Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №035

Падзеі

«Малады фронт» патрабуе спыніць пераслед сваіх актывістаў. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” збіраюць подпісы з патрабаваннем спыніць пераслед актывістаў арганізацыі. Падчас выбарчай кампаніі каля дзесятка маладафронтаўцаў адлічылі з вучобы. Супраць 19 чалавек распачалі крымінальныя справы. Сябры арганізацыі заявілі на прэсавай канферэнцыі, што, нягледзячы на пераслед, будуць працягваць вулічныя акцыі.

У Брэсце забароненыя пікеты ў абарону Аляксандра Казуліна. Ініцыятарамі правядзення гэтых акцыяў былі актывісты мясцовай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Планавалася, што пікеты адбудуцца ў 9 найбольш ажыўленых месцах гораду цягам месяцу, пачынаючы з 19 красавіка. Аднак сёння Берасцейскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні гэтых пікетаў, спаслаўшыся на ўласнае рашэнне, згодна з якім адзіным месцам для правядзення падобных мерапрыемстваў ёсць стадыён “Будаўнік” на ўскрайку гораду.

Вучні ў Горадні павінны прайсці тэст “на палітычную добранадзейнасць”. У некаторых гарадзенскіх школах распаўсюдзілі так званую “індывідуальную карту ўзроуню выхаванасці навучэнца”. Школьнікі павінны былі паставіць сабе адзнаку ад нуля да трох балаў за “прыняцце ідэалогіі беларускай дзяржавы” або “узровень ідэйна-палітычнай свядомасці”. Затым адзнакі мелі выставіць сваім дзецям бацькі, пасля — настаўнікі, а потым — падлічыць сярэдні бал. У “індывідуальнай карце ўзроўню выхаванасці навучэнца” гаворыцца таксама пра гігіену, здароўе і заняткі фізкультурай, але на першым месцы менавіта пункты пра “павагу да Канстытуцыі і законапаслухмянасць” і пра “здольнасць супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям”, якім канкрэтна — не патлумачана.

У Брэсце ствараецца арганізацыя “Сакавік-2006”. Актывісты берасцейскага штабу Аляксандра Мілінкевіча абвясцілі пра ініцыятыву стварэння грамадскай арганізацыі, якая аб’яднае ахвяраў сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі. Як паведаміў сакратар абласнога штабу Рыгор Бакіевіч, гэтую арганізацыю прапануецца назваць “Сакавік-2006”. Яна ставіць на мэце падтрымаць людзей, якія пацярпелі ў часе выбарчай кампаніі. У прыватнасці, размова ідзе пра асобаў, што былі аштрафаваныя або звольненыя з працы ці адлічаныя з навучальных установаў.

Штаб Аляксандра Мілінкевіча падвёў вынікі працы ў часе выбарчай кампаніі. Штаб Аляксандра Мілінкевіча даказаў сваю эфектыўнасць і падрыхтаваны да далейшай працы. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пашыранага пасяджэння Штаба, якое адбылося 17 красавіка ў Мінску з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных структур.

Цытаты

Збігнеў Бжэзінскі: «Дні Лукашэнкі – палічаныя. Жалезная заслона, на сённяшні дзень, гэта з'ява састарэлая, ён заіржавеў і няшчыльны. Таму я лічу, што тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта пачатак вялікіx гістарычныx пераменаў. Гэта, магчыма, яшчэ не такі зруx, які адбыўся ва Ўкраіне год таму, але гэта пачатак чагосьці вельмі падобнага. Дні спадара Лукашэнкі – палічаныя”.

Абвесткі

Палітзняволеныя адчыняюць свой рэсурс у Інтэрнэт. Па адрасу www.akrescina.org будзе змяшчацца інфармацыя аб палітычных вязнях. Ствараюць сайт былыя вязні, якія ўжо выйшлі на свабоду.

Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай “fota Svabody”. Падрабязнасці на www.svaboda.org

Чарнобыльскі шлях — 2006. 26 красавіка ў 18:00 ад Плошчы пачнецца шэсьце. Пасля шэсця адбудзецца мітынг прысвечаны 20 угодкам Чарнобыльскай трагедыі.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Apr. 17, 2006 // 19:05 | Каментары (0)