Навіны. Палітыка. Апошнія падзеі. Беларусь. №033
Падзеі
ПАРЭ заклікала Беларусь правесці паўторныя выбары. Cёння ў Парламенцкай Асамблеі Рады Эўропы прайшлі тэрміновыя дэбаты па Беларусі. Парламенцкая Асамблея прыняла рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, у якой прэзідэнцкія выбары ў краіне прызнаныя недэмакратычнымі, а вынікі выбараў — сфальшаванымі. ПАРЭ заклікае беларускія ўлады правесці паўторныя выбары, папярэдне змяніўшы выбарчае заканадаўства.
Прэм’ерскі партфель застанецца ў Сяргея Сідорскага. Кіраўнік Беларусі ўнёс у Палату прадстаўнікоў прапанову прызначыць Сяргея Сідорскага прэм’ер-міністрам Беларусі. Рашэнне павінна быць прынятае Палатай прадстаўнікоў не пазней, чым за два тыдні. Старшыня Палаты прадстаўнікоў ужо заявіў, што падтрымлівае кандыдатуру спадара Сідорскага.
Прадпрымальнікі выпрацоўваюць паслявыбарчую стратэгію. У Менску праходзіць нарада лідэраў і актывістаў прадпрымальніцкага руху, якія абмяркоўваюць паслявыбарчую сітуацыю і тактыку дзеянняў дробных бізнесоўцаў на найбліжэйшую перспектыву. Сярод удзельнікаў нарады былыя палітвязні: старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менску Аляксандр Макаеў, актывіст прадпрымальніцкага руху з Горадні Аляксандр Васільеў, барысаўскі праваабаронца Ігар Леднік. Паводле ўдзельнікаў нарады, вырашэнне прадпрымальніцкіх праблем у цяперашняй Беларусі немагчыма без палітычных пераменаў.
Дзяржаўныя тэатры звальняюць акцёраў за палітычныя перакананні. Аляксандр Рэзнікаў, акцёр Рэспубліканскага тэатра драматургіі быў звольнены з працы, пасля таго, як адсядзеў 10 сутак за удзел у акцыях пратэста супраць фальсіфікацыі выбараў.
Людзі
Берасце: звольнілі з працы кіраўніка гарадскога штабу А.Казуліна. Валянцін Лазарэнкаў да апошняга часу працаваў выкладчыкам Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту і адначасова кіраваў суполкай Свабоднага прафсаюзу гэтай установы. На загад рэктара ўніверсітэту Мечыслава Часноускага спадар Лазарэнкаў звольнены “за амаральны ўчынак, несумяшчальны з педагагічнай дзейнасцю”. Фармальнай падставай да звальнення стала тое, што падчас выбарчай кампаніі (Валянцін Лазарэнкаў браў у ёй удзел у якасці кіраўніка гарадскога штабу Казуліна) выкладчыка Берасцейскага ўніверсітэту затрымалі паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве. Спадар Лазарэнкаў правёў пад арыштам 7 сутак.
Аўтуховіч – Зіне за кратамі.** Сёння прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча даставілі ў гарадзенскі суд з Ваўкавыску, дзе ён адбываў пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя Кастрычніцкага раённага суду Горадні Мікалай Рачынскі змяніў яму меру стрымання – з хатняга арышту на ўтрыманне пад вартай. Аўтуховіч будзе знаходзіцца ў Гарадзенскай турме. Суд зрабіў перапынак на два тыдні, да 27 га красавіка, каб Мікалай Аўтуховіч мог азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Мікалай Разумаў – колішні рабочы лідэр з Воршы – ужо некалькі дзён знаходзіцца ў Рэспубліканскім псіхічным клінічным шпіталі ў Навінках. Сюды яго прывезлі для правядзення псіхіятрычнай экспертызы. Супраць Мікалая Разумава ў Воршы заведзена крымінальная справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.
Абвесткі
Палітзняволеныя адчыняюць свой рэсурс у Інтэрнэт. Па адрасу www.akrescina.org будзе змяшчацца інфармацыя аб палітычных вязнях. Ствараюць сайт былыя вязні, якія ўжо выйшлі на свабоду.
Новы конкурс – «Фота Свабоды». «Фота Свабоды» – Ваш погляд на беларускае жыццё. Дасылайце (з кароткім апісаннем – што, дзе, калі) здымкі падзеяў, сітуацыяў, людзей на адрас [email protected] з пазнакай fota Svabody. Падрабязнасці на www.svaboda.org
Спампаваць версію для друку (PDF)
Apr. 13, 2006 // 18:44 | Каментары (0)