Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Падзеі 21-22 сакавіка. Суд

Аляксея Гаўруцікава, актывіста штабу Мілінкевіча, міліцыянты затрымалі на падыходзе да Плошчы Свабоды, дзе а 19-й вечара распачалася акцыя пратэсту. Каля Летняга амфітэатру, як і ў мінулыя два дні, сабралася каля 100 прыхільнікаў апазыцыі.

Людзі сьпявалі песьні пад гітару, калі да іх пачалі падыходзіць міліцыянты з патрабаваньнем сядаць у міліцэйскія машыны. 15 чалавек у машыны зацягнулі гвалтам і завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, нягледзячы на супраціў усіх астатніх, хто вырашыў заставацца на плошчы яшчэ некалькі гадзінаў.

Сярод тых, хто трапіў у пастарунак, апынуўся і фотакарэспандэнт недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур'ер” Сяржук Серабро.На яго, як і на іншых затрыманых, склалі пратакол пра ўдзел у несанкцыянаваным сходзе.

Справы затрыманых мусілі разглядацца ў Кастрычніцкім раённым судзе Віцебска, але зь невядомае прычыны іх перанесьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, і судзьдзя Валянціна Міхасёва адмовілася пускаць у суд «пабочных асобаў", у тым ліку сваякоў і журналістаў.

Адзіным, хто змог дамагчыся прысутнасьці журналістаў на сваім працэсе, быў Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік віцебскага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў, якія ў цывільным адзеньні прысутнічалі на акцыі пратэсту 20-га сакавіка, яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу. Да пачатку ўчорашняе акцыі пратэсту спадар Жаляпаў быў ужо затрыманы, а сёньня судзьдзя абвясьціла вырак: 10 сутак арышту.

Па пяць сутак арышту прысудзілі Ўладзімеру Ідзельчыку, Уладзіславу Токараву, Зьмітру Петрачэнку і Кастусю Перагуду.

Па 20 базавых велічыняў, або па 620 тысячаў рублёў штрафу атрымалі Сьвятлана Ідзельчык, Алена Фаміна, Арцём Хадыка, а таксама дзьве студэнткі вэтэрынарнае акадэміі, якім толькі-толькі споўнілася па 18 год, – Кацярына Фахардзінава і Марыя Зьвярынская. Да ўсяго гэтыя дзяўчаты, насуперак завярэньнем міліцыянтаў пра тое, што ўсіх жанчын да суду адпусьцяць дахаты, мусілі правесьці ноч у ізалятары часовага утрыманьня.

Сярод затрыманых удзельнікаў учорашняе акцыі апынулася і няпоўнагадовая Ірына Пятрова, дзевяціклясьніца віцебскай лінгвістычнай гімназіі №2. На ейнага бацьку Леаніда Пятрова, які прыходзіў выбаўляць дзяўчыну з пастарунку, склалі пратакол за дрэннае выхаваньне дачкі і пераслалі яго да разгляду ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну. Паводле словаў 15-гадовай Ірыны, сёньня на “выхаваўчую гутарку” яе выклікала клясная кіраўніца.

20 базавых велічынь, або 620 тысяч штрафу спадарыня Міхасёва прысудзіла Сяргею Белязеку, які ўчора сьпяваў для прысутных на акцыі людзей песьні пад гітару.

Судзьдзя Валянціна Міхасёва разгледзела справы ўсіх затрыманых, апрача Аляксея Гаўруцікава, актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча. Суд над ім адбудзецца заўтра, а пакуль апазыцыянэр зноў правядзе ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле словаў супрацоўнікаў міліцыі, яго вінавацяць у дробным хуліганстве, але ў чым канкрэтна – пакуль невядома.

Толькі сабраліся людзі, як маёр Шаховіч чамусьці просіць іх разыйсьціся.

[image]

Сяргей Белязека выконвае песьні пад гітару.

[image]

«Группа захвата» прыбыла.

[image]

Скончыліся танцы, карапузікі. Пачынаецца пагрузка.

[image]

Студэнктка ВДАВМ — першая асуджаная. Яна правяла ноч у ізалятары часова ўтрыманьня, а на судзе атрымала штраф у памеры 20 базавых велічынь. З судовай залы маладая дзяўчына выйшла ў стне шоку.

[image]

Уладзь Токараў перадае схаваны сьцяг. Ён атрымаў 5 сутак арышту.

[image]
Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Віцебск

Каментары Адключаныя