Навіны і апошнія падзеі. Беларусь



Навіны выбараў. Віцебск №012

Падзеі

На Віцебшчыне за сёньняшні дзень затрымалі трох прыхільнікаў Мілінкевіча. У 11 раніцы міліцыянты затрымалі сябра ініцыятыўнай групы кандыдата, старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава. Праз колькі часу ў Чыгуначным раённым судзе вынесьлі пастанову: пакараць сп.Смолікава чатырма суткамі арышту “за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”. Па абедзе ў райцэнтры Гарадок, проста на выбарчым участку, быў затрыманы тамтэйшы назіральнік, дэпутат райсавету і журналіст газэты “Віцебскі кур”ер” Леанід Гаравы. Заўтра яго будуць судзіць за тое, што ён нібыта замінаў працы выбарчай камісіі. У 22.40 супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскага штабу Мілінкевіча. Сп.Жаляпава папрасілі праехаць ва ўправу ДАІ, і з таго часу ягоны мабільны тэлефон не адказвае.

Цытаты

Старшыня раённай выбарчай камісіі з Глыбокага крытыкуе мясцовую актывістку Юлію Буку: “ Ты на сэмінары ў Польшчу ездзіла, там радзіму сваю прадала! А потым тут кампутар купіла!”

Людзі

Рабочыя віцебскага домабудаўнічага камбіната вырашылі выкрыць свайго дырэктара, і распаўсюдзілі копію загада пра падрыхтоўку да выбараў. У загадзе наўпрост гаворыцца пра тое, што можна лічыць безумоўнымі парушэньнямі выбарчага заканадаўства: пра неабходнасьць пасылаць рабочых на датэрміновае галасаваньне ў працоўны час, пра прымусовае датэрміновае галасаваньне насельнікаў інтэрнатаў і, нарэшце, пра абавязковую агітацыю за “дзейнага прэзыдэнта А. Лукашэнку”. Копія загаду разьмешчана ў Інтэрнэце:

Факты

Сябры адной з выбарчых камісій прапаноўвалі жыхарам вуліцы Цітова адвезьці іх на датэрміновае галасаваньне, а потым прывезьці назад. Пра гэта распавёў жыхар дому №142, да якога ў кватэру завіталі дзьве жанчыны –агітатаркі з гімназіі №4. Яна сказалі, што завязуць на ўчастак ўсіх ахвотных, бо там надта малы працэнт яўкі. Па тэлефоне сябры камісіі пацвердзілі, што вазілі выбарцаў—але толькі старых і нямоглых, якія чамусьці выказалі жаданьне прагаласаваць менавіта 16-га сакавіка, і менавіта на выбарчым участку, а не 19-га ў сябе дома, калі да іх прыедуць сябры камісіі са скрыняй. Пра дзіўную мясцовую ініцыятыву складзеная скарга ў Цэнтарвыбаркам.

Абвесткі На Віцебскім чыгуначным вакзале паведамляюць, што на цягнікі да Менску на 19-га сакавіка білетаў няма. Гэта інфармацыя для роздуму тым, хто хоча зьехаць. А тыя, хто вырашыў застацца, могуць праверыць, ці не падманвае даведачная служба: прыйсьці на вакзал у 6.47, і паглядзець, ці ня пойдзе цягнік “Віцебск-Менск” пустым.

Спампаваць версію для друку (PDF)

Top

Катэгорыя: Навіны выбараў. Віцебск

Каментары Адключаныя