Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №060
Падзеі
Мінюст пачынае працэдуру ліквідацыі БХК. Міністэрства юстыцыі ініцыюе прыпыненьне дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэта. У заяве міністэрства, апублікаваным на яго сайце, паведамляецца, што адпаведны зыск пададзены ў Вярхоўны суд. Паводле міністэрства, на працягу доўгага часу БХК сыстэматычна парушае заканадаўства і ўласны статут.
Пад пагрозай ліквідацыі чарговая пратэстанцкая суполка. Менскі гарадзкі суд пачаў разгляд пазову Менгарвыканкаму да пратэстанцкай суполкі «Запавет Хрыста». Менгарвыканкам патрабуе ліквідаваць царкву. Нагадаем, раней пастар суполкі Георгі Вязоўскі адседзеў 10 сутак арышту ў часе выбарчай кампаніі за правядзеньне несанкцыяванага ўладамі набажэнства. Пратэстанцкая суполка «Запавет Хрыста» – чацьвертая па ліку, якую цягам гэтага году, ліквідуюць улады.
Старшыня ПАРЭ залікаў вызваліць беларускіх палітвязьняў. Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў, што сытуацыя ў Беларусі можа абмяркоўвацца ў ходзе пасяджэньня Сталага камітэту асамблеі 29 траўня ў Маскве.
Латвійскія турфірмы хочуць гарантый бясьпекі для сваіх турыстаў. У рамках Дзён Эўропы ў амбасадзе Латвіі ў Менску адбылася сустрэча кіраўнікоў турыстычнай галіны гэтай краіны з зацікаўленымі беларускімі арганізацыямі. Латышы спадзяюцца, што ўзмацніць пакуль сьціплае супрацоўніцтва дапаможа іхняе рашэньне увесьці для беларусаў бясплатныя візы. У сваю чаргу, для таго каб латвійскія турысты езьдзілі ў Беларусь, ад беларускага боку патрабуюцца гарантыі бясьпекі для аматараў падарожнічаць.
Людзі
Група дэпутатаў парлямэнту Нарвэгіі прапанавала вылучыць беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру. 10 гадоў таму Алесь Бяляцкі заснаваў праваабарончы цэнтр “Вясна”. За дзейнасьць у галіне абароны правоў чалавека сёлета у Нарвэгіі ён атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава, а ў Чэхіі з рук Вацлава Гаўла – прэмію «Homo homini» («Чалавек чалавеку»).
Цытаты
На імшы Бэнэдыкта XVI прачытана малітва па-беларуску: “Памятаючы пра тое, што людзі розных рас, нацыянальнасьцей і народаў зьяўляюцца адной сям’ёй, молімся за свабоду і пашану годнасьці кожнага чалавека, асабліва ў тых краінах, дзе парушаюцца і абмяжоўваюцца грамадзянскія правы – каб ніхто не цярпеў ад прымусу, дыскрымінацыі і прычыненай крыўды...”
Абвесткі
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)

Катэгорыя: Навіны выбараў. Беларусь Словы:
новости,
Беларусь,
навіны,
news