Навіны выбараў. Віцебск №008
Падзеі
Рэктар Полацкага дзяржунівэрсытэту загадаў вынесьці вымову і пазбавіць прэміі за сакавік выкладчыка катэдры інфармацыйных тэхналёгіяў Аляксея Кавалёва, які распаўсюджваў агітацыйныя матэрыялы Мілінкевіча. Падчас распаўсюду А. Кавалёва затрымала ўнівэрсытэцкая ахова падчас распаўсюду, і фармальна выкладчык пакараны “за парушэньне працоўнай дысцыпліны”. Вымова таксама вынесена загадчыку катэдры Аркадзю Оськіну — за тое, што “не забясьпечыў захаваньня працоўнай дысцыпліны сярод падначаленых.”
Цытаты
“У Лукашэнкі вобраз дабрадзея, то бок чалавека, які ўсё ведае, усё ўмее, усё можа і ўсімі апякуецца. Мілінкевіч, безумоўна, іграе ролю апазыцыянэра, хоць ён часта пазьбягае гэтага слова. Што тычыцца Казуліна, то ў яго абсалютна пэрсанальная выбарчая кампанія. Ён іграе самага сябе. У яго атрымаўся такі вельмі забаўны кактэйль з прафэсара і марскога пехацінца, дзе марпех відавочна пераважае над прафэсарам. У гэтым сэнсе ён мне вельмі нагадвае Лукашэнку ў 1994 годзе". Сьвятлана Навумава, палітоляг
Людзі
Моладзевы лідар Павал Севярынец, які “за арганізацыю вулічных беспарадкаў” адбывае “хімію” на лесапавале ў Полацкім раёне, пасьля працы агітуе за Мілінкевіча. Ён мае пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата, і хаця адміністрацыя калёніі забараніла яму займацца агітацыяй, “палітхімік” пасьля працы разносіць па хатах улёткі й наладжвае зь вяскоўцамі гутаркі на палітычныя тэмы. Паводле сп. Севярынца, нават у лясной вёсцы Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне, назіраецца палітычнае напружаньне ў людзей і прыкметнае хваляваньне ўладаў.
Факты
Колькасьць самазабойстваў на Віцебшчыне на 40% вышэйшая, чымсьці па ўсёй Беларусі: 44,1 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. 72% самазабойцаў былі працаздольнага ўзросту, а мужчын ва ўзросьце да 24-х гадоў спаміж іх было ў 20 разоў болей чымсьці дзяўчат. Чым не сацыялягічная загадка для БРСМу? (паводле газэты “Віцебскі кур”ер”)
Абвесткі
LiveJournal дапаможа знайсьці жытло ў Менску на 19-га сакавіка. Праз інтэрнэт (community.livejournal.com/kvartira19) можна прапанаваць месца на начоўку прыезжым або папрасіць дапамогі ў жыхароў Менску, ахвотных здаць жытло на час прэзыдэнцкіх выбараў.
Спампаваць версію для друку (PDF)
Катэгорыя: Навіны выбараў. Віцебск Словы:
выбары,
Віцебск,
навіны,
elections,
news,
Vitebsk
![[rss]](images/rss.gif)
