Навіны выбараў. Віцебск №013
Падзеі
155 тысяч штрафу далі назіральніку з Гарадка Леаніду Гарвому. Скаргу на яго напісала старшыня выбарчай камісіі спн. Палянічка. Ёй не спадабалася, што назіральнік Гаравы фатаграфуе факты парушэньняў на выбарчым участку, запісвае камэнтары на дыктафон і час ад часу ходзіць па памяшканьні, не жадаючы стала сядзець на пастаўленым для яго крэсьле. Гарадоцкі раённы суд падтрымаў толькі апошнюю ейную прэтэнзію, пакараўшы Леаніда Гаравога за тое, што ён падыходзіў да стала з дакумэнтамі, пакуль за ім не было сябраў камісіі. А фатаграфаваць і запісваць нешта на дыктафон назіральнікі, як высьветлілася, маюць поўнае права. Можа, варта скарыстацца?
Цытаты
Асьцярожна! Па вас таксама могуць прыехаць! “Ва ўчастковую камісію могуць зьвярнуцца і суседзі выбарца, які, да прыкладу, з прычыны нездароўя ня можа прыйсьці галасаваць на ўчастак, каб ад імя гэтага чалавека папрасіць прыехаць да яго на дом”. Газэта “Віцьбічы” ад 18.03.2006 г.
Людзі
Маці і жонкі арыштаваных апазыцыянэраў склалі зварот да кіраўнікоў усіх дзяржаў і парлямэнтаў. Напярэдадні 19-га сакавіка яны напісалі : “Зьвяртаючыся да вас, мы заяўляем, што далейшыя загады і распараджэньні Лукашэнкі могуць прывесьці да непапраўнай трагедыі. Імкнучыся ўтрымаць уладу, ён хоча адабраць у нас самае дарагое – жыцьці нашых дзяцей і мужоў”. Пад гэтымі словамі падпісаліся і прадстаўніцы Віцебшчыны: Натальля Смолікава (жонка Кастуся Смолікава, асуджанага на 4 сутак), Яўгенія Берасьнева і Ганна Леўчанкава (жонкі Васіля Берасьнева і Васіля Леўчанкава, асуджаных на 7 сутак кіраўнікоў аршанскіх штабоў Казуліна і Мілінкевіча), Тацьцяна Севярынец, маці палітвязьня Паўла Севярынца, асуджанага на 2,5 гады “хіміі” ды інш.
Факты
З Віцебскага медычнага ўніверсітэту паступілі зьвесткі, пра тое, што некалькі дзесяткаў студэнтаў, актывістаў БРСМу, увайшлі ў “групу супраціву”, якая мусіць паехаць 19-га сакавіка ў Менск, каб абараняць Лукашэнку. Маладых людзей нават здымалі з заняткаў на адмысловыя трэніроўкі. Кажуць, што ў гэтую групу ўваходзіць і сын былога рэктара Аляксандра Косінца, які нядаўна атрымаў падвышэньне – зрабіўся віцэ-прэм”ерам і пераехаў у Менск.
Абвесткі
Каб выказаць сваю грамадзкую пазыцыю, неабавязкова ехаць у Менск! Прыходзьце ўвечары 19-га сакавіка на Плошчу Свабоды ў Віцебску. Месца і час на глядзіце нашым сайце заўтра ў 10.00
Спампаваць версію для друку (PDF)
Mar. 18, 2006 // 01:30 | Каментары (0)