Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №043
Падзеі
А. Мілінкевіч пакараны арыштам на 15 сутак, С. Калякін на 14, В. Вячорка на 15. Судзьдзя Першамайскага раёну Юры Гарбатоўскі пакараў лідэра аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча арыштам на 15 сутак. С.Калякін атрымаў 14 сутак арышту. Аднаму зь лідэраў прафсаюзнага руху А.Бухвоставу прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 26 красавіка. Неўзабаве байцы спэцназу міліцыі адвязуць апазыцыянэраў у турму на Акрэсьціна. Таксама суд Савецкага раёну пакараў Вінцука Вячорку арыштам на 15 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу каля Акадэміі Навук, у несанкцыянаваным шэсьці, і ў несанкцыянаваным мітынгу каля капліцы на вул. Карастаянавай.
Анатоль Лябедзька зьбіраецца выставіць уладам ультыматум. Анатоль Лябедзька назваў учорашняе затрыманьне яго супрацоўнікамі КДБ сплянаванай акцыяй запалохваньня. Анатоль Лябедзька плянуе 1 траўня на мітынгу выставіць ультыматум уладам — цягам трыццаці дзён вызваліць усіх палітычных зьняволеных у Беларусі. Гэтаксама лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі возьме ўдзел у стварэньні міжнароднага грамадзкага суду над асобамі, датычнымі да зьнікненьняў людзей і правядзеньня рэпрэсіяў.
Уначы з Беларусі дэпартавалі трох украінскіх студэнтаў. Трох затрыманых у часе Чарнобыльскага шляху грамадзянаў Украіны дэпартавалі ўначы на тэрыторыю Ўкраіны. Сярод затрыманых быў непаўнагадовы студэнт. Усе трое зьяўляюцца сябрамі ўкраінскай моладзевай арганізацыі «Студэнцкае брацтва».
Людзі
Магілёўскі актывіст шостыя суткі галадае за кратамі. Намесьнік старшыні магілёўскай арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў шостыя суткі трымае галадоўку ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Стан здароўя галадоўніка нармальны, паведаміў у тэлефоннай гутарцы дзяжурны міліцыянт. Паводле яго, спадар Салаўёў за гэты час не зьвяртаўся па мэдычную дапамогу. Ён утрымліваецца на агульных з усімі адміністрацыйна асуджанымі ўмовах.
Цытаты
Старшыня падкамітэту ПАРЭ: “Арышты незаконныя і палітычна матываваныя. Мой камэнтар вельмі нэгатыўны, бо арышты палітычных апанэнтаў гэта нецывілізаваны мэтад палітыкі, але ён, на жаль, ужо стаў традыцыяй у Беларусі. Раней арыштоўвалі актывістаў апазыцыі, а цяпер ужо і лідэра – гэта сьведчыць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў. Гэта палітычна матываваная і незаконная акцыя супраць палітычных апанэнтаў».
Абвесткі
Палітзняволеныя адчыняюць свой рэсурс у Інтэрнэт. Па адрасу www.akrescina.org будзе змяшчацца інфармацыя аб палітычных вязнях. Ствараюць сайт былыя вязні, якія ужо выйшлі на свабоду.
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Apr. 27, 2006 // 19:02 | Каментары (0)