Навіны выбараў. Віцебск №011
Падзеі
Валерыю Шчукіну далі 7 сутак “за нецэнзурную лаянку” і джынсы. Судзьдзя Першамайскага райсуду В. Ільлюшонак вынесла пастанову пра пакараньне вядомага праваабаронцы і журналіста “Народнай Волі”, грунтуючыся на заявах дзьвюх чыноўніц. Спн. Шубіна, старшыня выбарчай камісіі№ 52, заявіла пра тое, што Валеры Шчукін, аформлены на ейным участку назіральнікам, лаяўся нецэнзурнымі словамі на сябраў камісіі. Праўда, не знайшлося ніводнага сьведкі, якія маглі б пацьвердзіць тое, што ён брыдкасловіў. Спн. Гулідава, прадстаўніца адміністрацыі Цэнтру эстэтычнага разьвіцьця “Маладзік”, у памяшканьні якога месьціца выбарчы ўчастак, напісала ў другой заяве, што спадар Шчукін неахайна выглядае, і абражае гэтым эстэтычныя пачуцьці наведнікаў. Асабліва ёй не спадабаліся джынсы, але вялікай ролі на судзе гэта ўжо не адыграла.
Цытаты
Павал Левінаў,праваабаронца, прысутны на судзе В.Шчукіна: “ У яго быў зьнешні выгляд дакладна такі самы, як сёньня ў судзе: джынсы, кашуля, сьпінжак, зьверху—куртка, на нагах – абутак. На мой погляд, нармальны зьнешні выгляд. А вось на Гулідавай, немаладой ужо кабеце, былі шчыльныя скураныя нагавіцы, і ў такім выглядзе яна не бянтэжыцца хадзіць на працу ў дзіцячую ўстанову”.
Людзі
Адразу 3 пратаколы склалі міліцыянты на агітатара Сяргея Парсюкевіча. У ягонай машыне знайшлі каляндарыкі з партрэтам Мілінкевіча і налепкі “Я за свабоду”. Заўтра С.Парсюкевіча будуць судзіць за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі ў момант затрыманьня і за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. А 29-га сакавіка ён мусіць паўстаць перад раённай адміністрацыйнай камісіяй і распавесьці, што ён рабіў, або зьбіраўся рабіць з налепкамі.
===Факты=== Кожны дзень у Віцебску, Полацку й Наваполацку зьяўляюцца усё новыя надпісы “Дастаў!” і “Хочам новага!” Іх можна ўбачыць на платах, слупах і сьценах дамоў. Актывісты “Зубру” распаўсюджваюць улёткі й налепкт з такім самым лёзунгам. Прыглядайцеся ўважліва! “Зуброўцы” заклікаюць натхняцца і далучацца да кампаніі.
Абвесткі
Незалежная назіральнікі зафіксавалі масавыя парушэньні ў часе выбарчай кампаніі. Пра факты, зафіксаваныя на Віцебшчыне, а таксама ў іншых абласьцёх, можна прачытаць на http://www.elections2006.ws/
Спампаваць версію для друку (PDF)
Jan. 28, 8140 // 11:42 | Каментары (0)