Навіны выбараў. Беларусь. №021
Падзеі
У Жодзінскім ізалятары пятыя суткі галадаюць. У ізалятарах Менску і менскай вобласьці за тыдзень колькасьць палітвязьняў павялічылася да тысячы чалавек. Сярод іх людзі, якіх затрымалі на Кастрычніцкай плошчы, побач зь ёй і ў часе разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага 25 сакавіка. Некалькі чалавек, якіх трымаюць у Жодзінскім ізалятары, галадаюць на знак пратэсту супраць незаконных прысудаў. Сярод якіх Зьміцер Палойка з Баранавічаў, Дзяніс Зюкаў з Менску, Стас Пачобут з Горадні, Васіль Хадневіч з Рудзенску, Максім Буйніцкі з Бабруйску ды іншыя арыштаваныя пасьля ліквідацыі намётавага лягеру ў ноч з 23 на 24 сакавіка. Яны паведамілі аб гэтым учора пасьля вынясеньня прысудаў.
Чарга каля спэцпрымальніка на Акрэсьціна ня меншае восьмыя суткі. Каля спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна ў Менску восьмы дзень стаяць сваякі людзей, затрыманых падчас разгону намётавага лягеру і сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка. Ахвочых перадаць цёплае адзеньне, асабістыя рэчы й ежу штодня тут зьбіраецца больш за дзьвесьце чалавек. Усе гэтыя людзі абураныя падзеямі апошніх дзён.
Жыхар Менска тры дні не ведаў дзе яго жонка і двое дзяцей. Старэйшага сына — Зміцера Паўленка забралі з намётавага гарадка 24 сакавіка. На наступны дзень яго маці — Таццяна Паўленка і малодшы брат Аляксандр павезлі перадачу ў Акрэсціна, бо чулі, што “палітычных” трымаюць там. Каля абеда Таццяна патэлефанавала мужу і паведаміла, што яе арыштоўваюць разам з сынам ля сцен ізалятара. Тры дні міліцыя адмаўлялася паведамляць, аб месцазнаходжанні Таццяны, Зміцера і Аляксандра. І толькі сёння высветлілася. Што тры члены сям’і Паўленка ў турме: Таццяна і Зміцер атрымалі 15 сутак зняволення, а Аляксандр — 10.
Штабы Казуліна і Мілінкевіча абскардзяць вынікі выбараў у Вярхоўным судзе. Кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб паведаміў, што сёньня будзе напісаная скарга ў Вярхоўны суд наконт непрызнаньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сакавіка. У перадвыбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча сёньня таксама вырашылі да 31 сакавіка падаць аналягічную скаргу ў Вярхоўны суд аб прызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
КДБ завёў крымінальную справу на сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт". Актывістам інкрымінуецца частка 1 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Крымінальныя справы завялі на Зьмітра Дашкевіча, Алега Корбуна, Барыса Гарэцкага і Сержука Лісічонка.
Цытаты
Прэзідэнт Грузіі захапляецца мужнасцю беларускага народу: «Мы захапляемся мужнасьцю і рашучасьцю беларускага народу ў прыхільнасьці дэмакратычным прынцыпам, якія выявіліся ў барацьбе з апошнім перажыткам імпэрыялізму ў Эўропе. Я ўпэўнены, што працавіты і таленавіты беларускі народ зойме сваё пачэснае месца ў вольнай сям'і эўрапейскіх народаў, заснаванай на агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцях».
Людзі
Вацлаў Гавал спрабаваў наведаць беларускую амбасаду ў Празе каб перадаць петыцыю. Яго не пусьцілі. Вацлава Гаўла, якога і пасьля адстаўкі лічаць за гонар прымаць каралі і прэзыдэнты, сёньня не пусьцілі ў амбасаду Рэспублікі Беларусь. У петыцыі Гавал і шэраг іншых выбітных палітыкаў Чэхіі заклікаю А. Лукашэнку падаць у адстаўку.
Зьміцер Піменаў пачаў у Брусэлі галадоўку пратэсту. Старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня (Бэльгія) Зьміцер Піменаў пачаў у цэнтры Брусэлю галадоўку на знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Спампаваць версію для друку (PDF)
Jan. 28, 8900 // 11:43 | Каментары (0)