру Казуліну заказной поштай.

Юшчанка вызваліў з пасады пасла Ўкраіны ў Беларусі. Звычайна паслы працуюць у краіне прызначэньня некалькі гадоў. Валянцін Налівайчанка быў прызначаны паслом у Беларусь летась у сьнежні, выкананьне абавязкаў пачаў у лютым сёлета і выконваў іх толькі 5 месяцаў.

“Народная воля” ня будзе распаўсюджвацца ў рэклямных мэтах. “Народная воля” сёньня паведамляе, што вымушаная перапыніць бясплатнае распаўсюджваньне так званай рэклямнай часткі накладу. Газэту атрымае толькі той, хто зрабіў папярэднюю аплату на адзін месяц, два ці тры.

Людзі

Ужо 14 маладафронтаўцаў абвясьцілі галадоўку. Да галадоўкі пяцёх сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць перасьледу, далучыліся дзевяцёра іхных паплечнікаў у Менску. Маладафронтаўцы патрабуюць, каб улады спынілі крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі.

Факты

«Газпром» хоча прадаваць Беларусі расійскі прыродны газ па 200 даляраў за тысячу кубаметраў. Зараз Беларусь плаціць за газ 46,68 даляры (а з падаткамі 55 дяляраў). Раней паведамлялася, што “Газпром” з 2007 усталюе кошт 147 даляраў за тысячу кубаметраў. Але з расійскіх крыніцаў стала вядома, што ў адказ на рэзкі ліст беларускага прэм’ера Сідорскага расейскаму прэм’еру Фрадкову было вырашана падняць кошт да 200 даляраў.

Абвесткі

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае збіраць інфармацыю пра пацярпелых і рэрэсаваных у часу сакавіцкіх падзеяў 2006 г. Не пакінем сяброў у бядзе! Нашы кантакты: [email protected], +375–17–2334005

Спампаваць версію для друку (PDF)

May. 30, 2006 // 18:33 | Каментары (0)


Ужо 14 маладафронтаўцаў абвясьцілі галадоўку

Да галадоўкі пяцёх сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску, якія абвясьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць перасьледу, далучыліся дзевяцёра іхных паплечнікаў у Менску. Маладафронтаўцы патрабуюць, каб улады спынілі крымінальны перасьлед моладзевых актывістаў апазыцыі.

Максім Сяменчык, Яўген Мядзьведзеў, Мікола Пацкевіч, браты Іван і Ільля Шыла галадаюць у Салігорску ад 29 траўня. На гаўбцы прыватнай кватэры хлопцы вывесілі расьцяжку “Галадоўка”. Міліцыянты запатрабавалі, каб яе зьнялі. Але ў выніку зрываць расьцяжку давялося самім міліцыянтам. Праз паўгадзіны хлопцы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.

Ільлю Шылу 13 гадоў, а Івану — 15. Іхная маці лічыць, што недзіцячая справа — трымаць галадоўку, але падтрымлівае сваіх дзяцей.

(Шыла: ) “Яны малаватыя для гэтага, але… Ведаеце, я б, канечне, хацела, каб яны не галадалі, бо гэта не дзіцячая справа. Я таксама разам зь імі галадаю. Падтрымліваю іх. Бачыце, дарослыя ў нас не рэагуюць.Лічу, што здароўе ў Беларусі ў дзяцей, наагул, ня добрае, таму, канечне, я вельмі непакоюся за іхнае здароўе. А пераканаць іх не магу, бо ня слухаюцца”, — сказала Сьвятлана Шыла.

Яе сын Іван заявіў “Свабодзе”, што ня будзе есьці, пакуль грамадзкасьць не запатрабуе ад уладаў спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

(Іван: ) “Увечары актывісты іншыя, якія ня ўдзельнічаюць у галадоўцы, будуць раздаваць улёткі. Актывісты іншых дэмакратычных партыяў і рухаў плянуюць далучыцца да нашай галадоўкі. Афіцэры міліцыі запісалі ўсе нашы патрабаваньні. Я думаю, гэта неяк зварушыць грамадзкасьць у Салігорску. Горад адносна невялікі. Чуткі хутка разыходзяцца. Нам тэлефануюць сябры, знаёмыя, ды іншыя людзі, бо на сайце нашы тэлефоны ёсьць”.

У Менску да галадоўкі салігорцаў далучыліся дзевяцёра сяброў “Маладога фронту” — Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Уладзімер Дубовік, Антаніна Вежнявец, Павал Давідовіч, Аляксей Янушэўскі, Аляксандра Яначка, Тацяна Анікеенка й Алена Ігнацьева.

Гаворыць Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Мы абвяшчаем галадоўку ў зьвязку з тым, што рэжым у гэтым годзе пайшоў на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі. Мы патрабуем сваёй галадоўкай спыніць палітычны перасьлед усіх актывістаў дэмакратычнага руху і асабліва сяброў “Маладога фронту”.

Маладафронтаўцы паведамілі “Свабодзе”, што галадоўка будзе бестэрміновая. Яны разьлічваюць, што ўлады зрэагуюць на іхныя патрабаваньні.

Тым часам 1 чэрвеня сябры “Маладога фронту” будуць сустракаць з-за кратаў сваіх паплечнікаў Зьмітра Дашкевіча й Артура Фінькевіча.

Радыё Свабода

May. 30, 2006 // 18:48 | Каментары (0)