Навіны выбараў. Віцебск №010
Падзеі
Кіраўніка аршанскай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча асудзілі на 7 сутак арышту. Ён пакараны за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу – такім чынам міліцыянты кваліфікавалі сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам, якая праходзіла 24-га сакавіка ў Цэнтральным парку. Судовая пастанова Васілю Леўчанкаву была вынесеная ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасьці: 14.03 у 18.00 суддзя Аршанскага гарсуду Сяргей Бурко абвясьціў перапынак распачатага судовага працэсу да наступнай раніцы. Аднак ўраньні судзьдзя паведаміў назіральнікам АБСЭ і мясцовым актывістам, якія прыйшлі падтрымаць Васіля Леўчанкава, што пастанова ўжо вынесеная.
Цытаты
Алег Граблеўскі, юрыст-праваабаронца з Воршы, пра суд над Леўчанкавым: “Такога ў маёй юрыдычнай практыцы яшчэ не было! Такога не было нават у 1937-м годзе! Судзьдзя сказаў так: “Ну, вы разумееце, якая сытуацыя ў краіне! Мне патэлефанавалі, і я быў вымушаны пісаць пастанову”.
Людзі
Моладзевы лідар Віталь Броўка трапіў пад арышт паводле абвінавачаньня невядомых асобаў. Міліцыянты, якія яго затрымалі ў ноч на 15-га сакавіка на вул.Смаленскай, паказалі ў Кастрычніцкім райсудзе, што нейкія мужчына і жынчына, чыіх прозьвішчаў яны ня ведаюць і як выглядалі, ня памятаюць, паскардзіліся, на Броўку, нібыта ён лаяўся, брыдкасловіў і махаў рукамі. Самі міліцыянты таго ня чулі, але на падставе сьведчаньняў нявысьветленых асобаў Віталя Броўку пасадзілі на сем сутак. Ягоны сябра Дзяніс Дзянісаў пэўны, што за кватэрай – офісам маладых актывістаў міліцыянты сачылі напярэдадні чацьвёра сутак.
Факты
З усіх затрыманых віцебскіх апазыцыянэраў толькі Валерыю Шчукіну пакуль удалося застацца на волі. Вядомага праваабаронцу і журналіста “Народнай волі” прывезьлі ў Першмайскі раённы суд з выбарчага ўчастку №52, дзе ён быў назіральнікам. Пазнаёміўшыся ў судзе з міліцэйскім пратаколам, спадар Шчукін высьветліў, што яго вінавацяць у хуліганстве: нібыта ён брыдкасловіў у прысутнасьці выбарцаў і сябраў камісіі Свае віныён не прызнаў. Зрэшты, пакуль не знайшлося й сьведкаў, якія маглі б пацьвердзіць тое, што апазыцыянэр брыдкасловіў у часе назіраньня. Суд будзе працягнуты заўтра, а пакуль Шчукіна адпусьцілі дахаты.
Абвесткі
Не забывайцеся, што гэтыя матэрыялы падрыхтаваныя ня толькі для чытаньня, але і для распаўсюду! Раздрукуйце і раздавайце! Няхай праўду ведаюць як мага больш вашых землякоў!
Спампаваць версію для друку (PDF)

Катэгорыя: Навіны выбараў. Віцебск Словы:
выбары,
Віцебск,
навіны