Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны выбараў. Беларусь. №028

Падзеі

Эўрапарлямэнт не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам і патрабуе паўторных выбараў. Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту “Аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году” сёньня была ўхвалена абсалютнай большасьцю дэпутатаў. Эўрапарлямэнт асудзіў несумленныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ды заявіў, што рэжым А. Лукашэнкі ня мае ніякай легітымнасьці й застаецца апошняй дыктатурай у Эўропе. Рэзалюцыя заклікае да правядзеньня паўторных выбараў прэзыдэнта й рэкамэндуе Радзе Эўразьвязу пашырыць кола беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзены візавыя ды іншыя санкцыі.

З жодзінскай турмы выйшлі на волю яшчэ 4 палітвязьні. Сёньня ўначы з жодзінскай турмы выйшлі на волю 4 палітвязьні, якія адбывалі 13-суткавы арышт. Яны былі затрыманы ўначы з 23-га на 24-га сакавіка падчас гвалтоўнай ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Лябедзька падаў у суд на Зімоўскага. На 6-га красавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску прызначаны разгляд пазову лідэра АГП Анатоля Лябедзькі да аўтараў фільму “Тэорыя змовы: кіраваны хаос”. Анатоль Лябедзька абвінавачвае А.Зімоўскага, Н.Ждановіч і М.Уладзімірава ў паклёпе і патрабуе праз суд абараніць ягоны гонар і годнасьць.

Намёт перад амбасадай Беларусі ў Варшаве стаіць ужо 25 дзён. Ужо 25 дзён стаіць каля беларускай амбасады намёт – цяпер ужо намёты – з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў, у якім кругласутачна дзяжураць палякі і беларусы.

Бацька арыштаванага ў Беларусі былога пасла Польшчы Марыюша Машкевіча працягне галадоўкі ля беларускай амбасады. Яго акцыя пратэсту прыцягнула вялікую ўвагу польскага грамадства і зараз ён спрабуе дабіцца адказу ад беларускіх уладаў.

Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога фронту» арыштаваны на 20 сутак. На яго складзеныя два пратаколы і на аснове іх суд Маскоўскага раёна Мінска вынес пастанову аб 15 і 5 сутках арышту.

Людзі

Севярынцу загадана спыніць адпачынак і вярнуцца на «хімію». Толькі ўчора Павал Севярынец прыехаў у Віцебск зь вёскі Малое Сітна, дзе ён адбывае “хімію” за арганізацыю масавай акцыі пратэсту супраць фальсыфікаваных вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. Чатыры вольныя дні ён атрымаў пасьля вымушанае адтэрміноўкі ягонага чарговага адпачынку, у які адміністрацыя спэцкамэндатура не адпусьціла яго напярэдадні 19-га сакавіка.

У шпіталі памёр віцэ-консул Польшчы ў Горадні. У шпіталі ў Беластоку памёр 64-х гадовы віцэ-консул Польшчы ў Горадні Рышард Бадонь-Легр. Крыху больш за тыдзень таму консул быў перавезены ў Польшчу зь Беларусі, дзе раней яго знайшлі непрытомным ў ягонай гарадзенскай кватэры.

Абвесткі

Палітзняволеныя адчыняюць свой рэсурс у Інтэрнэт. Па адрасу www.akrescina.org будзе змяшчацца інфармацыя аб палітычных вязнях. Ствараюць сайт былыя вязні, якія ужо выйшлі на свабоду. На сайце www.bielarus.net з'ЯВІЛАСЯ запрашэнне на акцыю “Супраць фальшывай інаугурацыі”. Акцыя плануецца 7 красавіка ў 18:30 на Плошчы.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Apr. 06, 2006 // 19:44 | Каментары (0)