Навіны выбараў. Віцебск №003
Падзеі
7 сакавіка рэктар Віцебскага дзяржаўнага універсітэту Аркадзь Русецкі праводзіў перадвыбарчую сустрэчу са студэнтамі. Галоўны сэнс прамовы рэктара заключаўся ў тым, што за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі жыцьцё на Беларусі нібыта палепшылася ў некалькі разоў, асабліва ў параўнаньні з іншымі былымі рэспублікамі колішняга СССР. Выснова, якую ён зрабіў напрыканцы, найбольш нагадвала загад, выкананьне якога абавязковае для кожнага студэнта: 19 сакавіка ўсе мусяць прагаласаваць толькі за дзейнага прэзыдэнта. Падобныя сустрэчы з выкладчыкамі і адміністрацыяй ВДУ будуць праводзіцца цягам усяго гэтага тыдня.
Цытаты
“Становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі кепскім і пагоршылася ў шэрагу галінаў. Улады працягваюць дапускаць шматлікія сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека. Грамадзяне пазбаўленыя права мяняць ўрад шляхам празрыстага дэмакратычнага працэсу. Улады ня здольныя даць справаздачу аб зьнікненьнях апазыцыйных палітыкаў і журналістаў”. Дзярждэпартамэнт ЗША( Штогадовая справаздача аб правох чалавека ў розных краінах сьвету).
Людзі
Пасьля сустрэчаў з Мілінкевічам ў Менску затрымалі больш за дзясятак чалавек. У тым ліку лідэр БНФ Вінцук Вячорка, давераная асоба кандыдата.Міліцыя таксама арыштавала гукаўзмацняльную апаратуру, прызначаную для правяжзеньня сустрэчаў з выбарцамі. Вінцук Вячорка і іншыя затрыманыя правядуць ноч у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Заўтра іх мусяць прывезьці ў суды для разгляду адміністрацыйных справаў. Апазыцыянэраў абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу, ім пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак.
Факты
Увечары 8 сакавіка перастаў працаваць сайт кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча www.milinkevich.org. Ня выключана, што гэта зьвязана з затрыманьнямі актывістаў ягонага штабу. У сувязі з апошнімі падзеямі кандыдат у прэзыдэнты запрасіў журналістаў на прэсавую канфэрэнцыю, якая адбудзецца 9-га сакавіка ў Менску.
Абвесткі
11 сакавіка ў Віцебску пройдзе сустрэча з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Казуліным. Ахвотных запрашаюць у актавую залю Акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў 12.30.
Спампаваць версію для друку (PDF)
Mar. 08, 2006 // 22:34 | Каментары (0)